Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў прысуд супрацоўніку міліцэйскага падразьдзяленьня «Ахова», які згвалціў у службовым аўтамабілі студэнтку, паведамляе «“Комсомольская правда” в Белоруссии».
Напярэдадні суд Савецкага раёну сталіцы прыгаварыў яго да шасьці гадоў узмоцненага рэжыму. Злачынства здарылася на сьвята 8 сакавіка. Студэнтка адной зь менскіх ВНУ вярталася ўвечары ў інтэрнат.
Яе сустрэў міліцыянт і загадаў прайсьці зь ім у службовую машыну. Там былі яшчэ двое «ахоўнікаў»: кіроўца і старшы групы, якія адразу выйшлі нібыта аглядаць аб’ект. Па справе яны ішлі як сьведкі. Потым кіроўца прызнаваў: левая задняя дзьверына была заблякаваная. Дзяўчына апынулася ў пастцы.
Па вяртаньні ў інтэрнат студэнтка выклікала хуткую дапамогу і міліцыю. Усю ноч на 9 сакавіка яна правяла ў дзяжурнай частцы. Толькі раніцай яе павезьлі на агляд.
Як высьветлілася, міліцыянт‑гвалтаўнік мае цяжарную жонку і дзіця. Увесь час, пакуль ішло сьледзтва, ён быў на волі.