Суд Цэнтральнага раёна Мінска сёння апраўдаў актывіста Яўгена Батуру. Яго хацелі прыцягнуць да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі па абароне Курапат 21 лютага.

Суддзя Вікторыя Шабуня спыніла разгляд справы за недаказанасцю віны, паведамляе Tut.by.

Яўген Батура

Яўген Батура

На мінулым тыдні суд Першамайскага раёна па тых жа абвінавачваннях ужо апраўдаў журналістку Дыяну Серадзюк, жонку Яўгена Батуры.

У пратаколе, які склалі супрацоўнікі міліцыі, было напісана, што малады чалавек 21 лютага прымаў актыўны ўдзел у мітынгу па абароне Курапат ад будаўніцтва бізнэс-цэнтра на вуліцы Мірашнічэнка: выкрыкваў лозунгі, размахваў бел-чырвона-белым сцягам, замінаў рабочым.

Даказаць невінаватасць Яўгена Батуры дапамог запіс анлайн-трансляцыі партала Tut.by з акцыі. На кадрах відаць, што Яўген Батура проста хадзіў каля будпляцоўкі і ні ў якім пікеце не ўдзельнічаў.

Гэта пацвердзілі і сведкі — рабочыя ТАА «Белреконструкция».

— Бачыў у той дзень Батуру, але ён проста знаходзіўся побач і на будпляцоўку не заходзіў. Са сцягам я яго не бачыў, плот ён не ламаў, не выкрыкваў лозунгі, — патлумачыў на мінулым паседжанні суда электразваршчык Уладзімір Каньшын.

27 лютага яго запрасілі ў апорны пункт і папрасілі заднім чыслом падпісаць ужо запоўнены пратакол аб правапарушэннях канкрэтных людзей. Як аказалася, тэксту ён не бачыў, а змест дакумента яму зачыталі толькі часткова.

Яго калега, плітачнік-абліцоўшчык Дзмітрый Хабалкін, у судзе сказаў, што наогул ніколі раней не бачыў Яўгена Батуру і не змог апазнаць яго сярод прысутных на працэсе.

— 27 лютага на аб'ект прыйшоў міліцыянт у цывільным і папрасіў падпісаць ужо запоўнены пратакол. Туды толькі ўпісалі нашы прозвішчы. Тое, што Батура ўдзельнічаў у пікеце, — гэта няпраўда, — сказаў Дзмітрый Хабалкін. — Даверыўся супрацоўнікам міліцыі, а цяпер такое атрымліваецца.

Нагадаем, па трое сутак арышту за ўдзел у пікеце па абароне Курапат ўжо атрымлівалі лідар «маладафронтаўцаў» Зміцер Дашкевіч і актывіст Сяргей Пальчэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0