Наста Дашкевіч кажа, што даведалася пра затрыманне мужа ад жонкі Уладзіміра Арлова, Валянціны Аксак. Была інфармацыя, што Дашкевіч цяпер у Ленінскім РАУСе, але яна аказалася непраўдзівай. 

Ніна Шыдлоўская, блізкі сябар затрыманага Міраслава Лазоўскага, распавяла наступнае:

«У суботу ў інтэрнэце з'явілася фэйкавая ўлётка ад «Белага легіёну» — гэта насцярожыла, бо відавочна, што такога не магло быць. Але пры затрыманні кагосьці сілавікі абмовіліся, што ўлётка стала падставай для затрыманняў».

Таксама яна паведаміла, што не можа звязацца з яшчэ двума знаёмымі — Віктарам Данілавым і яго сябрам Уладзімірам. Калі хтосьці ведае, дзе яны, спн. Шыдлоўская просіць адгукнуцца. 

Распавядае Ганна Дундукова, жонка затрыманага Андрэя Дундукова:

«Мы з мужам, дзіцем і сябрам Максімам С. ехалі адпачываць у Чарнігаў і Кіеў — гэта быў падарунак мужа на 8 Сакавіка. На беларуска-ўкраінскай мяжы нас затрымалі, пратрымалі чатыры гадзіны, нічога не тлумачачы. Потым канфіскавалі машыну сябра, рэчы, карткі, на якіх былі грошы. Вярнулі толькі тое, што было ў маім заплечніку, і дзіцячыя рэчы. 

Нас пасадзілі ў службовую машыну і разам з супрацоўнікамі КДБ і гомельскага АМАПа павезлі ў Мінск. Там нам з дзіцёнкам выклікалі таксі, а Андрэя і Максіма павезлі, як сказалі, у КДБ. Паабяцалі цягам 24 гадзін паведаміць, што з ім. Тэрмін мінае праз паўтары гадзіны — пакуль ніхто не тэлефанаваў». 

Наста Дашкевіч падсумавала сустрэчу: «Зміцер з сябрамі хацелі прадухіліць правакацыі на шэсці 25-га, яны заклікалі людзей далучацца да дружыны, якая будзе абараняць людзей і спыняць магчымыя правакацыі. Таму, калі іх затрымалі за падрыхтоўку правакацый, то гэта абсурд. Баевікоў не знайшлося ў краіне, дык вырашылі затрымаць чальцоў арганізацыі, якой 15 гадоў як няма». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?