У інтэрнэце цяпер эпоха Web 2.0, дзе юзэр is empowered to decide what to read and how to read it. Мова ў інтэрнэце — гэта таксама частка эпохі 2.0. То бок рашае ня пан рэдактар, а мы з вамі. Піша ў сваім блоґу e-ndrus.

Прачытаў цудоўны артыкул Пётра Рудкоўскага «Колькі беларускіх моў будзе ў 2010 годзе?». Аўтар даводзіць, што трэба адмовіцца ад тарашкевіцы на карысьць унармаванага правапісу, які дазволіць спыніць «трасянкамоўе».

Усё як заўсёды слушна і лягічна. Вось толькі яшчэ больш захацелася паслугоўвацца на пісьме альбо лацінкай альбо хоць і «плюралістычнай« тарашкевіцай, але ня той нормай, якую вырашылі прыняць.

У інтэрнэце цяпер эпоха Web 2.0, дзе юзэр is empowered to decide what to read and how to read it. У мове ёсьць афіцыйна прыняты правапіс, але ёсьць мы, носьбіты мовы, якія хоць і валодаюць правапісам афіцыйным, унармаваным, але абіраюць той варыянт мовы, які нам бліжэй (эстэтычна, практычна ці яшчэ як). Так, «Наша Ніва«, Свабода могуць перайсьці на ўнармаваны правапіс. Відавочна, яны так і зробяць. Але мова ў інтэрнэце — гэта таксама частка эпохі 2.0. То бок рашае ня пан рэдактар, а мы з вамі.

Памятаю, як некаторыя інтэрнаўты ўзьвінціліся на juras14, калі той пачаў мяшаць белмову з албанцкім (бабруйскім) слэнгам, ці на Пістончыка, калі той пачаў пісаць матныя тэксты. Бач, яны забруджвалі нашую мову. Дык вось. Мова яна на тое і жывая, каб яе забруджваць, відазьмяняць, экспэрымэнтаваць зь ёй. Мова — гэта ня нейкі раз і на заўсёды зафіксаваны комплекс правілаў. Мова — гэта такі мутант, які мутуе стагодзьдзямі. І ў гэтых мутацыях яна трансфармуецца, набывае новыя рысы, жыве.

Так, тарашкевіца не да канца зафіксаваная (унармаваная). Можа быць, яшчэ на гэта ня час. І хай нават Пётра Рудкоўскі ў сваім пасыле мае рацыю. Калі мова будзе ўнармаванай, гэта чымсьці спрасьціць камунікацыю, можа быць, нават паслужыць інтэгруючым фактарам. Але. Каб гэты інтэгруючы фактар не паралізаваў моватворчы працэс. Новатворы — гэта ня кепска, моўны плюралізм, экспэрымэнтатарства — гэта добра. Гэта мы з вамі. Хай два ці тры сайты пяройдуць на норму. Але тут, у ЖЖ, вырашаем мы. Хто как хаціт, так і гаварыт. Гэты прынцып, як бы зь яго ня кпілі, жывіць навізной і ангельскую, і нямецкую, і расейскую мовы.

Так, насамрэч, унармаваны правапіс — гэта ня так страшна. Мы ж ня кажам пра нейкія радыкальныя зьмены ў мове. Але эстэтычна мне асабліва прыкра чытаць пра русі… а ну, так, соры, грэцызацыю нашых «барбараў« і «бабілёнаў«. Эстэтычна адмаўляцца ад лацінскага прысмаку ў белмове мне асабіста ня хочацца. Я й ня буду. Прынамсі, там дзе я буду мець такую мажлівасьць, я буду пісаць так, як захачу. Бо як я ўжо пісаў вышэй, у эпоху Вэб 2.0 мы самі сабе рэдактары.

Хай жыве лацінка!

e-ndrus

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0