Лідара «Моладзі БНФ» Юрыя Лукашэвіча адлічылі з гістарычнага факультэта БДУ. Пра гэта яму напярэдадні паведамілі ў дэканаце — за тыдзень першакурсніку зрабілі адразу дзве пісьмовыя вымовы. Афіцыйных дакументаў ад універсітэта актывіст яшчэ не атрымліваў, але ўжо абскардзіў рашэнне ў рэктараце, паведамляе Tut.by.

Юрий Лукашевич. Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Юрий Лукашевич. Фото: Дмитрий Брушко, TUT.BY

Па словах Лукашэвіча, кіраўніцтва факультэта звярнула на яго ўвагу ў пачатку лютага. Якраз у гэты момант ён пачаў актыўна выступаць у СМІ, распавядаць пра дзейнасць «Моладзі БНФ» і каментаваць супрацьстаянне абаронцаў Курапат з будаўнікамі бізнэс-цэнтра на вуліцы Мірашнічэнкі.

Цікава, што да таго, як перайсці на бок апазіцыі, Юрый Лукашэвіч быў актывістам БРСМ.

— У прыватных размовах намесніца дэкана заўсёды казала мне пра тое, што я атрымліваю гранты на сваю дзейнасць. І яшчэ пыталася, хто я такі, каб раздаваць інтэрв'ю і расказваць пра Курапаты, — кажа Юрый Лукашэвіч.

Па словах актывіста, першая спроба яго адлічыць у кіраўніцтва факультэта была на зімовай сесіі. Ён атрымаў «нездавальняюча» на іспыце па латыні і ў выніку пераздаваў яго камісіі.

Юрый Лукашэвіч працягнуў вучобу. Але 10 сакавіка напісаў заяву ў дэканат на акадэмічны адпачынак па асабістых абставінах: у студэнта цяпер няма магчымасці аплачваць вучобу і здымаць жыллё ў Мінску.

Але, як аказалася, кіраўніцтву факультэта заяву ніхто не перадаў. Значыць, просьбу і не разглядалі.

— Калі б мне адмовілі ў акадэмічным адпачынку, то я сам забраў бы дакументы, бо я зараз не магу аплачваць вучобу, — удакладняе хлопец.

Затое пасля гэтага ў дэканаце Лукашэвічу паведамілі пра дзве вымовы: першую ад 14 сакавіка, другую — ад 20-га.

— Першую вымову мне далі «за дзеянні, за якія прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць». На факультэт прыйшла папера з міліцыі, што на мяне складзены пратакол за ўдзел у абароне Курапат. Але вінаватым мяне ніхто не прызнаваў. І без суда факультэт вырашыў мяне пакараць, мне далі гэтую вымову, — тлумачыць Юрый Лукашэвіч.

На хлопца склалі пратакол за 23 лютага. Увечары ён сапраўднай быў у Курапатах, і ў той дзень на лагер абаронцаў мемарыялу напалі. І Лукашэвіч з сябрамі сам пайшоў у РУУС, каб напісаць заяву на дзеянні невядомых.

— І з маіх жа слоў міліцыя потым склала на мяне пратакол, — кажа Юрый Лукашэвіч.

Другі вымову лідар «Моладзі БНФ» атрымаў 20 сакавіка. На гэты раз — за прагулы.

— Я не хачу сказаць, што я ахвяра. Прагулы сапраўды былі, гэтага я не адмаўляю. Але не 130 гадзін, як мне налічылі, а толькі 36. І за другую вымову я гатовы панесці адказнаць, — кажа ўжо былы студэнт БДУ.

Ва ўніверсітэце кажуць, што адлічэнне Юрыя Лукашэвіча ніяк не звязанае з яго палітычнымі поглядамі. Прычына — у акадэмічнай непаспяховасці і прагулах.

Тым часам з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова адлічылі студэнтку апошняга курса Алену Кісель. Да канца вучобы дзяўчыне заставалася каля трох месяцаў.

Сама Алена Кісель звязвае сваё адлічэнне з удзелам у «Маршы недармаедаў».

Алена Кісель. Фота з сайта spring96.org

Алена Кісель. Фота з сайта spring96.org

— Я думаю, што ад мяне пазбавіліся па палітычных прычынах. Я ўдзельнічала ў акцыі пратэсту 15 сакавіка, за што мяне затрымалі і склалі пратакол за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах. 16 сакавіка мне прысудзілі штраф 15 базавых велічынь. На наступны дзень пасля суду мяне выклікалі ў дэканат. Дэкан і куратар пачалі пытацца ў мяне, для чаго я хадзіла на гэтую акцыю, што я там рабіла, — патлумачыла Алена Кісель.

Афіцыйная прычына адлічэння у дзяўчыны такая ж, як і ў Юрыя Лукашэвіча, — пропускі заняткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0