Радыё «Рацыя» можа ўвайсьці ў гісторыю айчыннага радыёвяшчаньня як першая станцыя, якая вяшчае на беларускі FM з-за мяжы. Старт заплянаваны на пачатак восені.

«Вы слухаеце Радыё Рацыя – вольнае радыё, якое робяць беларусы для беларусаў з вольнага сьвету», – з гэтых словаў пачынаецца штодня вяшчаньне беларускай радыёстанцыі, невялічкая рэдакцыя якой месьціцца ў Беластоку.

Ужо некалькі тыдняў, як Рацыя выйшла ў тамтэйшы FM-этэр, і тры месяцы, як радыё вяшчае на сярэдніх хвалях. «Пакуль гэта сьціплы пачатак», – кажа праграмны дырэктар Рацыі Мікола Маркевіч. Сёньня вяшчаньне радыёстанцыі ахоплівае Беласток, але не дацягвае да Гарадку, Бельску, Гайнаўкі ды іншых месцаў, дзе жыве нямала беларусаў. У чэрвені да адзінага пакуль перадатчыка 0,1 кВт мае дадацца яшчэ адзін зь Вільні магутнасьцю ў 30 кВт.

«Рацыю» ў беларускім «эфэме» пачуюць на пачатку восені. «Мы хочам, каб беларуская частата была абсалютна легальнай, таму даводзіцца вырашаць нямала юрыдычных праблемаў», – апавядае М.Маркевіч. Плянуецца, што з восені «Рацыя» будзе дабіваць да Берасьця, Горадні, Ваўкавыску і Ашмяны.

Былы рэдактар газэтаў «Пагоня» і «День» заняўся радыё ня толькі празь цікавасьць. Пасьля закрыцьця «Дня» ён зразумеў, што ў Беларусі журналістыкай яму займацца не дадуць.

Новы-стары брэнд

Выпускны рэдактар «Рацыі» Яня Каменская была звольнена з радыё «Юністар», пасьля таго як у навінах сказала, што на адно з афіцыйных паседжаньняў з удзелам прэзыдэнта не пусьцілі журналістаў недзяржаўных мэдыяў. Асабіста рэктар БДУ Аляксандар Казулін тады сказаў, што такім журналістам ня месца на радыёстанцыі ўнівэрсытэту. Яна крыўды не трымае і задаволена новай працай: «Я люблю радыё і не люблю, калі мяне цэнзуруюць. На «Рацыі» я на сваім месцы».

На «Рацыі» часта гучаць галасы беларускіх палітыкаў, актывістаў, паэтаў і музыкаў. Самы гарачы час у рэдакцыі на вуліцы Цёплай – з 12.00 да 16.00, калі зьбіраюцца, запісваюцца і мантажуюцца карэспандэнцыі. А 17-й навіны гучаць у этэры. На 70% яны складаюцца з паведамленьняў з рэгіёнаў ад уласных карэспандэнтаў. «Мы актыўна шукаем карэспандэнтаў у абласных цэнтрах і малых гарадах», – апавядае Мікола Маркевіч.

Увага да рэгіёнаў – адна з прычынаў, зь якой Мікола ня лічыць новую радыёстанцыю пераемніцай старой «Рацыі». Ён наагул хацеў, каб сёньняшняя «Рацыя» займела новы назоў – «Пагоня», але для беластоцкага кіраўніцтва важна было пакінуць ужо вядомы брэнд. З назвай «Радыё «Рацыя» асацыюецца незалежны беларускі этэр на Беласточчыне. «Рацыя давала мажлівасьць нашым людзям з Рыбалаў, Гарадка, Бельску замовіць сваю музыку, пачуць беларускае слова», – кажа журналіст Міхась Андрасюк.

75% беларускай музыкі

Большую частку вяшчаньня «Рацыі» займае музыка ды забаўляльныя аўтарскія праграмы. Музычны фармат унікальны – гэта кактэйль з уласнабеларускай, падляскай беларускамоўнай, польскай і замежнай музыкі. Аснову складаюць творы незалежных беларускіх музыкаў – ад рарытэтных запісаў «Песьняроў» да апошніх поп-гітоў. Музычным рэдактарам на «Рацыі» працуе Лукаш «Стэп» Стэпанюк – музыка, ды-джэй, стваральнік адзінага польскамоўнага музычнага парталу пра беларускую музыку «Зона».

Слухачы ў «Рацыі» зьявіліся адразу, калі радыё яшчэ працавала ў тэставым рэжыме. Адзін зь іх даслаў ліст зь цёплымі словамі ды ўклаў разам зь ім адзін даляр. Тое, што радыё слухаюць на сярэдніх хвалях, пацьвярджаюць таксама лісты з Мазыра, Гомеля і Горадні, а таксама… з балтыйскіх краінаў і Скандынавіі. У чэрвені Інтэрнэт-карыстальнікі атрымаюць магчымасьці слухаць «Рацыю» он-лайн. Цяпер распрацоўваецца канцэпцыя сайту і парадкуваецца архіў.

Сяргей Будкін, Беласток–Менск

Радыё Рацыя вяшчае штодня:

Беласток (105,5 FM) – штосуткі;

Віленшчына (103,8 FM) – 20.00–20.30;

На сярэдніх хвалях (1080 кГц) – 20.00–22.00.

На радыё «Рацыя» сёньня выходзіць 7 аўтарскіх праграмаў:

«Кантэкст» з Паўлюком Быкоўскім – рэфлексіі з нагоды падзеяў тыдня;

«Грамадзянская супольнасьць» Міхася Андрасюка і Валі Лаеўскай – праграма, якая знаёміць беларусаў з палітыкай ды эканомікай Польшчы;

«Беларускі сьлед у гісторыі» з Алегам Гардзіенкам;

«Радыё-Гіт» з Алегам Хаменкам – супольны праект «Рацыі» і Інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў»;

«Заля Славы» зь Міколам Бяньком – праграма, прысьвечаная героям айчыннага рок-н-ролу;

«Голас з павуціньня» з Андрэем Жуком – апошнія навіны зь віртуальнай прасторы;

«Рымэйк на дыване» з Андрэем Жуком – музычная праграма

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0