Урад Германіі ўхваліў законапраект, у адпаведнасці з якім будуць адмененыя прысуды за гомасэксуалізм 50 тысячам мужчын, паведамляе ВВС.

Усе гэтыя людзі былі асуджаныя па законе, прынятым яшчэ ў XIX-м стагоддзі. «Параграф 175», які ўступіў у сілу 15 мая 1871 года, перажыў змену некалькіх палітычных рэжымаў: закон быў зроблены значна больш жорсткім нацыстамі і пасля ў нязменным выглядзе успадкаваны крымінальнымі кодэксамі абедзвюх пасляваенных Германій.

Усяго ў Трэцім рэйху па абвінавачванні ў «ненатуральнай распусце» паміж мужчынамі было асуджана каля 50 тысяч чалавек. Пры гэтым сам тэкст закона не паказваў ні мінімальных, ні максімальных тэрмінаў пакарання, пакідаючы права вызначыць гэта суддзі.

Праект новага закона прадугледжвае выплату кампенсацый асуджаным як за сам факт прысуду, так і за час, праведзены імі ў зняволенні: 3 тысячы еўра за прысуд і 1500 еўра за кожны год, праведзены ў турме.

Новы законапраект павінен прайсці працэдуру зацвярджэння ў парламенце.

Паводле некаторых ацэнак, у краіне цяпер жывуць 5 тысяч мужчын, асуджаных па гэтым законе (адменены ён быў у ФРГ і ГДР у 60-х гадах XX стагоддзя).

31 студзеня гэтага года ў Вялікабрытаніі ўступіў у сілу так званы «закон Цьюрынга» — аб пасмяротным памілаванні мужчын, якія былі асуджаныя за гомасэксуальныя адносіны.

Закон названы ў гонар навукоўца Алана Цьюрынга, які ў 1952 годзе быў асуджаны за сувязь з мужчынамі і неўзабаве пакончыў з сабой. Ён быў пасмяротна памілаваны каралевай Лізаветай II у 2013 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?