27.03.2017 / 16:33

«Белсат» запускае скандальнае ток-шоу з Лабадзенкам у якасці вядоўцы 13

«Наша Ніва» трапіла на здымкі новай беларускай праграмы «Кожны з нас», першы выпуск якой выйдзе ў эфір на тэлеканале «Белсат» у гэтую суботу, 1 красавіка, а 21:15. Аўтары перадачы абяцаюць скандалы, жарсці ды інтрыгі — усё ў найлепшых сусветных традыцыях ток-шоу.

Гледачы ў студыі.

З героямі працуе Яўген Валошын, у студыі — Глеб Лабадзенка.

«Іншым беларускім каналам не ўдаецца зрабіць нармальнае цікавае шоу, дзе былі б актуальныя тэмы, таму мы вырашылі самі паспрабаваць, паглядзець, «танка кішка» ў нас ці не, — кажа Яўген. — Унікальнасць гэтага шоу, якую ніхто не аспрэчыць, — беларуская мова. Мы дакажам, што ў беларускамоўных праграм могуць быць высокія рэйтынгі. Пакуль што бяром вечныя тэмы — напрыклад, побытавыя войны суседзяў. Дзесяць год таму ваявалі, дваццаць год таму ваявалі і праз дзесяць год будуць ваяваць.

«Кожны з нас» — праграма, вельмі выгадная ўсёй нашай краіне. Гэта ненармальна, што ў Беларусі такога шчырага, такога чалавечнага, персаніфікаванага шоу дагэтуль не было. І калі яно будзе выходзіць, гэта стане сігналам, што ў нашай краіне існуе нармальны дыялог у грамадстве».

Аўтары праграмы акцэнтуюць, што запрашаюць да сябе гасцей з самых розных сфер і самых розных поглядаў. На той жа перадачы пра войны суседзяў у адной студыі апынуліся ксёндз Ігар Лашук, спявак Аляксей Хлястоў, блогер Антон Матолька, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Улаховіч, адвакатка Галіна Пархімчык і былы дырэктар мінскага ЖЭСа Уладзімір Палажанка.

Блогер Антон Матолька.

Адвакатка Галіна Пархімчык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Улаховіч.

Ксёндз Ігар Лашук, спявак Аляксей Хлястоў і былы дырэктар мінскага ЖЭСа Уладзімір Палажанка.

«Мы вельмі хочам, каб на кожнай перадачы ў нас былі людзі, якія будуць выказваць дзяржаўную пазіцыю. Гэта важна, таму што ёсць стэрэатып, што на «Белсаце» выступаюць толькі «свае» апазіцыйныя эксперты, — кажа Глеб Лабадзенка. —

Мне не падабаецца, што ў нас паўсюль ёсць пэўная «кампашка» — ці то «прадзяржаўная», ці то «незалежніцкая». Адны не паклічуць другіх і наадварот. А мы ж усе беларусы, гэта нашы агульныя справы і праблемы. Мы будзем клікаць самых розных людзей, усім дамо выказацца. Нават такіх, якія выклікаюць як мінімум здзіўленне ў каментатараў на сайтах незалежных СМІ.

Мы запрасілі дэпутата парламента, і ён пагадзіўся з існаваннем тых праблем, якія мы абмяркоўваем. Гэта ўжо пачатак дыялогу. Запрашаючы чалавека, мы не спраўджваем, які сцяг у яго вісіць дома над канапай. Таму поруч у нас сядзяць Антон Матолька і Аляксей Хлястоў — цікава выказваюцца, жартуюць, палемізуюць».

Аўтары перадачы запрашалі нават узяць удзел у перадачы вядомую свецкую львіцу. Яна доўга думала і ў выніку адмовіла: па-першае, педыкюр, а, па-другое, навошта ісці, калі галоўная гераіня не яна?

Тут усё па-сапраўднаму

Праграма пра войны суседзяў атрымалася насамрэч гарачай. Тут табе і сусед, які душыў адну з гераіняў, якая прыйшла ў студыю. І дзясяткі судоў праз няправільна пакладзеную плітку. І бурнае абмеркаванне, ці этычна выклікаць даішнікаў на суседа, які запаркаваўся на газоне.

Далі жару і гледачы, у якіх таксама знайшлася парачка горка-забаўных гісторый пра любімых суседзяў. Дарэчы, некаторыя з іх былі шчыра здзіўленыя тым, што ў студыі ўсё па-сапраўднаму: у далоні пляскаеш, калі хочацца, а не калі даюць сігнал. Мікрафон падносяць, калі ўздымаеш угору руку, і ніхто не просіць загадзя ўзгадняць тое, што ты сабраўся сказаць. Ды і падстаўных гледачоў, якіх у падобных шоу часцяком наймаюць электрызаваць атмасферу, аўтары праграмы прынцыпова не запрашаюць.

«Некалі, гадоў 10 таму, нас з Глебам запрашалі на вядомае расейскае шоу, — прыгадвае Яўген Валошын. — Гэта быў адзіны раз у жыцці, калі Лабадзенка быў у Маскве — літаральна паўдні. Цяпер бы мы, канечне, не паехалі. Але паглядзець тады было цікава. Чалавека там заманьваюць у студыю любым шляхам: вялікімі грашыма, угаворамі, а часам ледзьве не пагрозамі. Цётачак, якія сядзяць у залі, цкуюць на людзей загадзя, падвучваюць, што сказаць. Канечне, змест там ніжэй за плінтус, бульваршчына. Але форма, трэба прызнаць, вясёлая, — сотні тысяч людзей глядзяць, у тым ліку і ў Беларусі. Дык калі народ так любіць гэта — чаму не прапанаваць яму сваё?»

Глеб Лабадзенка і Яўген Валошын.

Галоўная мэта праграмы — паказаць, што з любой сітуацыі ёсць выйсце і нагадаць беларусам, як важна абмяркоўваць свае праблемы ўголас.

«У нас людзі — маўчуны. Ёсць сферы, дзе шмат праблем — і з імі сутыкаюцца многія. Але пра гэта людзі гавораць дома на кухні і пішуць у каментарах. Калі ж пачынаеш абмяркоўваць гэта адкрыта, многія кажуць: «Паслухайце, мы столькі новага даведаліся!»

Гэта праблема, што многія недагаворкі і канфлікты ў грамадстве ўзнікаюць ад недахопу інфармацыі. Мне здаецца, трэба проста даць людзям магчымасць расказаць пра іх досвед, выказацца. Маўляў, глядзіце, вось у яго атрымалася, дык чаго вы скуголіце і плачаце? Можа быць, варта паварушыцца, і ў вас таксама выйдзе?» — кажа Глеб Лабадзенка.

Настасся Роўда, фота аўтара

62
anna / Адказаць
27.03.2017 / 17:05
"усім дамо выказацца" а на русском языке тоже будет можно высказываться и отвечать на вопросы (особенно, если вопрос задан на беларускай) или Глеб сразу в суд подаст?
1
папагена / Адказаць
27.03.2017 / 17:08
Цікава, прывітанні (ад Паўла Г.) і зычанні поспехаў Глебу!) Даўно пара, бо Эдуард Рудольфавіч, вядома, чалавек заслужаны, але вядоўца такі сабе ;).
3
Юрась / Адказаць
27.03.2017 / 17:15
Поспехаў!
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру