Становяцца вядомыя дэталі справы, што стала раскручвацца 21 сакавіка пасля заяваў Аляксандра Лукашэнкі аб выкрыцці «лагера баевікоў» недзе ў лясах «паміж Бабруйскам і Асіповічамі». Пазней у той самы дзень былі затрыманыя адзін з лідараў былога «Белага легіёна» Міраслаў Лазоўскі, кніганоша Алесь Яўдаха, бабруйскі падарожнік-экстрэмал Андрэй Дундукоў, а таксама яшчэ два былыя «легіёнаўцы» — супрацоўнікі сілавых ведамстваў.

Што спецслужбы маглі выдаць за «лагер баевікоў»? Сапраўды, ужо больш за дзесяць гадоў у Бабруйску дзейнічае вайскова-спартовы клуб «Патрыёт». Ён афіцыйна зарэгістраваны, працуе пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Ленінскага раёна Бабруйска. Гэты клуб адметны тым, што апроч фізічнага развіцця падлеткаў педагогі гутарылі з дзецьмі выключна на беларускай мове, ладзілі заняткі па гісторыі краіны. Нічога надзвычайнага — здаровы патрыятызм.

Кожнае лета «Патрыёт» ладзіў перасоўны палатачны лагер «Брыганціна», у якім школьнікі вучыліся выжыванню ў экстрэмальных умовах — распальваць вогнішча, гатаваць ежу, быць дысцыплінаванымі. Варта адзначыць, што дзяцей набіралі з сацыяльна неўладкаваных сем’яў.

Лагер «Брыганціна» курсаваў па маршруце Бабруйск — Кісялевічы — Мірадзіна — Сычкава — Ізюмава — Елавікі — Бабруйск. Хлопцы даглядалі могілкі ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны, аказвалі дапамогу старым людзям.

Час ад часу ў лагеры ладзіліся культурныя мерапрыемствы. На сайце «Будзьмы» ёсць невялікая нататка, як да дзяцей прыязджалі пісьменніца Вольга Бабкова, а таксама бард Андрэй Мельнікаў. Ездзілі туды і іншыя дзеячы беларускай культуры.

Адзначым яшчэ раз, усё адбывалася абсалютна легальна, дазволена. Клуб быў патрыятычны, але зусім не экстрэмісцкі.

Кіраваў клубам былы спецназавец Мікалай Міхалькоў. Па нашых звестках, ён не арыштаваны. Але рашуча адмаўляецца размаўляць на гэтую тэму.

Прычым тут «Белы легіён»? З тых рэдкіх здымкаў, што фігуравалі ў інтэрнэце з лагера Міхалькова, можна ўбачыць, што некаторыя з удзельнікаў мелі шаўроны «Беларусь. Гонар. Годнасць». Такімі карысталіся актывісты, якія выйшлі з «Белага легіёна». Але нічога кепскага і незаконнага ў такіх словах няма.

Што такое «Белы легіён»? Гэта патрыятычная арганізацыя, якая існавала ў 1990-я і спыніла сваю актыўную дзейнасць яшчэ на пачатку 2000-х. У 2008 годзе, калі адбыўся выбух на стэле «Мінск — горад-герой», многія экс-актывісты «Белага легіёна» прайшлі праз 10-дзённыя затрыманні як «падазраваныя ў выбуху». У выніку справа супраць «Белага легіёна» развалілася. Цяпер нехта зноў спрабуе выцягнуць з шафы шкілет — арганізацыю, якая даўно не існуе.

Па нашых звестках, леташні лагер пад Бабруйскам актыўна здымалі супрацоўнікі спецслужб. Крыніцы «НН» выказваюць меркаванне, што ўжо тады рыхтавалася нейкая правакацыя.

Пакуль КДБ і іншыя сілавыя структуры маўчаць пра колькасць затрыманых, а таксама пра выстаўленыя абвінавачанні.

* * *

Спіс меркавана затрыманых удзельнікаў летніка «Патрыёт» — 8 чалавек

1. Грэк Ілля Генадзевіч, нар. 11.11.1992 — нам. начальніка па ідэалогіі ў Смаргонскім памежным атрадзе, Гродзенская вобласць.

2. Дукшт Вячаслаў Александровіч 19.04.1992 — Мар'іна Горка. Спецназавец.

3. Дундукоў Андрэй — ратавальнік рэспубліканскага атрада спецыяльнага назначэння, прапаршчык.

4. Міхалькоў Ян, вайсковец.

5. Лазоўскі Міраслаў.

6. Яўдаха Алесь, гандляр кнігамі.

7. Абрамаў Аляксей Анатольевіч, нар. 17.08.1979.

8. Комлік-Ямацін Андрэй.

9. Папрасілі не называць імя і прозвішча. Спадзяюцца, што ўзялі за «кампанію» і чалавек «выпадковы». Служыць у Памежных войсках.

10. Барсток Сяргей Пятровіч. 

11. Пашкевіч Цімур.

Будзе дапаўняцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?