На пачатку лютага літоўскія журналісты паведамілі, што на схіле гары Гедыміна ў Вільні археолагі знайшлі дзве магілы з парэшткамі пяці чалавек.

Скарыстаўшыся старою легендаю пра месца пахавання павешаных і расстраляных на Лукішках паўстанцаў 1863-1864 гадоў, яны адразу задаліся пытаннем: ці гэта не Антон Мацкевіч і Зыгмунт Серакоўскі, якія адносяцца ў Літве да найслыннейшых герояў?

Беларускія журналісты пайшлі шляхам суседзяў, замяніўшы толькі імя: знойдзеныя парэшткі належаць Каліноўскаму? Што прагучала асабліва актуальна на фоне Дня яго народзінаў 2 лютага.

Канстанцін Каліноўскі. Фота 1862.

Канстанцін Каліноўскі. Фота 1862.

Літоўскія археолагі, мабыць, таксама не супраць, бо цікавасць канвертуецца ў выдаткі на даследаванні.

А далей варта толькі, між іншым, дадаць, што навукоўцы шукаюць жывых сваякоў Каліноўскага. І тут у многіх прыемна заказытала ў скронях: можа ў маіх жылах цячэ кроў паўстанца?

Аднак не ўсё так проста, як хацелася б.

Замкавая гара, на якой у 1860-я знаходзілася недаступная звычайным жыхарам расійская вайсковая цытадэль, хутчэй за ўсё была месцам пакарання паўстанцаў, але далёка не тых, хто ў свядомасці сучаснікаў мог асацыявацца з гераічнымі ўчынкамі.

У патройную магілу, дзе не знойдзена куляў, маглі быць кінутыя целы павешаных 9 верасня (28 жніўня па старым стылі) 1863 года паўстанцаў-кінжальшчыкаў Яна Бянькоўскага, Эдварда Чаплінскага і Яна Марчэўскага.

Яны здзяйснялі замахі на жыццё царскіх чыноўнікаў з ліку віленчукоў, як віленскі маршалак Дамейка, забойства якога было спланавана пры ўдзеле Каліноўскага.

Паўстанцы 1863-га.

Паўстанцы 1863-га.

У выпадку ж пакарання паўстанцаў, якія мелі шырокую вядомасць у грамадстве, расійскі ўрад быў добра дасведчаны.

Раней пасля выканання прысуду забітых хавалі побач з месцам пакарання. Але ўжо першыя экзекуцыі паказалі, што паўстанцкія магілы ператвараліся ў месцы пакланенняў. Так, 2 чэрвеня 1863 года ў Мінску, недалёка ад скрыжавання вуліц Серпухаўской (цяпер Валадарскага) і Захар’еўскай (праспект Незалежнасці) — там, дзе сёння знаходзіцца паштамт — быў расстраляны паўстанец Міхал Цюндзявіцкі.

Мемуарыст Эдвард Паўловіч, адзначаў: «Да яго магілы ішоў незлічоны натоўп усіх саслоўяў, веравызнанняў і нацыянальнасцей», людзі былі «збратаны, але і перапісаны шпіёнамі». Каб пазбегнуць далейшага ператварэння магілы Цюндзявіцкага ў мемарыял, расійскія ўлады вывезлі і перазахавалі яго цела ў невядомым месцы.

Такая практыка зрабілася звычайнай. Напрыклад, цела растралянага 26 сакавіка 1863 года ў Гродне Урбановіча было закапана на месцы пакарання, а ў 10 гадзін вечара ў той жа дзень па распараджэнні паліцмайстара перавезена ў суседні лес.

Нягледзячы на імкненне ўлад не дапусціць выкрыцця месцаў пахавання паўстанцаў, гэта не заўсёды заставалася таямніцаю. Так, па загаду бацькі Адама Пуслоўскага цела яго сына было выкрадзенае і перапахаванае ў скляпеннях Навагрудскай фары.

Здараліся выпадкі, калі да магіл паўстанцаў дабіраліся марадзёры. Так адбылося з растраляным Уладзіславам Корсакам, пахаваным з левага боку ад дарогі з Магілёва да вёскі Міжгор’е. У ноч на 17 верасня 1863 года яго магілу раскапалі невядомыя. Але спалоханыя блізка размешчаным пастом казакаў, пакінулі напалову выцягнутае цела паўстанца.

Канстанцін Каліноўскі быў пакараны ў Вільні 22 сакавіка 1864 года на Лукішскай плошчы, дзе прамовіў сваё сакральнае «У нас няма дваран — усе роўныя».

Бліжэйшым да яго па часе, каго каралі смерцю ў Вільні, быў Якуб Чэхан, які збег з расійскага войска ў паўстанцкі атрад, расстраляны 25 студзеня 1864 года.

Наўрад ці ў выяўленай на гары Гедыміна падвойнай магіле ляжаць целы Каліноўскага і Чэхана — занадта вялікі прамежак часу між пакараннямі, каб класці страчаных у адну магілу.

Магчымае месца пахавання найбольш знакавых персаналіяў паўстання, як Каліноўскі ці Серакоўскі, — на ўскрайку якіх гарадскіх могілак (іх было некалькі ў межах Вільні), або нават за межамі горада, у якім лясным масіве.

А што ж з нашчадкамі Каліноўскіх? Мяркую, яны жывуць сярод нас. Паміраючы ў 1871 годзе, бацька Канстанціна, Сымон Каліноўскі, пакінуў пасля сябе пяць дачок — Марыю, Юлію, Казіміру, Сабіну, Міраславу, і сына — Міхаіла, які аднаго са сваіх сыноў назваў Канстанцінам, у гонар павешанага на мураўёўскай шыбеніцы, брата…

Болей і пра нашчадкаў Каліноўскіх, і пра месца пахавання Канстанціна можна будзе даведацца ў новай біяграфіі Каліноўскага, збор сродкаў на выданне якой пачаўся на платформе «Талака».

Выдаць яе плануецца ў наступным годзе,на 180-годдзе ад нараджэння беларускага героя.

* * *

Васіль Герасімчык

Гісторык, даследчык паўстання 1863—64, складальнік біяграфіі Каліноўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0