Як стала вядома «Нашай Ніве», летась кафедру замежных моваў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ўзначаліла Ірына Зайцава.

Ва ўніверсітэце спн. Зайцава вельмі актыўнічае — так, яна ўжо адзначылася правядзеннем семінара, прысвечанага Дню роднай мовы. Праўда, роднай мовай чамусьці значыцца руская.

Хто ж такая Ірына Зайцава?

Ірына Зайцава. Фота 0642.ua

Ірына Зайцава. Фота 0642.ua

Нарадзілася яна ў Саамскім раёне Мурманскай вобласці Расіі, разам з бацькамі неўзабаве пераехала ў Луганск, а кандыдацкую і доктарскую дысертацыі абараняла ў Маскве.

Сваю грамадзянскую актыўнасць пачала праяўляць яшчэ ў 1990-х — яна была функцыянерам «Луганскага абласнога Расійскага цэнтра», узначальвала Украінска-расійскі саюз, супрацоўнічала з «Рускім блокам» і «Рускім рухам». 

Такую прабіўную асобу заўважылі ў Партыі рэгіёнаў, ад якой яна патрапіла ў абласную раду. 

У сваёй навуковай дзейнасці Зайцава адзначылася тым, што будучы загадчыкам кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Луганскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў перавяла выкладанне дысцыплін «Гісторыя Украіны» і «Гісторыя ўкраінскай культуры» з украінскай на рускую мову, на чым не спынілася і прапанавала філолагам выкладаць украінскую мову па-руску (!), пакінуўшы па-ўкраінску толькі прыклады. 

Найвышэйшая пасада Зайцавай — намесніца міністра адукацыі Украіны пры міністру Табачніку.

З яшчэ аднаго месца работы, Украінскага цэнтра кантролю якасці, адукацыі, Зайцаву звольнілі за грубае парушэнне працоўных абавязкаў. 

Не раз яна называла сябе абаронцай рускага свету і рускай мовы, што фактычна выказвалася ў дыскрымінацыі ўсяго нацыянальнага — у сучаснай тэрміналогіі, Зайцава была ва Украіне агентам уплыву Крамля. 

Вось некаторыя выказванні прафесаркі Зайцавай. 

«Псіхолагі многіх краін даўно даказалі, што пры навучанні дзіцяці на няроднай мове яго інтэлектуальны патэнцыял паніжаецца на 45—50%. Ва Украіне большая частка людзей лічыць роднай мову рускую. Выхоўваючы дзяцей на чужой для іх мове, Украіна бяднее і маральна, і духоўна», — так у 2009 годзе выказалася Зайцава пра ўкраінамоўную адукацыю ў Луганску падчас круглага стала на тэму «Родная мова як асноўны носьбіт культурнай самаідэнтыфікацыі нацыі».

Кар'ера Зайцавай ва Украіне скончылася прадказальна. Каля 200 прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі напісалі адкрыты ліст да рэктара Кіеўскага педагагічнага ўніверсітэта і міністра адукацыі з просьбай звольніць «агрэсіўную ўкраінафобку і карупцыянерку» з названага ўніверсітэта, дзе яна займала пасаду выкладчыка. 

Пачатак шматстаронкавага ліста з патрабаваннем звольніць Зайцаву

Пачатак шматстаронкавага ліста з патрабаваннем звольніць Зайцаву

У выніку гэта і было зроблена — пасля калектыўнага ліста з сотнямі падпісантаў Зайцаву з ганьбай звольнілі з кіеўскага ўніверсітэта. 

Але чаму яна паехала ў Беларусь, а не засталася ў Луганску?

Ці гэта вымушаны жыццёвы крок, ці пераезд з канкрэтнымі, але ценявымі мэтамі па змаганні з беларускай культурай па «луганскай схеме»?

І чаму асобу з такой адыёзнай біяграфіяй прытулілі ў Віцебску, ды яшчэ і далі кіруючую пасаду?

Першы прарэктар Васіль Маліноўскі на гэтае пытанне «Нашай Нівы» не адказаў, прызнаўшыся, што не ведае ніякіх акалічнасцяў біяграфіі Зайцавай.

Сама гэтая выкладчыца аказалася недаступнай праз удзел у навуковай канферэнцыі ў Полацку. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?