Грамадства103103

Улады паказалі свабоду сходу: у Мінску затрымана пад тысячу пратэстоўцаў УСЕ НАВІНЫ АНЛАЙН

Фота Сяргея Гудзіліна.

Сотні, а можа быць і тысячы людзей затрыманыя ў Мінску. Затрыманні былі пастаўленыя на канвеер. Хапун адбываўся з усіх бакоў на подступах да Акадэміі навук, у раёне плошчы Якуба Коласа, вуліцы Казлова, на праспекце Машэрава, у раёнах вуліц Сурганава, Кузьмы Чорнага, плошчы Калініна.

Людзям не давалі сабрацца, цягнулі кожнага, хто меў плакат ці сцяг.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Тым не менш, некалькі тысяч чалавек сканцэнтраваліся ў раёне плошчы Якуба Коласа. Яны рушылі ў бок цэнтра.

Фота Ганны Клімовіч.

Людзей атачылі і хапалі там.

Пратэстоўцы не аказвалі супраціўлення. Яны пратэставалі проста самім фактам выхаду на вуліцу.

Пакуль цяжка ацаніць агульную колькасць затрыманых. Але гаворка ідзе пра сотні людзей. 

Карэспандэнты «Нашай Нівы» сталі сведкамі затрыманняў не менш за 150 чалавек у раёне завода «Белвар», 50 чалавек — каля «Электрасілы», яшчэ 50 — каля крамы «Крышталь» на праспекце Машэрава.

Фота Сяргея Гудзіліна.

На разгон мірнай дэманстрацыі, дакладней, на тое, каб яна не адбылася былі скіраваныя тысячы супрацоўнікаў праваахоўных органаў, сотні адзінак тэхнікі.

Фота Сяргея Гудзіліна.
Фота Ірыны Арахоўскай.

Затрыманыя за відэаздымку затрыманняў у адным з двароў на вуліцы Кузьмы Чорнага карэспандэнты «Нашай Нівы» паведамляюць, што ў адным Заводскім РУУС яны бачылі прыкладна сотню затрыманых. Ім удалося зняць некалькі кадраў: жыхары Мінска выстраеныя ў шэрагі каля мура.

РУУСаў у Мінску 8, частку затрыманых таксама адразу завозіць у ізалятары на Акрэсціна і ў Жодзіна.

Фота Ірыны Арахоўскай.

Што сёння ўражвала, дык гэта ўпартасць маніфестантаў. нават калі стала ясна, што гэта жорсткі хапун, тысячы людзей заставаліся на вуліцах.

Фота Ірыны Арахоўскай.

У той жа дзень сотні людзей выйшлі на Дзень Волі ў Брэсце, Гродне, Гомелі. 

Дзень Волі ў Брэсце. Фота Уладзя Швядовіча.
Дзень Волі ў Гомелі. Фота Алены Германовіч.

Гэта стрым радыё Свабода:

17:13

17:03

Ачэплены Мінск

Глядзіце фотарэпартаж Сяргея Гудзіліна.

16:34

16:29

«У людзей здымаюць шнуркі, забіраюць рэчы, абшукваюць наўпроста на вуліцы. Чалавек 200 тут. Есць непаўналетнія. Некатопых б'ць. Размаўляць і паварочвацца нельга», — паведамляюць карэспандэнты «НН» ад сценаў Заводскага РАУСа.

«Шчукін агрызнуўся, атрымаў правай нагой па жываце, упаў. Павалялі трохі на зямлі і ўвялі», — дадаюць яны.

16:16

Нашыя карэспандэнты Ірына Арахоўская і Арцём Гарбацэвіч вызваленыя з Заводскага РУУСа Мінска.

Разам з тым яны паведамляюць, што ў РУУСе застаюцца затрыманымі каля 200 дэманстрантаў.

Фота Ірыны Арахоўскай.

16:14

Пазітыўнае фота ад Сяргея Сацюка з БелаПАНа.

15:43

Дзяўчына на каленях перад шэрагам амапаўцаў.

15:33

У раёне плошчы Перамогі засталося 100-200 чалавек.

15:28

Аўтобус №100 не спыняецца пасля Плошчы Перамогі аж да «Маскоўскай» — гэта некалькі кіламетраў.

15:25

15:22

Відэа затрымання журналістаў «Камсамольскай праўды» ў жывым эфіры.

15:18

Карэспандэнты «Нашай Нівы» сталі сведкамі затрымання людзей каля крамы «Крышталь» на праспекце Машэрава. Праехаў аўтобус з затрыманымі — у ім было каля 40 чалавек. Драматычны момант: жанчына-бландзінка гадоў 30-ці на сваім аўтамабілі перагарадзіла дарогу аўтобусу з затрыманымі, каб яго спыніць.

15:10

Усіх назіральнікаў, валанцёраў і журналістаў, затрыманых у офісе «вясноўцаў», адпускаюць, паведамляе ў фэйсбуку Юлія Сцяпанава.

15:04

Жорсткія затрыманні ідуць у раёне «Еўраопта» на плошчы Якуба Коласа — 15 затрыманых. Каля крамы «Электрасіла» — каля 20 затрыманых. Каля крамы «Іў Рашэ» — каля 10 затрыманых.

14:59

Праспектам Незалежнасці з раёна Акадэміі навук у бок Кастрычніцкай перакідаюць вадамёты і аўтазакі. Людзі на плошчы Якуба Коласа скандуюць «Ганьба» і «Ухадзі». Дэманстранты рушылі шэсцем у бок цэнтра. У калоне — да 3000 чалавек.

14:44

На вачах карэспандэнтаў «НН» у раёне плошчы Якуба Коласа былі затрыманыя сотні людзей.

14:43

Фота: Валянцін Міхальцоў.

14:39

Фота Таццяны Уласенкі, facebook.com.

14:34

Нягледзячы на масавыя затрыманні, на праспекце Незалежнасці знаходзяцца некалькі тысяч чалавек.

14:33

14:27

Каля ЦУМа вышыхтаваліся шэрагі «касманаўтаў» за шчытамі. Пад'ехалі аўтазакі, равуць мігалкі. Людзі скандзіруюць «Ганьба».

14:26

Акцыя ў Брэсце, тым часам, скончылася, прайшла мірна і без эксцэсаў. Пагаварылі і разыйшліся нават на гадзіну раней, чым планавалі

14:24

Натоўп з беларускімі сцягамі рушыць па праспекце Незалежнасці ад вуліцы Броўкі да ЦУМа.

14:17

Сотні людзей з беларускімі сцягамі сканцэнтраваліся каля скрыжвання праспекта Незалежнасці і вуліцы Броўкі.

14:01

10—15 асобаў у цывільным накінуліся на жанчыну, якая спрабавала разгарнуць плакацік каля Акадэміі навук.

Фота Сяргея Гудзіліна.

14:00

У Мінску адбываюцца масавыя затрыманні патэнцыйных дэманстрантаў.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» сталі сведкамі, як не менш за 15 чалавек былі затрыманыя ў двары ў раёне вуліцы Кузьмы Чорнага.

Яны сталі таксама сведкамі перавозкі дзясятка затрыманых людзей у мікрааўтобусе.

Калі карэспандэнты «Нашай Нівы» знялі момант масавага затрымання, іх таксама затрымалі. На гэты момант яны знаходзяцца ў аўтобусе міліцыі.

На іншым кардоне, на вуліцы Сурганава, згрудзілася каля 300 чалавек. Гэта людзі розных узростаў, мужжчын і жанчыны.

13:56

Карэспандэнтка «НН» Ірына Арахоўская вядзе анлайн-трансляцыю з аўтобуса з затрыманымі.

13:47

Вуліцы і праспект каля Акадэміі навук татальна перакрытыя, дэманстранты гуртуюцца каля кардонаў, ідуць масавыя затрыманні

Вуліцы Сурганава, Акадэмічная і праспект Незалежнасці каля Акадэміі навук татальна перакрытыя кардонамі міліцыі. Да Акадэміі навук прапусцілі толькі журналістаў. Праезд аўтатранспарту па праспекце таксама спынены. Закрытыя станцыі метро Акадэмія Навук, Парк Чалюскінцаў, Плошча Якуба Коласа.

Дэманстранты гуртуюцца каля кардонаў, шукаюць шляхоў, каб трапіць на праспект.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» сталі сведкамі, як у дварах у раёне вуліцы Кузьмы Чорнага было затрымана каля 15 чалавек.

13:42

Міліцыянты адпраўляюць усіх ахвотных «у абыход».

13:32

Перакрытыя для высадкі пасажыраў станцыі метро Якуба Коласа, Акадэмія навук і Парк Чалюскінцаў.

13:31

13:28

Метро не спыняецца на станцыях метро Якуба Коласа, Акадэмія навук і Парк Чалюскінцаў

13:28

На мітынгу ў Гомелі сабралася каля 500 чалавек.

13:24

Паведамляецца, што АМАП уварваўся на офіс «Вясны» і паклаў усіх тварам на падлогу. Грузяць усіх у аўтобус.

Сярод затрыманых грамадзяне Францыі і Расіі. Магчыма, затрымана каля 30-40 чалавек.

13:20

Праспект Незалежнасці перакрыты.

Фота Ірыны Арахоўскай.

13:20

АМАП уварваўся ў офіс праваабаронцаў-«вясноўцаў». Усіх паклалі на падлогу. Усіх прысутных — каля 30 чалавек — затрымліваюць.

13:14

У Віцебску людзей стала заўважна больш — ужо каля 150 чалавек. Яны раўмаляюць зносіны паміж сабой і з журналістамі. Прысутным раздаюць газету «Магістрат» мясцовай Рады БНФ. Дэмакратычны актывіст Хрыстафор Жаляпаў распавядае пра гісторыю Дня Волі, піша Tut.by.

13:13

Паводле інфармацыі Naviny.by, затрыманага ў Берасці Уладзіміра Някляева вязуць у Мінск.

13:04

Гомель. Тут калона з некалькіх сотняў дэманстрантаў дайшла да дазволенага месца збору. Яно абгароджанае, удзельнікі акцыі заходзяць праз турнікеты.

Пачынаецца мітынг. Першым слова ўзяў Мікалай Новікаў ад АГП.

Міліцыя тым часам патрабуе згарнуць сімволіку — і бел-чырвона-белыя, і партыйныя сцягі.

Непадалёку стаіць віцэ-мэр Гомеля Віталь Атаманчук, назірае за акцыяй.

12:59

Фота Настассі Роўды.

Гродна. Іншы чалавек бярэ мікрафон, абураецца, што гэта не нармальна, калі бабуля ў краме выбірае тварог з тлустасцю 0%, бо ў яе няма грошай. Не нармальна, калі людзі ходзяць у працоўным абутку, бо няма грошай набыць яшчэ хоць пару. Ён кажа, што не варта забываць, што «гэта мы — дзяржава, мы — народ. Гэта мы іх выбіраем. Мы — людзі, мы — не скот. Мы павінны быць разам. Зямлі, волі, хлеба, солі!». Заклікае не быць раўнадушным. Людзі падтрымліваюць: «Малайчына!»

Дадае, што не разумее, калі яму кажуць, маўляў: «У цябе ж ёсць машына, ёсць, што паесці». «Дык а я што, на цялеге павінен ездзіць у 21 стагоддзі, галадаць? Чарка-шкварка больш не павінна пракатваць! Памятайце пра піраміду Маслоу. Галоўнае — самаразвіццё!»

12:56

Фота Настассі Роўды.

Гродна. Выступае яшчэ адзін гарадзенец, кажа, што будзе гаварыць па-руску, каб усе разумелі. Дадае: «Дзякуй» уладзе, што сёння хтосьці не разумее беларускую мову». Гаворыць, што не будзе казаць пра тое бязмежжа, якое адбываецца ў краіне. Але хоча павіншаваць усіх са святам і сказаць, што ганарыцца кожным, хто прыйшоў сёння на акцыю.

12:52

У Брэсце ў шэсці ўдзельнічае 500 чалавек.

12:46

На акцыі ў Гродне выступае гараджанін, абураецца дэкрэтам №3.

12:45

Сілавікі спрабуюць не дапусціць рэгіянальных актывістаў у Мінск. Вось, у прыватнасці, спынілі Уладзіміра Шылу з Салігорска.

12:42

Фота Настассі Роўды.

Андрэй Дзмітрыеў у Гродне заклікае паразважаць, што такое незалежнасць сёння. Пытаецца, чаму людзі на партрэце пад арыштам?

«Незалежнасць — гэта не словы, а крокі. Пытаецца, ці ўзмацняе беларускую незалежнасць тое, што людзі атрымліваюць смешныя заробкі, што маладых людзей, якія толькі скончылі ўніверсітэты, робяць дармаедамі. Ён кажа, гэта не нармальна, што многія беларусы хочуць з'ехаць з краіны. Заклікае яднацца. Кажа, што галоўная небяспека для незалежнасці знаходзіцца не на Усходзе, не на Захадзе, а ўнутры, у адсутнасці дыялогу».

12:40

Па цэнтральнай пешаходнай вуліцы Берасця рушыць каля 500 чалавек. Яны скандуюць «Пакуль мы адзіныя, мы непераможныя», «Хлеба, солі, зямлі, волі!», а таксама, вядома ж, «Жыве Беларусь!».

Наперадзе лідар мясцовых сацыял-дэмакратаў Ігар Маслоўскі з мегафонам.

12:38

У Мінску, як і абяцалася, пайшоў невялікі снег.

12:36

У парку Дружбы народаў, у раёне плошчы Бангалор, у суботу падчас, прапанаванае Мінгарвыканкама для акцыі апазіцыі, былі толькі прадстаўнікі органаў правапарадку і журналісты тэлеканалаў АНТ і БТ, піша Tut.by

12:34

Фота Настассі Роўды.

У Гродне выступае Андрэй Дзмітрыеў, вітае людзей «Жыве Беларусь!». Гродзенцы адказваюць «Жыве!»

Арганізатары на пляцоўцы для выступу змясцілі два бел-чырвона-белыя сцягі, герб Гродна і адзін чырвона-зялёны сцяг.

Некалькі бел-чырвона-белых сцягоў прынеслі з сабой гродзенцы. Ніякіх плакатаў няма.

12:34

Акцыя ў Гомелі, фота Алены Германовіч.

12:31

У Віцебску за пяць хвілін да пачатку акцыі на плошчы Перамогі мала людзей, яны стаяць групамі па 3-5 чалавек. На месцы правядзення акцыі ўжо знаходзяцца прадстаўнікі СМІ, у тым ліку тэлеканалаў АНТ, СТВ і «Беларусь 1», а таксама мясцовыя ўлады: намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі і прадстаўнік абласнога Савета дэпутатаў, піша Tut.by.

Віцебскія ўлады забаранілі правядзенне акцый, прысвечаных гэтай даце. Тым не менш, чакаецца, што гараджане выйдуць у цэнтр горада — на несанкцыянаванае святочнае мерапрыемства.

12:29

У Берасці ў месцы правядзення акцыі фактычна знікла мабільнае інтэрнэт-злучэнне.

Што адбываецца? Таццяна Караткевіч раздае балонікі.

Наш карэспандэнт пацікавіўся, чаму яна прыехала менавіта на гэтую акцыю? Палітык патлумачыла, што стратэгія «Гавары праўду» — «Беларусь — гэта не толькі Мінск». Апроч таго, кіраўніцтва вырашыла ўдзельнічаць толькі ў дазволеных акцыях. Таму Андрэй Дзмітрыеў мусіць быць у Гродне, а вось Караткевіч дасталася Берасце.

12:29

Фота Настассі Роўды.

Людзі ў Гродне пытаюцца, чаму з апазіцыі тут толькі «Гавары праўду». Дзмітрый Бандарчук адказвае, што акцыю дазволілі, бо яны з уладамі абмяркоўвалі гэтае пытанне за круглым сталом. Кажа, што апазіцыі таксама варта сесці за круглы стол.

У Гродне ў акцыі бярэ ўдзел пару соцень чалавек.

12:26

Акцыя ў Гродне. Фота Настассі Роўды.

12:22

На вакзале ў Мінску ўсё спакойна, ніякіх дадатковых мераў бяспекі няма. Сталіца жыве звычайным рытмам.

12:20

Карыстальнікі сацыяльных сетак адзначаюць, што на вуліцах Мінска багата новай тэхнікі — напрыклад, вось такія арыгінальныя аўтамабілі з металічнымі канструкцыямі спераду і ззаду.

12:18

Гродна. Двое пенсіянераў, Мікалай і Генадзь, прыйшлі паглядзець, пра што будзе весціся гаворка. Пра акцыю яны дазналіся з інтэрнэта, раней у мітынгах удзел не бралі. Дзівяцца, чаму ж мітынг не ў парку Жылібера. Кажуць, туды б прыйшло нашмат больш людзей.

12:16

У Гомелі шэсце рушыла па Савецкай вуліцы ад плошчы Паўстання ў боу універсітэта. У ім прымае ўдзел каля 200 чалавек. Над шэсцем лунае некалькі сцягоў — бел-чырвона-белыя і сцягі АГП.

12:10

У Гомелі таксама затрыманы Васіль Палякоў — адзін з лідараў мясцовай апазіцыі.

12:09

У Брэсце ужо больш за 200 чалавек.

У Гродне — больш за 100 чалавек.

У Гомелі журналісты, якіх выклікалі сёння ў РАУС, недасяжныя (Меркіс, Шчыракова і іншыя). Прыйшло каля 50 чалавек, плошча перакрытая. Стаяць на вуліцы Савецкай людзі.

12:05

Ігар і Марына, якія прыйшлі на мітынг у Гродне з бел-чырвона-белым сцягам, лічаць вялікім крокам наперад, што ўлады дазволілі акцыю. Да гэтага рашэння ставяцца цалкам пазітыўна, і не важна, з якіх прычын яно было прынятае. Іх цешыць, што нарэшце яны могуць адсвяткаваць Дзень волі ў горадзе.

Народа ля стэлы пакуль што вельмі мала. Людзі стаяць невялікімі купкамі.

12:04

У Брэсце пакуль сабралася крыху больш за 100 чалавек. У Мінску ўлады нейтралізавалі ўсіх, хто мог ачоліць шэсце (акрамя Статкевіча). За кратамі Дашкевіч, Лагвінец, нават Някляева знялі з цягніка і кінулі ў СІЗА.

Але экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч паехала ў Брэст.

11:58

У Брэсце дазволенае мясцовымі ўладамі шэсце пачнецца а 12 гадзіне

Збор удзельнікаў шэсця прызначаны на скрыжаванні праспекта Машэрава і Бульвара Касманаўтаў (прып. Машэрава ў бок ЦУМа). Далей шэсце пройдзе па пешаходнай вуліцы Савецкая, затым па вул. Будзёнага да плошчы Свабоды, дзе адбудзецца мітынг. Скончыцца мерапрыемства у 15.00.

Народ пакуль збіраецца.

11:41

Атмасфера ў цэнтры Мінска абсалютна спакойная, людзей не менш, чым у звычайную суботу, паведамляюць карэспандэнты «Нашай Нівы». Толькі патрулі ДАІ на магістралях адрозніваюць сітуацыю ад звычайнай. Ніякай нервознасці не адчуваецца.

11:39

Аўтамабілісты паведамляюць, што на трасах у напрамку Мінска дзяжураць супрацоўнікі ДАІ і аўтаматчыкі — спыняюць ўсе машыны. Афіцыйных каментароў з узмоцненай адпрацоўкі трас і вуліц няма, піша Tut.by.

У прыватнасці, аўтамабілісты распавядаюць, што на М1, М4 і М5 трасе дзяжураць экіпажы ДАІ, з імі — людзі з аўтаматамі, стаяць агароджы. Супрацоўнікі міліцыі спыняюць усе машыны, правяраюць дакументы.

У Мінску таксама дзяжураць супрацоўнікі ДАІ: не толькі ў цэнтры, але і на развязках з мінскай кальцавой. У раён Акадэміі навук падцягнуты аўтазакі.

11:37

У Гомелі плошча Паўстання не ачэпленая, але на ёй арганізавалі кірмаш, перадае карэспандэнт «Нашай Нівы» з Гомеля. На Плошчы прысутнічаюць спецназаўцы і міліцыя.

Напярэдадні жыхарам Гомеля, якія прасілі дазволу на маніфестацыю ў цэнтры горада з нагоды Дня Волі, улады адмовілі — у парушэнне канстытуцыйнага права на свабоду сходу. Ім прапанавалі пляцоўку каля палаца культуры Беларускага таварыства глухіх, што ў раёне старога аэрапорта. Але людзі адмовіліся ад такой прапановы, палічылі яе недастойнай свята.

У той жа час у Брэсце і Гродне святкаванне дазволілі.

10:40

14 аўтазакаў пад'ехалі да Акадэміі навук, паведаміла ў сваім фэйсбуку Таццяна Равяка.

08:54

Яшчэ фота згарэлага аўтазака ў Віцебску:

08:54

Як паведамляцюь карыстальнікі сацыяльных сетак, сёння ўначы ў Віцебску каля моста Блахіна згарэў аўтазак. Прычыны здарэння пакуль нам невядомыя.

Фота з фэйсбука:

08:45

Таццяна Караткевіч возьме ўдзел у дазволеным шэсці ў Брэсце:

07:23

Паэт Уладзімір Някляеў быў затрыманы ў Брэсце а 3.30. Яго знялі з цягніка, ягоны тэлефон перастаў быць даступны.

Някляеў вяртаўся з Варшавы, куды ездзіў у складзе дэлегацыі беларускай грамадскасці, каб паінфармаваць польскіх палітыкаў і СМІ пра сітуацыю ў Беларусі.

У дэлегацыю ўваходзілі таксама Алесь Бяляцкі і Ганна Канапацкая. 

Перад Днём Волі ўлады затрымалі дзясяткі людзей у Мінску і рэгіёнах, здольных, на іх думку, узначаліць пратэсты.

Поўны спіс рэпрэсаваных за ўдзел у акцыях пратэсту або прэвентыўна чытайце на сайце праваабаронцаў-вясноўцаў ТУТ.

00:29

«Ісці — капец як страшна.

Не ісці — капец як сорамна.

Але страшна будзе адзін дзень.

А сорамна потым — усё жыццё».

Гэты запіс жыхаркі Мінска Вольгі Чэкулаевай стаў вельмі папулярны ў беларускім фэйсбуку, бо перадаў эмоцыі і дылему многіх людзей.

Тую самую ідэю паралельна сфармуляваў гісторык Аляксандр Пашкевіч: «Ну то ў тым і справа. Выйсці — страшна, не выйсці — сорамна».

Нагадаем, што лідары пратэстаў, у тым ліку Мікалай Статкевіч, заклікалі на Дзень Волі правесці ў Мінску дэманстрацыю супраць эканамічнай палітыкі ўладаў. Адміністрацыя горада шэсце не дазволіла, але масавы збор народу ўсё адно чакаецца.

Дню Волі папярэднічала беспрэцэдэнтная кампанія застрашвання, у СМІ апублікаваныя дзясяткі фэйкавых навін. Былі арыштаваны некалькі соцень людзей, здольных узначаліць пратэсты ў сталіцы і рэгіёнах.

Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый выступілі 24 сакавіка з супольнай заявай «Патрабуем спыніць нагнятанне істэрыі і атмасферы страху ў беларускім грамадстве і забяспечыць выкананне правоў чалавека».

00:28

Відэавіншаванне з Днём Волі ад Анхелы Эспіносы Руіс:

00:26

Як паведамілі чытачы «Нашай Нівы», у Брэсце супрацоўнікаў многіх прадпрыемстваў змусілі працаваць на Дзень Волі 25 сакавіка. Адных прымусілі наперад адпрацаваць за другі дзень Вялікадня. Іншым пераставілі дзень работы з мінулай пятніцы. Людзі мяркуюць, што гэта каб не дапусціць людзей на дазволенае шэсце пратэсту ў горадзе і каб яны не паехалі ў Мінск.

00:25

У Брэсце санкцыянаванае шэсце прызначанае на 12.00 і распачнецца на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Шэсце пройдзе праспектам Машэрава, далей пешаходнай вуліцай Савецкай, затым вуліцай Будзённага да плошчы Свабоды, дзе адбудзецца мітынг. Карэспандэнты «Нашай Нівы» будуць расказваць пра яго анлайн.

У Гродне святкаванне Дня Волі пройдзе з 12.00 да 14.30 у Калоскім парку каля стэлы 850-годдзя горада.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» будуць весці рэпартажы анлайн з абодвух гарадоў, а таксама з Гомеля. 

Жывая відэатрансляцыя падзей. Яна тут:

А гэта стрым радыё Свабода:

* * *

Фота Сяргея Гудзіліна.

Падзеі Дня Волі — 2017 адсочвайце праз НН. Нашы карэспандэнты будуць сёння ў гушчы падзей.

Жыве Беларусь!

25 сакавіка 1918 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціла незалежнасць нашай дзяржавы. Упершыню ў найноўшай гісторыі прадстаўнічы орган дэклараваў права беларусаў быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

З часам дзень 25 сакавіка стаў святкавацца як Дзень Волі. Пачынаючы з 1980-х у сталіцы і іншых гарадах праходзяць традыцыйныя шэсці. Часам яны былі шматлюдныя, збіралі дзясяткі тысяч людзей і нават мянялі шляхі гісторыі, як у 1996 годзе.

Каментары103

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ці выйдзе біяграфія Пазняка і ў чым галоўная праблема беларускай літаратуры? Янушкевіч — пра тыражы і канкурэнцыю з рускай кнігай4

Ці выйдзе біяграфія Пазняка і ў чым галоўная праблема беларускай літаратуры? Янушкевіч — пра тыражы і канкурэнцыю з рускай кнігай

Усе навіны →
Усе навіны

«Упершыню давялося такое бачыць, а раніцай было страшна выходзіць на двор». Як ураган у Калодзішчах перамяшаў цяпліцы і дахі3

За прагляд кватэры ў гэтым доме ў Мінску бяруць 7000 рублёў6

Бацькі спрачаліся каму карміць дачку, што прывяло да яе гібелі1

Беспілотнік, які ўпаў у Мінску, прыляцеў з боку Барысава — шматлікія сведчанні23

Больш за 600 дамоў у Калодзішчах засталіся без святла

У Баранавічах уначы выпала 37 мм ападкаў, у Мінску — 30 мм

Жыхар Вільні сцвяржае, што зняў панядзелкавы дрон на паўночным захадзе сталіцы1

У Інданезіі прамаўчалі пра візіт міністра абароны ў Беларусь1

Стыхія нарабіла бяды ў Калодзішчах

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці выйдзе біяграфія Пазняка і ў чым галоўная праблема беларускай літаратуры? Янушкевіч — пра тыражы і канкурэнцыю з рускай кнігай4

Ці выйдзе біяграфія Пазняка і ў чым галоўная праблема беларускай літаратуры? Янушкевіч — пра тыражы і канкурэнцыю з рускай кнігай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць