Па справе аб масавых беспарадках затрымана 26 чалавек. У асноўным гэта актывісты арганізацыі «Белы легіён». Праведзена 29 ператрусаў. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі. Прапануем вашай увазе даслоўны пераказ паведамлення.

Reuters.com

Reuters.com

КДБ пачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК РБ). Затрыманыя актывісты «Белага легіёну» на чале з Міраславам Лазоўскім, а таксама «Маладога фронту» на чале са Змітром Дашкевічам — усяго 26 чалавек. Праведзена 29 ператрусаў па месцах іх жыхарства, знаходжання і захоўвання прадметаў і дакументаў. Канфіскаваныя аўтамат Калашнікава, 3 карабіны, 2 пісталеты, патроны, гранаты, дубінкі, кідальныя нажы і сякеры, прадметы і рэчывы для вырабу самаробных выбуховых прылад, ваенная форма, бронекамізэлькі, каскі, медыцынскія аптэчкі натаўскага ўзору, розная атрыбутыка батальёна «Азоў», «тактычнай групы Беларусь», УНА-УНСО, а таксама дапамогі па вядзенні баявых дзеянняў у горадзе.

Аператыўна-следчыя дзеянні па крымінальнай справе працягваюцца, у тым ліку з мэтай ўстанаўлення і затрымання ўсіх датычных да супрацьпраўнай дзейнасці.

«Пры гэтым у выпадку з «Белым легіёнам» мы маем справу з прафесійна падрыхтаванымі баевікамі узростам ад 25 да 43 гадоў», — сцвярджае КДБ. Сярод затрыманых актывістаў «Белага легіёну» — прафесійныя баевікі, сцвярджаецца.

Спецслужбы страшаць, што канфіскаваную ў актывістаў «Белага легіёну» зброю планавалася выкарыстоўваць падчас вулічных акцый 25 сакавіка. Лідары «Белага легіёну» ў гэтых жа мэтах мелі намер прыцягнуць актывістаў «Маладога фронту» на чале з Дашкевічам. Планавалася таксама прыбыццё баевікоў з Украіны. Гаворка ідзе пра паслядоўнікаў УНА-УНСО, з якімі «Белы легіён» цесна супрацоўнічае яшчэ з 90-х, а таксама аб іншых асобах, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны ў складзе нацыяналістычных фармаваньняў. Аб падтрыманні сябрамі «Белага легіёну» кантактаў з названай катэгорыяй і прыхільнасці аналагічным поглядах сведчыць канфіскаваная падчас ператрусаў адпаведная атрыбутыка.

Акрамя таго, атрыманы дадзеныя аб магчымым удзеле ў акцыях па-экстрэмісцку настроеных груп моладзі з ліку замежных грамадзян у мэтах падтрымкі арганізатараў пратэстнага мерапрыемства ў Беларусі.

Масавыя затрыманні па ўсёй краіне, нагадаем, пачаліся ўвечары 21 сакавіка. За некалькі гадзін да гэтага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі затрымалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй.

Затрыманні ж увогуле пачаліся 3 сакавіка — калі ў розных гарадах краіны распачаліся масавыя выступы супраць эканамічнай палітыкі ўладаў.

Праваабаронцы лічаць усю гэтую кампанію надуманай, скіраванай на застрашванне грамадства. Яны называюць абвінавачванні фальшывымі, а заявы аб датычнасці замежных грамадзян — фэйкам. А эксперты назвалі паказаную «сканфіскаваную» зброю або паляўнічай, або страйкбольнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0