У сталіцы Італіі падчас саміту Еўрасаюза з нагоды 60-годдзя Рымскай дамовы падпісаная Рымская дэкларацыя — дакумент, які падводзіць вынікі 60 гадоў еўрапейскай інтэграцыі, а таксама прэзентуе планы на развіццё Еўрапейскага саюза ў будучыні. Пра гэта паведамляе Радыё Польшча.
Джозэф Мушкат, прэм'ер Мальты, якая старшынствуе цяпер у ЕС, адзначыў:
«Еўрасаюз у будучыні павінен адлюстроўваць сітуацыю ў асобных яго краінах, не ігнаруючы глабальныя ўмовы. Нашай самай вялікай слабасцю з'яўляецца працэс укаранення прынятых рашэнняў. Мы павінны сканцэнтравацца на тым, каб прыняцце рашэнняў было больш простым і эфектыўным».
У дэкларацыі падкрэсліваецца, што ЕС з'яўляецца «непадзеленым і непадзельным», а лідары краін-сяброў будуць сумесна «у залежнасці ад неабходнасці з рознай хуткасцю і з розным высілкам» дзейнічаць, імкнучыся ў адным кірунку, як і раней. Адзначаецца таксама, што Еўропа не будзе адмаўляць тым, хто захоча далучыцца да супольнасці ў будучыні. «Адзінства Еўрасаюза з'яўляецца неабходнасцю і свабодным выбарам», — пазначана ў дакуменце.
У той жа час у дэкларацыі адлюстраваная праграма дзеянняў, якая складаецца з чатырох мэтаў: першая — бяспечная і ўпэўненая Еўропа, другая — заможная Еўропа, якая ўстойліва развіваецца. Трэцяя — сацыяльная Еўропа. І чацвёртая — умацаванне пазіцыі на міжнароднай арэне.
У заключнай частцы дэкларацыі ўвага звернутая на неабходнасць набліжэння Еўрасаюза да сваіх грамадзян. «Еўропа — гэта наша агульная будучыня», — такімі словамі завяршаецца дакумент.