У суботу ў Стакгольме завяршыўся «Эўра-прайд» — фэстываль прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Сярод сьцягоў іншых краінаў, якія луналі ў Стакгольме, быў і бел-чырвона-белы сьцяг, прывезены беларускімі ўдзельнікамі фэстывалю.

Тэма сёлетняга Эўра-прайду: «Швэдзкі грэх: пераадольваючы межы». Акцэнт і фэстывалю, і параду — гэта правы сэксуальных меншасьцяў у сьвеце.

Паўсюль у Стакгольме луналі вясёлкавыя сьцягі, сабралася вельмі шмат людзей. Дружалюбна, вельмі свабодна трымаліся і ўдзельнікі параду, і гледачы. Большасьць удзельнікаў — гэта людзі традыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, якія падтрымліваюць ідэю свабоды і роўных правоў для сэксуальных меншасьцяў. У знак падтрымкі правоў сэксуальных меншасьцяў у калёне праходзілі пажарныя, паліцыянты — іх вельмі хораша віталі.

Сёлетні фэстываль агульнаэўрапейскі, на яго прыехалі ўдзельнікі з розных краінаў. Прайшла досыць вялікая калёна ўдзельнікаў «Прайду», якія прадстаўляюць тых, хто па нейкіх прычынах ня можа прыехаць і ўзяць у ім удзел. У гэтай калёне былі тыя, хто прадстаўлялі сэксуальныя меншасьці Беларусі, Літвы, іншых краінаў, дзе людзі баяцца паказаць, што яны ёсьць і дзе ёсьць праблемы з правамі сэксуальных меншасьцяў.

У часе канфэрэнцыі, арганізаванай міжнароднай праваабарончай арганізацыяй «Amnesty International», каардынатар гэтай арганізацыі ў Беларусі Вячаслаў Бортнік расказаў пра сытуацыю з правамі прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі ў Беларусі.

Ён падкрэсьліў, што беларусам варта прыяжджаць на такія фэстывалі, таму што важна паказаць, што Беларусь — гэта частка Эўропы, і што ўсе беларусы незалежна ад сэксуальнай арыентацыі мусяць разам будаваць талерантную эўрапейскую краіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?