20.03.2017 / 22:45

Беларускія навукоўцы распрацавалі тэст, які дапаможа найбольш эфектыўна кінуць курыць 4

Беларускія навукоўцы распрацавалі тэст, на падставе вынікаў якога спецыялісты ацэняць рызыку развіцця раку лёгкага, а таксама параяць курцам найбольш эфектыўны метад адмовы ад нікацінавай залежнасці.

Новы тэст можна прайсці ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Н.Н. Аляксандрава ўжо сёння, паведамілі агенцтву «Мінск-Навіны» ва ўстанове аховы здароўя.

«Прапанаваны намі генетычны тэст распрацаваны на аснове сінтэзу даследаванняў трох замежных груп, — тлумачыць загадчык аддзялення біячыпавых тэхналогій, урач лабараторнай дыягностыкі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. Н.Н. Аляксандрава Андрэй Бабенка. — Падобныя методыкі ўжо шырока запатрабаваныя на Захадзе ў тых, хто хоча расстацца са шкоднай звычкай. Мы ўзялі найлепшае з досведу замежных калег і стварылі прымальную для беларусаў дыягнастычную панэль».

Тэст даступны па цане і вельмі просты для пацыента: дастаткова ватнай палачкай некалькі разоў правесці па ўнутраным баку шчакі, каб здаць узор эпітэлія на аналіз. Далей ужываецца стандартная полімеразная ланцуговая рэакцыя ў рэжыме рэальнага часу.

Вынікі падобнага тэсту могуць дапамагчы дактарам-нарколагам і дактарам-псіхіятрам падабраць найбольш эфектыўны для пацыента спосаб пазбавіцца ад залежнасці. Шырока распаўсюджанае ў прыватных клініках кадаванне далёка не ва ўсіх выпадках можа аказацца дзейсным. Ёсць курцы, якім патрабуецца медыкаментозная падтрымка ў выглядзе таблетак, пластыраў, ін'екцый і інш. Іншыя маюць патрэбу перш за ўсё ў псіхалагічнай дапамозе. Генетычны тэст дазволіць таксама ацаніць дадатковую рызыку развіцця раку, якую нясе сяброўства з цыгарэтай і нават пасіўнае курэнне.

«Мы абследавалі 100 супрацоўнікаў нашага РНПЦ, — распавёў Андрэй Бабенка. — І некаторыя, у тым ліку і з нашай лабараторыі, пасля правядзення тэсту і выяўлення высокай анкалагічнай рызыкі развіталіся з шкоднай звычкай».

З часам навукоўцы плануюць генетычны тэст дапрацаваць і ўжываць для барацьбы з алкагольнай залежнасцю.

0
Анцiк / Адказаць
20.03.2017 / 22:52
дзе набыць?
9
jagor / Адказаць
21.03.2017 / 01:16
Людзі звычайна меняюць адны залежнасьці на іншыя. Як наконт гэтага? Ну не памрэ ад канцэру, памрэ ад сэрца ці яшчэ ад якой хваробы.
0
Кулак / Адказаць
21.03.2017 / 13:15
Распрацаваць распрацавалі, але ў масы не патрапіць. Абрынецца тытунёвая прамысловасць. У нас гэта сістэма.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру