Упраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Крымінальнай паліцыі Латвіі расследуе крымінальныя справы ў дачыненні да некалькіх грамадзянаў Беларусі, сярод якіх — Уладзімір і Казбек Япрынцавы, а таксама іншыя асобы, якія праходзілі па нядаўнім працэсе ў Мінску. Гэтую інфармацыю TUT.BY пацвердзілі ў Крымінальнай паліцыі.

Казбек Япрынцаў і Аляксандр Арабян. Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Казбек Япрынцаў і Аляксандр Арабян. Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Крымінальны працэс кваліфікаваны па артыкуле 195 частцы 3-й Крымінальнага закона Латвіі — легалізацыя сродкаў, набытых злачынным шляхам у буйным памеры або ў складзе арганізаванай групы. Пакаранне па артыкуле — пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Гаворка ідзе аб фінансавых аперацыях, праведзеных у перыяд з 1 чэрвеня 2013 года па 30 жніўня 2014 года кампаніямі Edena Investment, Strawfield Logistics, Unicorp Systems, Datacross, Atlantico trade. Па версіі следства, рахункі гэтых кампаній маглі быць выкарыстаны для атрымання і перамяшчэння грашовых сродкаў, атрыманых ашуканскім шляхам у кампаніі Kersey Industries, і ў легалізацыі сродкаў у аб'ёме не менш чым 2,841 млн даляраў. Сярод асобаў, якія, магчыма, маюць дачыненне да кампаній, названы Аляксандр Арабян, Ісаак Пападопулас, Уладзімір Батвінка і Аляксандр Кулікоў. Наяўнасць сярод фігурантаў справы іншых грамадзян Беларусі прадстаўнікі Крымінальнай паліцыі пацвердзіць адмовіліся.

Па дадзеных TUT.BY, нягледзячы на тое, што справа распачата яшчэ ў лістападзе 2016 года, у Беларусь яна не перадавалася, у дачыненні да яе фігурантаў, да прыкладу, Уладзіміра Япрынцава, следчых дзеянняў не праводзілася.

Андрэй Рабцэвіч — крайні справа. Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Андрэй Рабцэвіч — крайні справа. Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Кампанія КЕРСО фігуравала ў працэсе ў Цэнтральным судзе Менску ў мінулым годзе як шатландская «дачка» кампаніі Skay ІТ, камерцыйным дырэктарам якой падпісваўся прызнаны ў працэсе пацярпелым Андрэй Рабцэвіч. Рабцэвіча, які пражывае ў Польшчы, у матэрыялах справы называлі «беларускім бізнэсменам», хоць бізнэсам ён у асноўным займаўся за межамі краіны, а ў свой беларускі перыяд біяграфіі быў, хутчэй, сілавіком, бо скончыў Акадэмію МУС і мае досвед працы ў праваахоўных органах.

З абвінавачання: Казбек Япрынцаў з чэрвеня 2013 года па сакавік 2014 года, дзейнічаючы са злачынным намерам і ў групе з Аляксандрам Арабянам і Ісаакам Пападопуласам (грамадзянінам Грэцыі, схаваўся ад следства, справа выдзелена ў асобную вытворчасць), здзейснілі ў дачыненні да Юрыя Савяка і Андрэя Рабцэвіча ашуканскія дзеянні, завалодаўшы сродкамі гэтых грамадзян і іх кампаній у суме на 24,5 млн даляраў і 3 млн даляраў адпаведна.

23 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў Уладзіміра Япрынцава вінаватым па ч. 1 арт. 405 (Загадзя не абяцанае ўкрывальніцтва) і прысудзіў яго да штрафу ў памеры 1000 базавых велічынь, а ўлічваючы ўтрыманне пад вартай на працягу года, змякчыў пакаранне да 500 базавых велічынь (10 500 рублёў — каля 5,4 тысячы даляраў). Япрынцаў быў вызвалены ў зале суда. Па агучанай у судзе інфармацыі, да кампаній Edena, Strawfield, Unicorp, Datacross, Atlantico ён дачынення не меў і сярод заснавальнікаў пазначаны не быў. Пры гэтым ён прызнаў, што ў яго была картка латышскага Траст Камерцбанка (агучаны ў судзе абарот па ёй — нязначныя сумы, каля 2 тысяч еўра), якой ён карыстаўся для аплаты патрэб спартсменаў, з якімі выязджаў за межы краіны на зборы і спаборніцтвы.

Казбек Япрынцаў і Аляксандр Арабян прызнаныя судом вінаватымі па ч. 4 арт. 209 (Махлярства) і прыгавораны да пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Цікава, што пацярпелыя спрабавалі ў крымінальным працэсе дамагчыся задавальнення пазоваў да Уладзіміра Япрынцава. У прыватнасці, пазоў ад Рабцэвіча быў на 7,915 млн даляраў. У пазовах суд адмовіў. Дамагацца выплат у Япрынцава-малодшага і Арабяна пацярпелыя зараз спрабуюць у рамках грамадзянскага судаводства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?