Нагадаем, учора ў кватэры Уладзіміра Арлова і Валянціны Аксак затрымалі актывістаў Змітра Дашкевіча і Арцёма Леўчанку, якія ставілі там кухню. Гаспадара дома не было: ён у Гродне разам з мастаком Паўлам Татарнікавым ладзілі прэзентацыю кніжкі «Айчына» і аўтограф-сесію. Спадарыня Валянціна таксама не застала сам момант затрымання, бо выйшла ў краму. Калі яна вярнулася, хлопцаў у пад’ездзе ўжо трымалі людзі ў цывільным. Хутка затрымалі таксама абаронцу Курапатаў Сяргея Пальчэўскага: яго выцягнулі з машыны Дашкевіча.

Уладзімір Арлоў распавёў «НН», што, як толькі даведаўся пра няпрошаных гасцей, расхваляваўся, таму, падпісваючы кнігі, нават рабіў нейкія памылкі ў літарах.

Далей падзеі развіваліся імгненна. Пакуль Наста Дашкевіч высвятляла лёс мужа, у іх кватэры таксама адбыўся ператрус, пасля чаго зніклі грошы і кот Леапольд.

Уладзімір пракаментаваў тое, што здарылася: «Фотаздымкі нашай кватэры, што трапілі ў інтэрнэт пасля візіту людзей у цывільным былі зроблены ўжо пасля таго, як там крыху прыбраліся. Да гэтага на кухні ўсё было перавернута. Дзверы адразу ўвечары адны добрыя хлопцы нам зашклілі і павесілі на месца. На памяць пра гасцей у цывільным засталіся пластыкавыя хамуты, якімі яны хлопцам вязалі рукі, — расказаў Арлоў. — Зычу усім арыштаваным хутчэй выйсці на волю. Асобна перажываю за лёс ката Дашкевічаў Леапольда: калісьці ў дзяцінстве бабуліна котка ўратавала маё жыццё, таму я адчуваю да гэтых жывёл сімпатыю. Спадзяюся, што Леапольда не затрымалі, а ён проста збег».

Выбітыя дзверы ў кватэры Арлова.

Таксама спадар Уладзімір загадзя павіншаваў усіх з надыходзячым святам: «Віншую чытачоў «Нашай Нівы» з Днём Волі. Ён абавязкова прыйдзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?