Працягваюцца затрыманні грамадскіх актывістаў напярэдадні 25 Сакавіка. У сераду пасля абеду быў затрыманы маладафронтавец Зміцер Дашкевіч.

«Ён працаваў цэлы дзень, ставіў кухню ў пісьменніка Уладзіміра Арлова, — расказвае жонка Змітра Наста Дашкевіч. — Замовілі ежу. Але прыехала не піца, а супрацоўнікі сілавых структур. Затрымалі Змітра Дашкевіча і Арцёма Леўчанку. Трэцяга хлопца пакінулі на кватэры. Здаецца, нешта пабілі».

Сам Арлоў сёння ў Гродне, прэзентуе кнігу. Дома ў Мінску была яго жонка, Валянціна Аксак. Але ж затрымалі хлопцаў толькі пасля таго, як Аксак выйшла з хаты.

«Я выйшла ў краму, вярнулася, калі хлопцы — Дашкевіч і Леўчанка — ужо стаялі ў пад’ездзе тварам да сцяны, - распавяла спадарыня Валянціна. — Іх трымалі людзі ў цывільным. Двое ў цывільным адразу пайшлі за мной, зайшлі ў хату — я не паспела закрыць дзверы. Яны забралі вопратку і тэлефоны хлопцаў і сыйшлі».

Па словах Валянціны Аксак, затрымлівалі Дашкевіча з Леўчанкай каля 5 чалавек. Усе былі ў цывільнай вопратцы, у форме яна нікога не бачыла.

Таксама затрыманы абаронца Курапатаў Сяргей Пальчэўскі, яго выцягвалі з машыны Дашкевіча. У машыне пабілі шкло з боку кіроўцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?