Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб СМІ». Пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня пачнецца адлік паўгадавога тэрміну, па сканчэньні якога закон набудзе моц.

Пра падпісаньне закону «Аб СМІ» кіраўніком дзяржавы паведамілі ўвечары 4 жніўня інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы. Ніхто зь іх не называе даты падпісаньня дакумэнта.

Законапраект быў ухвалены Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня — пасьля таго, як яго прыняла ў двух чытаньнях Палата прадстаўнікоў (17 і 24 чэрвеня). У сярэдзіне ліпеня дакумэнт паступіў на разгляд Канстытуцыйнага Суда (КС) РБ, пасьля чаго быў перададзены Лукашэнку.

ГА «БАЖ» неаднаразова зьвярталася да дэпутатаў з просьбай накіраваць дакумэнт на міжнародную экспэртызу, а таксама прапаноўвала ўласную экспэртную ацэнку, падрыхтаваную юрыстамі. Яны, у прыватнасьці, адзначалі шэраг рэгрэсіўных норм дакумэнту: рэгуляваньне дзейнасьці інтэрнэт-сфэры пастановамі ўраду, абмежаваньне замежных інвэстыцый у СМІ, неабходнасьць перарэгістрацыі ўсіх СМІ пасьля ўступленьня закону ў сілу, пашырэньне кола асоб, якія могуць выносіць папярэджаньні, спрашчэньне працэдуры закрыцьця выданьняў і г.д. Некалькі заўваг дэпутаты ўлічылі ў другім чытаньні, аднак найбольш рэпрэсіўныя нормы – у тым ліку і датычныя рэгуляваньня Інтэрнэту – засталіся.

На працягу чэрвеня і ліпеня шэраг міжнародных арганізацый зьвярталіся да беларускіх уладаў з заклікам устрымацца ад прыняцьця гэтага дакумэнтаў цяперашнім выглядзе і прапаноўвалі экспэртную дапамогу ў яго дапрацоўцы.

Сярод іх — прадстаўнік па свабодзе СМІ АБСЭ Міклаш Харашці, дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні, Міжнародная фэдэрацыя журналістаў, Міжнародная кампанія з свабоду слова «Article19», «Рэпарцёры без межаў», Фундацыя «Дом правоў чалавека» (Нарвэгія), Нарвэскі Хэльсынскі камітэт, Нарвэскі саюз журналістаў, Нарвэсскі ПЭН-цэнтар, Дацкі Саюз журналістаў і іншыя арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?