У сакавіку Міністэрства ўнутраных спраў абвясьціла конкурсы на закупку новых аўтазакаў, мікрааўтобусаў, легкавікоў. Інфармацыя пра гэта разьмешчаная на сайце дзяржаўных закупак icetrade.by.

фота Ірыны Арахоўскай

фота Ірыны Арахоўскай

Цягам сакавіка Дэпартамэнт фінансаў і тылу МУС разьмясьціў чатыры заяўкі на закупку новага транспарту. 13 сакавіка Галоўнае ўпраўленьне камандуючага ўнутранымі войскамі апублікавала запыт на сем тыпаў аўтамабіляў. У гэтым сьпісе 11 легкавых апэратыўных аўтамабіляў (Geely Emgrand 7 ці аналяг), два мікрааўтобусы на 18 месцаў (сіняга колеру), чатыры МАЗы сэрыі 531605 для перавозкі асабістага складу, 5 патрульных УАЗаў, 5 аўтазакаў ГАЗ-2705, адзін грузавы МАЗ і адзін аўтамабіль для сапёрна-піратэхнічнай групы.

24 сакавіка разьмешчаная заяўка на 28 матацыклаў. Патрабаваньне да транспартнага сродку — 4-тактавы рухавік аб’ёмам ня менш за 790 см³. Колер мусіць быць белым ці серабрыстым.

27 сакавіка МУС разьмясьціў заяўку на спэцаўтамабіль з пастаянным поўным прывадам.

У заяўцы ад 28 сакавіка — замова на 10 легкавікоў. У дакумэнтах удакладняецца, што згодна з Указам прэзыдэнта «Аб упарадкаваньні набыцьця службовых легкавых аўтамабіляў», кошт аўто не павінен перавышаць суму эквівалентную 25 000 эўра з улікам мытных і іншых плацяжоў.

Крыніца фінансаваньня ўсіх закупак — дзяржаўны бюджэт. Аднак аб’ём бюджэту для кожнага лоту ў заяўках не пазначаны.

З 2012 года icetrade.by — афіцыйны сайт для дзяржаўных закупак. Асноўная задача рэсурсу, як пра гэта напісана на сайце, — забесьпячэньне інфармацыйнай адкрытасьці і празрыстасьці закупак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?