Лідар беларускай апазіцыі Мікола Статкевіч расказаў, што быў затрыманы 23 сакавіка на кватэры свайго сябра па партыі. Ён перабраўся туды са сваёй хаты ў спадзеве, што ўдасца пазбегнуць затрымання перад Днём Волі. Гэта была аднапакаёўка без рамонту на вуліцы Лабанка ў раёне метро «Каменная Горка».

З Лошыцы да Каменнай Горцы яго везлі спачатку жонка на машыне, пасля ён перасеў на метро, а пасля яго вёз пазней затрыманы паплечнік па партыі Сяргей Кунцэвіч.

Ягоны паплечнік прынёс туды прадукты і сышоў. Праз нейкі час пасля гэтага дзверы пачалі адмыкаць — спачатку ключом, тое не ўдалося, тады фомкай.

Пры затрыманні з палітыкам абыходзіліся карэктна. Паказалі пасведчанні МУС, а адвезлі ў турму КДБ. Статкевіч адзначае, што везлі на дарагім «Лексусе». «На «Лексусах», блін, ездзяць затрымоўваць!» — востра зрэагаваў падпалкоўнік запасу Статкевіч.

Статкевічу паабяцалі паведаміць пра арышт жонцы, але таго не зрабілі. Больш за тое, праз тры дні пасля затрымання ў КДБ ёй адказвалі, што не ведаюць, дзе ён.

Статкевічу было выстаўленае падазрэнне ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, прычым ад 2011 года, хоць ён да 2015-га знаходзіўся ў зняволенні.

У турме Статкевіч адмаўляўся даваць паказанні і нават адмаўляўся прадстаўляцца. У той жа час ідучы па калідоры, ён кожны раз гучна крычаў «Тут Статкевіч, добрай раніцы, тэрарысты!», каб іншыя зняволеныя ведалі, што ён тут і жывы.

Статкевіч высока ацаніў дзеянні людзей 25 Сакавіка. На ягоную думку, людзі паказалі сваю годнасць, нягледзячы на застрашванні. Дзякуючы 25-му, сказаў Статкевіч, свет пабачыў сутнасць рэжыму і гэта сарве магчымасць атрымання крэдытаў, кажа ён. «Пасля падзей 25-га ў персанала турмы змяніліся паводзіны, — кажа Статкевіч. — З'явілася ніякаватасць», — расказаў палітык.

Статкевіч выглядае цвёрдым і ўпэўненым. Ён заклікаў працягнуць пратэсты, у тым ліку 1 Мая і 9 Мая. «Пройдзем, ускладзем кветкі, са спадзяваннем, што Беларусь зноў будзе вызваленая».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0