У афіцыйным каментары прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык адзначыў, што права грамадзян на мірныя сходы і вольнае выказванне меркавання замацавана ў Канстытуцыі нашай краіны.

«Аднак ключавое слова тут — «мірныя». Калі ж да месца мерапрыемствы падвозяць «кактэйлі Молатава», падганяюць аўтамабілі з зброяй, падключаюць анархістаў, то назваць такую акцыю «мірнай» язык не паварочваецца», — сказаў Дзмітрый Мірончык.

Паводле яго слоў, ва ўмовах нарастання і пашырэння геаграфіі тэрарыстычнай пагрозы уладам важна быць асабліва пільнымі, дзейнічаць на апярэджанне, а не «разграбаць» наступствы потым.

«Менавіта такі ўрок мы вынялі з нядаўніх тэрарыстычных актаў у Лондане, Берліне, Парыжы, Бруселі, Ніцы. Менавіта гэтым кіраваліся беларускія ўлады 25 сакавіка. Галоўнай задачай было забяспечыць бяспеку грамадзян і не дапусціць кровапраліцця, асабліва з улікам наяўнай інфармацыі пра правакацыі, якія рыхтаваліся», - выказаў афіцыйную пазіцыю МЗС прэс-сакратар.

Дзеянні сілавікоў у дачыненні да дэманстрантаў ён назваў «абсалютна адэкватнымі». А еўрапейскім палітыкам параіў звярнуць увагу на працу сваіх праваахоўных органаў падчас разгону масавых дэманстрацый.

«Учорашняя акцыя мела несанкцыянаваны характар. Удзел у несанкцыянаваных акцыях цягне канкрэтныя наступствы ў любой краіне свету. І што «нееўрапейскага» змаглі разгледзець у дзеяннях нашых праваахоўных органаў заходнія палітыкі? У Мінску разганялі дэманстрантаў вадамётамі? Можа быць, распылялі газ? Не. І, дзякуй Богу, абыйшлося без ахвяр», — сказаў Дзмітрый Мірончык.

Міністэрства замежных спраў не лічыць падзеі Дня Волі падставай для спынення дыялогу паміж Беларуссю і краінамі Захаду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0