Сёньня першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што ў зьвязку са зьменай абставінаў Беларусь і Расея павінны або разарваць ранейшую дамову аб пастаўках расейскага газу, або зрабіць нейкія дапаўненьні да дамовы, каб прыйсьці да нармальнага цывілізаванага рашэньня.

Ён нагадаў, што 31 сьнежня пад бой курантаў было падпісана пагадненьне з пэўнай формулай цэнаўтварэньня — па якіх цэнах Беларусь будзе далей купляць газ. Адпаведна з гэтай формулай у першым квартале гэтага году цана на газ склала 119 даляраў, і цяпер Беларусь перайшла на 127,9 даляра за тысячу кубамэтраў да канца году.

«Калі трымацца той формулы, якая прывязана да нафтавага эквіваленту, нас можа чакаць вельмі рэзкі рост цэнаў. Вы ведаеце, куды скочыла цана нафты. Хто мог пра гэта меркаваць? Калі мы падпісвалі гэтую формулу і абмяркоўвалі пагадненьне, мы кіраваліся афіцыйным дакумэнтам Расейскай Фэдэрацыі. Быў прагноз разьвіцьця Расейскай Фэдэрацыі на найбліжэйшыя тры гады, зь якога будаваўся далейшы прагноз», — адзначыў Уладзімер Сямашка.

Паводле У.Сямашкі, Расея прыняла прынцыповае рашэньне, што замарудзіць траекторыю росту цэнаў і будзе рухацца да прынцыпу роўнапрыбытковасьці ці да 2014, ці да 2015 году.

«Таму ў нас сёньня ёсьць вельмі сур’ёзны аргумэнт: калі ўжо багатая Расея, наш саюзьнік, разумее, што гэта можа быць катастрафічная зьява для яе эканомікі, то чаму мы павінны яшчэ раз, скажам, у паўтара ці ў два разы падняць цэны? Мы спасылаемся на грамадзянскія кодэксы Рэспублікі Беларусь і Расеі (артыкулы 421 і 451), якія сьцьвярджаюць пра зьмяненьне, разрыў дамовы ў сувязі з істотнай зьменай абставінаў. Гэта ня форс-мажорныя абставіны, гэта істотныя зьмены абставінаў. Бо мы абапіраліся на прагноз расейскі, які прагназаваў зьніжэньне цаны нафты: прагноз — 61 даляр за барэль нафты, а ён зьмяніўся да 120 даляраў», — заявіў У.Сямашка.

«Таму, калі адбылася істотная зьмена абставінаў, паводле нашага кодэксу і расейскага, то мы павінны сесьці за стол перамоваў. І альбо разарваць ранейшую дамову — гэта недапушчальна, зразумела, — альбо зрабіць нейкія дапаўненьні да дамовы, каб прыйсьці да цывілізаванага, нармальнага рашэньня. У стане гэтых перамоваў мы знаходзімся пастаянна. У нас ужо сумеснае прадпрыемства. У першым паўгодзьдзі мы выканалі і перавыканалі па транзыце просьбы “Газпрому”, без затрымак. На мінулым тыдні падпісалі пагадненьне аб павелічэньні цаны транзыту. Мы тут як адэкватныя партнэры ўсё робім дзеля таго, каб тэму гэтую адрэгуляваць».

Таксама спадар Сямашка заявіў, што ў Беларусі ня самыя танныя цэны на расейскі газ, калі параўнаць з Армэніяй.

Ён таксама не сказаў, колькі можа каштаваць расейскі газ для Беларусі ў наступным годзе.

«Калі скончацца перамовы, тады мы й адкажам на гэтае пытаньне», — сказаў У.Сямашка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?