фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Швейцарская прэса пра беларуска-расійскую пастку стабільнасці

Расійскія пратэсты, якія супалі ў часе з беларускім Днём Волі, паказалі, якую розную ролю граюць нашыя краіны і якой непараўнальна рознай увагай карыстаюцца ў свеце. І ўсё ж некаторыя заходнія назіральнікі паспрабавалі супаставіць беларускі і расійскі кантэксты - балазе, гэтаму спрыялі самі дэманстрацыі, якія супалі па часе.

Іва Мійнсэн (Mijnssen), рэдакцыйны супрацоўнік газеты «Neue Züricher Zeitung» («Новая цюрыхская газета»), падсумаваў урокі беларускіх і расійскіх пратэстаў у артыкуле «Палоненыя ў пастцы стабільнасці». Хаця пратэсты ў Маскве і Мінску пачаліся з вельмі розных нагодаў (падатак на дармаедаў і карупцыйны скандал), яны падобным чынам выявілі вялікую незадаволенасць у Расіі і Беларусі.

Стагнацыя замест хаосу

Каб праілюстраваць фон пратэстаў, Мійнсэн звяртаецца да беларускага прыкладу як да асабліва яскравага. Гаворка ідзе аб тым, як мадэль палітычнага панавання, заснаваная на палітычнай стабільнасці ў якасці галоўнай каштоўнасці, паступова зайшла ў тупік. Безумоўна, страх перад бязладдзем у выпадку, калі рука аўтакрата раптам знікне, усё яшчэ жывіць падтрымку ўлады сярод насельніцтва. Але гэтая падтрымка не такая моцная, як можа здавацца. На думку журналіста, Лукашэнка пазбавіў беларусаў «сацыяльнага цяжару 90-х», які ў Расіі прывёў да паняверкі адносна рынкавай эканомікі. Але цана за гэта была таксама немалой: рэпрэсіі, ізаляцыя і залежнасць ад Расіі, у канчатковым выніку — адмова ад перспектывы ў будучыню, якая б выходзіла за межы захавання наяўнага становішча рэчаў.

Вось жа, калі ў Маскве вычарпаўся запас «нафтарублёў», беларуская мадэль згубіла раўнавагу, і «дзеля захавання ўлады моцны мужчына ў Мінску спрабуе балансаваць паміж Захадам і Усходам». Тут Мійнсэн відавочна памыляецца - гэтая тактыка выкарыстоўвалася беларускім урадам і раней, у гэтым сэнсе яна з’яўляецца складовай часткай «беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі». Таксама і лібералізацыя ўнутры краіны, абумоўленая збліжэннем з Еўропай, не першая ў беларускай гісторыі.

«Звязанае з гэтым аслабленне страху робіць апошнія пратэсты вельмі небяспечнымі для Лукашэнкі: яны паказваюць, што стабільнасць хутка пераўтвараецца ў стагнацыю і нездавальненне».

Але ў цэлым аўтар засцерагае ад неабгрунтаваных вывадаў аб тым, што гэтыя пратэсты хутка прывядуць да нейкіх радыкальных змяненняў у рэгіёне. «Пратэсты замалыя, іхны падмурак затонкі і апазіцыя заслабая, каб выклікаць іх [існуючых рэжымаў] абрушэнне».

І ўсё ж, прывід Майдана і досвед Януковіча не знік з поля зроку Пуціна ці Лукашэнкі. Яны выдатна ведаюць: нават вонкава трывалая сістэма можа ў пэўны момант не вытрымаць сукупнага ціску сацыяльнага абурэння. З гэтай прычыны магчымасць абнаўлення «склератычных структураў» для іх не ўваходзіць у разгляд. На думку Мійнсэна, гэта асуджае Беларусь і Расію на пакуты і гвалт «заганнага круга стагнацыі і рэвалюцыі».

ЕС і краіны ў пастцы стабільнасці

Далей журналіст звяртае ўвагу на тое, што ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе гэты заганны круг удалося разбурыць пры актыўнай дапамозе Заходняй Еўропы. Але сёння сітуацыя зусім іншая: постсавецкім дзяржавам — ці то Расіі, ці то Беларусі, ці то Украіне, - Еўрасаюз не можа прапанаваць перспектыву ўступлення. Яму не стае як моцы, так і палітычнай волі.

Альтэрнатывай далучэнню да Еўрапейскага Саюза, на думку Мійнсэна, можа стаць большая сціпласць у мэтах. «Гэта значыць, напрыклад, замест абстрактных і часта контрпрадукцыйных павучанняў пра асноўныя правы засяродзіцца на канкрэтных тэмах, як напрыклад, на змаганні з карупцыяй». Еўропа павінна дзейнічаць у тых галінах, дзе яна мае вялікую пераканаўчасць - праз умацаванне юстыцыі і навуковых даследаванняў, стыпендыі і адукацыйныя захады. Акрамя таго, ЕС павінен быў бы запатрабаваць ад заходніх фірм большае празрыстасці ў гандлі з усходнееўрапейскімі партнёрамі.

* * *

На заканчэнне Мійнсэн заўважае: «Найноўшыя пратэсты паказалі, што постсавецкія царкі трапляюць у тлумачальную нястачу, калі ім даводзіцца дыскутаваць аб уласных непарадках і супярэчнасцях заміж таго, каб рупіцца пра вобразы ворагаў. Адсюль вынікаюць змены».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?