Раніцай 31 сакавіка ў мінскіх офісах польскага тэлеканала «Белсат» прайшлі ператрусы. Пазіцыя міліцыі — «праверка ў рамках незаконнага выкарыстання брэнда «Belsat» пасля заявы ўладальніка».

Офіс «Белсата» пасля вобшуку, фота Радыё Свабода

Офіс «Белсата» пасля вобшуку, фота Радыё Свабода

«Наша Ніва» заехала ў офіс чалавека, які валодае правамі на таварны знак «Белсат» — гэта прадпрымальнік Андрэй Белякоў. 

Ён разам з жонкай арандуе невялікае памяшканне ў Палацы мастацтваў, займаецца сістэмамі спадарожнікавага ТБ. 

Андрэй кажа, што ўсёй гэтай сітуацыі сёння магло б не быць, бо «яны на мяне першыя напалі». 

«Я ў 2001 годзе падаў заяўку ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Раней такія разглядаліся два гады, таму ўжо ў 2003 у мяне было пасведчанне. — кажа Андрэй. — А калі там «Белсат» пачаў вяшчанне? У 2007? Яны, як мне вядома, зарэгістраваліся ў ЕС, а пасля паспрабавалі зарэгістраваць знак тут, але ў мяне быў прыярытэт, таму па законе яны атрымалі адмову. І ў 2012 годзе яны першымі, падкрэслю, падалі на мяне ў суд, каб адняць таварны знак. Але я перамог. Пастанова была такая — адмовіць у рэгістрацыі таварнага знака, таму што ён сходны да ступені змяшэння з маім таварным знакам — гэта такое юрыдычнае паняцце». 

Далей, паводле прадпрымальніка, ён сам падаў сустрэчны пазоў — справа была ў 2014 годзе. 

«Але пазоў быў адхілены, я падаў скаргу, судзіўся зноў і перамог. Яны мусілі сплаціць судовыя выдаткі. Гэта рашэнне Вярхоўнага суда, якое было накіраванае ў Акруговы суд Варшавы таксама. Бо сітуацыя з таварнымі знакамі рэгулюецца ў тым ліку Мадрыдскім пагаденнем, у якое ўваходзіць і Беларусь, і Польшча. Акруговы суд Варшавы даслаў ліст, што яны павінны выканаць рашэнне, але ім трэба грошы — у іх платнае выкананне. Я нават грошы пераслаў! А адтуль маўчанне. Агулам на ўсіх гэтых судах я згубіў каля 2 тысяч даляраў. І гэта ў крызіс! Не ўлічваючы таго, што яны змяншаюць колькасць кліентаў — многія людзі думаюць, што мы з імі неяк звязаныя, задаюць пытанні, хтосьці адмаўляецца. Да таго ж, перыядычна звоняць нейкія людзі са скаргамі, нядаўна прыйшла жанчына — яе з работы звольнілі, кажа «дапамажыце», мужык нейкі вершы свае прынёс. Я ўвогуле разам з жонкай працую, мы маленькае прадпрыемства. Я закон не парушаю і хачу справядлівасці, каб кампенсавалі мае выдаткі», — сказаў прадпрымальнік і яшчэ раз дадаў, што не ён пачынаў гэтую «валтузню». 

Пры гэтым сітуацыя з ператрусамі і канфіскацыяй тэхнікі падалася яму дзіўнай, бо ягоныя прэтэнзіі ляжаць у іншай плашчыні. 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?