Дарагія сябры,

шчыра віншуем вас усіх і кожнага паасобку з выхадам тысячнага нумару беларускае газэты «Наша Ніва».

Мы добра памятаем, што ініцыятарам выданьня легальнае беларускае газэты быў 1906 годзе заснавальнік Беларускае Сацыялістычнае Грамады Іван Луцкевіч, што першым фактычным рэдактарам газэты быў выдатны палітычны дзеяч, публіцыст, гісторык, пэдагог і літаратурны крытык Антон Луцкевіч.

Ніхто з сур’ёзных гісторыкаў не аспрэчвае тую праўду, што без Беларускае Сацыялістычнае Грамады і «Нашай Нівы» не было б высокага ўзьлёту беларускае нацыянальнае культуры, у першую чаргу краснага пісьменства, не было б беларускае дзяржаўнасьці.

Мы зычым вам, каб сучасную «Нашу Ніву» чыталі ў гарадзкой кватэры, сялянскай хаце, у казарме, рабочым і студэнцкім інтэрнаце.

Віншуючы калектыў рэдакцыі і аўтараў сучаснае «Нашае Нівы», мы жадаем газэце не забываць традыцый сваёй папярэдніцы й высока несьці паходню, запаленую нашымі супольнымі вялікімі папярэднікамі ў 1906 годзе, – паходню патрыятызму, культуры, асьветы, сацыяльнага прагрэсу і палітычнай дэмакратыі.

З сацыялістыным прывітаньнем

старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Анатоль Ляўковіч,

генэральны сакратар БСДП Мечаслаў Грыб,

намесьнікі старшыні БСДП Ігар Маслоўскі, Іван Анташкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Валеры Фралоў.

5 жніўня 2008 г.

* * *

Даведка. Тысяча нумароў «НН»

На гэтым тыдні выйдзе тысячны нумар «Нашай Нівы». Сучасная нумарацыя выданьня вядзецца ад траўня 1991 г., калі «Нашу Ніву» адрадзілі ў Вільні. Паводле гэтага адліку нумар будзе 579-м. Калі ж палічыць усе нумары, што зьявіліся ад заснаваньня «Нашай Нівы» — ад 1906 году, — то выходзіць, што агулам іх роўна тысяча.

1906 год — 7 нумароў

1907 год — 36 нумароў

1908 год — 26 нумароў

1909 год — 52 нумары

1910 год — 52 нумары

1911 год — 52 нумары

1912 год — 52 нумары

1913 год — 52 нумары

1914 год — 52 нумары

1915 год — 31 нумар

1920 год — 9 нумароў

«Нашу Ніву» за 1906, 1907, 1908, 1909, 1910 і 1911 гады можна знайсьці ў факсымільных выданьнях. Падшыўкі за 1912 і 1913 гады (праўда, няпоўныя — да 44 нумару за 1912 год і да 46 нумару за 1913 год) ёсьць у аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі. Падшыўка за 1914 год — у Архіве-музэі беларускай літаратуры і мастацтва. «Наша Ніва» ж 1915 і 1920 гадоў захоўваецца за межамі краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?