Ён прыдумаў «Маладняк», а за смелы палітычны верш у «лібералізацыю» 1920-х быў высланы з Беларусі. Яго паэзію чытаў на памяць Купала, а НКВД асудзіла на смерць як «члена антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Ён толькі згаданы ў сучасных школьных праграмах, але ў іх не ўключаны. Усё гэта — Алесь Дудар.

Літаратуразнаўца Ганна Севярынец рыхтуе вялікі том «Выбранага» Алеся Дудара. Кніжка за кніжкай (а неўзабаве выйдзе падрыхтаваны ёй том дакументальнай біяграфіі Дубоўкі), даследчыца пераадкрывае нам літаратуру 1920-х, у якой былі не толькі бурапена і штурм аванпостаў, але і тонкасць, і глыбіня.
«Наша Ніва»: Чаму сёння трэба выдаваць збор твораў Алеся Дудара? Дапамажыце, калі ласка, чытачам ацаніць маштаб асобы.
Ганна Севярынец: Ён быў амаль самым маладым з беларускага «штурм унд дрангу» — пакалення, да якога належалі Паўлюк Трус, Уладзімір Дубоўка, Міхась Зарэцкі, Кузьма Чорны і іншыя, — адным з самых маладых і адным з самых заўважных. Алесь Дудар прыдумаў «Маладняк». Заснавалі яго разам з ім яшчэ пяцёра, гэта вядома, але прыдумаў — Дудар. Першы рэдактар маладнякоўскага часопіса — у 19 гадоў, каб вы ведалі. Завадатар усіх буйных «нацдэмаўскіх» літаратурных скандалаў 20-х. Адзін з самых яскравых — няхай сабе і супярэчлівых — крытыкаў міжваеннага часу. Першы беларускі перакладчык «Фаўста» Гётэ, «Атэла» Шэкспіра, пушкінскага «Анегіна», урэшце. Гэта я так, пералічыла ў энцыклапедычным фармаце.
А калі па-чалавечы… Гісторыя Алеся Дудара — незвычайна цікавая гісторыя чалавека, абцяжаранага бліскучым талентам і вельмі мяккім характарам. Характарам, які катастрафічна не пасаваў да эпохі. Калі Дубоўка — герой, калі Крапіва — антыгерой, то Дудар — гэта проста не герой. Чалавек з вялікім талентам — але зусім без амбіцый. З выбітной магчымай будучыняй — і зусім без моцы за яе змагацца. Ён вельмі чалавечны. І ягоны час проста зжэр яго.
«НН»: Не герой. Хіба Дудар дыстанцыяваўся ад грамадскага жыцця?
ГС: Не, я маю на ўвазе крыху іншыя характарыстыкі. У Алеся Дудара была выразная і яскравая грамадская пазіцыя, між іншым, куды больш відавочная, чым у асцярожнага Дубоўкі. Але ж яму заўсёды бракавала ўнутранай моцы адстойваць яе да канца. Ён быў даверлівы, мяккі чалавек, лёгка паддаваўся ўплывам, мог падпарадкаваць свой талент чужому агрэсіўнаму ўплыву — так ён папаў «у абцугі» Цішкі Гартнага і стварыў свае самыя адыёзныя і нават у нечым непрыстойныя крытычныя артыкулы «антыўзвышэнскай» накіраванасці… Ён быў проста чалавек, з усімі звычайнымі чалавечымі слабасцямі. Такім не ставяць помнікаў. І дзякуй богу, бо помнікі — гэта небяспечна.
Адкуль яны павыкопвалі тыя вершы?
«НН»: Чаму пасля Дубоўкі вы ўзяліся менавіта за Дудара?
ГС: Падчас працы над кнігай пра Уладзіміра Дубоўку Алесь Дудар-Дайлідовіч бясконца пападаўся мне «пад руку» — яны ж былі паплечнікамі напачатку 20-х, зацятымі ворагамі —напрыканцы. Але сапраўдная даследчыцкая цікавасць — калі проста спаць спакойна не можаш, пакуль не высветліш адказы на свае пытанні, — прыйшла, калі я перачытвала — трэба было ўдакладніць дэталі — два лісты Дудара да Дубоўкі. І — нібыта маланка. Разумееце: вытанчаная проза. Кожны сказ хацелася смакаваць. Ідэальны сінтаксіс. Бездакорная лексіка і фразеалогія. Кожнае слоўца на сваім месцы. Здавалася б, ліст. Нават не сяброўскі — справы полацкай філіі «Маладняка», напаўафіцыйны дакумент, але ж як створаны!

Звярнулася наноў да паказанняў Дудара 1930 года, якія друкуе ў сваёй кнізе Міхнюк, там своеасаблівыя паказанні, такая споведзь паэта, шчырая спроба разабрацца ў сабе — і зноў: проста бліскучая проза! У нас такой мемуарыстыкі перыяду міжваеннай Беларусі, бадай што, і няма — дакладнай, дэталёвай, псіхалагічна насычанай, напісанай ідэальнай мовай. Карацей, мяне не на жарт зачапіла.
Я ведала раней вершы Дудара, і яны не падаваліся мне ну хоць бы на кроплю цікавымі. А тут — ну я ж бачу якасць тэксту. І пайшло-паехала.
Падняла ягоныя зборнікі 20-х, публікацыі, зборнік апавяданняў… Бачу: ён зусім іншы!
«НН»: А ці перавыдавалі ўвогуле творы Дудара?
ГС: Быў панылы зборнік 1959 года — божа мой, адкуль яны павыкопвалі тыя вершы, каб іх туды паставіць? Ведаеце, як у нас выдавалі напрыканцы 50-х рэабілітаваных літаратараў? Выбіралі самыя непрыгожыя, самыя нехарызматычныя, самыя механічныя вершы, да таго ж — абавязкова пра Леніна, пра Кастрычнік, пра пяць лыжак заціркі — вось гэтае во ўсё. Я разумею, чаму так рабілася, але гэта тэма асобнай гутаркі.
Дубоўка, дарэчы, грэбаваў сваім паслярэабілітацыйным выданнем, не лічыў яго за кніжку і шмат сіл паклаў, каб следам за ёй скласці і выдаць наступную, больш-менш нармальную. За Дудара, расстралянага ў 1937-м, гэта павінны зрабіць мы.
Уваходзіў у купалаўскі пул
«НН»: Што вы самі нечакана для сябе дазналіся пра Дудара ў працэсе падрыхтоўкі? Што з гэтага найбольш здзівіла вас?
ГС: Ой, гэта гутарка на два дні без перапынку. Агульнавядомая інфармацыя пра Алеся Дудара настолькі скажоная і несправядлівая, што здзіўляцца мне даводзіцца на кожным кроку. Прыкладам, ён на вельмі добрым узроўні валодаў французскай, англійскай і нямецкай мовамі — гэта я не кажу пра польскую, украінскую і рускую, гэта само сабой.
У яго была выдатная адукацыя: спачатку легендарная менская прыватная гімназія Зубакіна і Фальковіча (між іншым, вельмі нятанная гімназія, няшмат хто мог дазволіць сабе вучыцца ў ёй), потым, у бежанстве, — класічная мужчынская гімназія буйнога горада Казлова (цяпер Мічурынск, Тамбоўская вобласць Расіі). Акрамя гэтага, Дудар увесь час самаадукоўваўся: у яго была нерэальная бібліятэка. Дзе ён браў тыя выданні, якія я бачыла на свае вочы — а гэта ўжо толькі рэшткі легендарнай ягонай бібліятэкі, — я не магу зразумець. Гэта нешта фантастычнае, бібліятэка Дудара. Гэта тэма асобнага даследавання. Ды там за што не крані… Адносіны з Купалам, прыкладам… Алесь Дудар зусім не такі, якім яго нам малявалі. Як, між іншым, і ўся наша міжваенная літаратура.
«НН»: А якія адносіны былі ў Дудара з Купалам?
ГС: Купала Дудара вельмі любіў і цаніў. Дудар уваходзіў, так бы мовіць, у купалаўскі пул — Іван Дамінікавіч ставіўся да яго сардэчна, цаніў як паэта. Нездарма ж менавіта Дудару Купала, старшыня Пушкінскай камісіі, аддаў перакладаць «Анегіна». Абы-каму такі дзяржаўны заказ не даюць. Ёсць успаміны, як Дудар ратаваў Купалаву бібліятэку падчас паводкі, як свабодна, у любы час, прыходзіў да яго ў госці. Яны і выпівалі разам.
Ёсць кранальныя ўспаміны Юркі Віцьбіча пра тое, як беларускія пісьменнікі абмяркоўвалі сталінскую Канстытуцыю, а Дудар, Маракоў і Віцьбіч сядзелі ў сталоўцы Дома пісьменніка і пілі горкую. Далучыўся да іх і Купала. З залы даносіліся істэрычныя воклічы: «Вялікі Сталін! Вялікая Канстытуцыя!» — і чым гучней, тым паўней наліваліся келіхі. «Дзядзька Янка, прачытайце што сваё», — папрасілі Купалу. Ён прачытаў колькі радкоў з «Над ракой Арэсай» — гэта такая вельмі правільная, ідэалагічна вытрыманая паэма. «Ну як?» — і маладыя паэты апусцілі вочы. «Дзякую, хлопцы, — горка сказаў Купала. — А вось ім там, — і ён матнуў галавой наверх, — падабаецца». Устаў, каб сыходзіць, — і раптам вярнуўся, нахіліўся да стала і прачытаў на памяць Дудараў «Себеж», вельмі моцны «нацдэмаўскі» верш:
Ішлі людзі праз Себеж на захад,
Не згубіўшы, шукалі чагосьці.
I пад замчышчам сохнуць і чахнуць
Беларускія белыя косці.
І Дудар, як піша Віцьбіч, заплакаў.
Цікава, што Якуб Колас не вельмі любіў Дудара, хоць калісьці вучыў яго. Гэта складаная і шматбаковая тэма — хто каго цаніў і хто каго не цаніў у беларускай літаратуры.

Бібліятэка ўратавала бацькоў у вайну
«НН»: Дудар ад 10 да 17 гадоў пражыў у Расіі, у бежанстве. Ці адбіўся на ім гэты побыт у Расіі ў веку, калі фармуецца асоба?
ГС: У Алеся Дудара была вельмі беларуская сям’я — мама ўсё жыццё гутарыла выключна па-беларуску, бацька ў побыце — таксама. Да таго ж з пачатку 1920-х Дудар — актыўны ўдзельнік мерапрыемстваў «Беларускай хаткі» і трупы Уладзіслава Галубка — два гады ён вандраваў з гэтым легендарным тэатрам у якасці акцёра. Да таго ж сем’і Дайлідовічаў і Галубка жылі дзверы ў дзверы, суседнія кватэры дома №15 па вуліцы Правадной (цяпер гэта раён вуліцы Фабрыцыуса — СМ). Менавіта гэта сфармавала ягоную асобу. Ад расейскага Мічурынска ў Дудара — выбітнае веданне расейскай і сусветнай літаратуры. У тагачасным Казлове была адна з самых багатых правінцыйных бібліятэк, а Шурка Дайлідовіч перачытаў яе амаль усю.
«НН»: Цікава, які быў лёс бібліятэкі самога Дудара. Міхась Чарняўскі ўспамінаў, як адзін агент КГБ, каб уцерціся ў давер, запрашаў яго дахаты і паказваў рэдкія беларускія кнігі. Пасля высветлілася, што яго бацька быў энкавэдыст і меў доступ да бібліятэк арыштаваных пісьменнікаў. Ці маглі і кнігі Дудара разысціся так?
ГС: Так яны і разышліся, Дударовы кніжкі. Маці ягоная казала, што энкавэдысты вывезлі шэсць машын кніг пасля вобшуку. Мо і не шэсць, але тое, што іх вывезлі машынамі, — факт. Яшчэ частку маці прадала за акупацыяй, бо не было чаго есці — яны засталіся ўдваіх пад немцам, старэнькая маці і бацька. Сынава бібліятэка ратавала іх усю вайну.
Жонка развялася, калі выслалі
«НН»: Вядома, што следчая справа Дудара захоўваецца ў архіве КДБ. Ці могуць і там быць яго невядомыя творы?
ГС: Наўрад ці. Усе рукапісы фігурантаў той справы былі спалены 1 жніўня 1937 года — акты знішчэння паказваў мне Леанід Маракоў. На жаль, я амаль упэўнена, што менавіта ў тым вогнішчы гарэлі найлепшыя іх творы. Але ніколі не варта губляць надзеі. Будзем чакаць, пакуль архівы адкрыюць.
«НН»: Што стала з сям’ёй Дудара, калі яго рэпрэсавалі?
ГС: О, гэта яшчэ адна доўгая і драматычная гісторыя. Паэтка Наталля Вішнеўская, з якой Алесь Дудар пабраўся шлюбам напрыканцы 1928 года, пад ціскам абставін і «добрых людзей» падала з ім на развод, калі ён быў высланы ў Смаленск у 1929 годзе за легендарны цяпер верш «Пасеклі Край наш папалам». Гэта была ягоная вялікая асабістая драма, нават думаў пра самагубства, прасіў яе трываць і чакаць, але ж… Ён больш не ажаніўся, а яна выйшла замуж за паэта Алеся Звонака, рэпрэсаванага ў 1936-м, а потым — за Янку Бобрыка, які загінуў у блакадным Ленінградзе. Сама Наталля Вячаславаўна жыла доўга, памерла ў 1986, але пра Дудара нідзе не ўспамінала — так, пару словаў у лістах да Сяргея Грахоўскага. Дзяцей у іх не было.
Шыкоўная магчымасць
«НН»: Што будзе ў «Выбраным» Дудара?
ГС: Вершы — як з вядомых зборнікаў 20-х, так і з маладаступных шараговаму чытачу публікацый; проза — некалькі апавяданняў і эсэ; крытыка — у Дудара, акрамя ўсім вядомай «антыўзвышэнскай» крытыкі, ёсць шэраг бліскучых уласна літаратуразнаўчых артыкулаў, напісаных яркай, жывой, іранічнай мовай; і нарэшце — пераклады: з Брусава, Блока, Ушакова, Гейне, Пушкіна.
Увойдзе туды і першы беларускі пераклад «Яўгена Анегіна», зроблены Дударом за дзесяць гадоў да Куляшова. Пераклад настолькі бліскучы, настолькі цікавы, што мне цяжка працаваць над ягоным расчытваннем — сяджу і радуюся, туды-сюды «ганяю» ў галаве Дударовы перакладчыцкія знаходкі:
Мой дзядзька правіл беззаганных,
Як не на жарты захварэў,
Узяў ён да сябе пашану
І лепш прыдумаць не ўмеў.
Яго пачын — другім навука.
Ды божа мой! Што за дакука
Пры хворым дні і ночы быць
І ні на крок не адступіць!
У дадатку планую змясціць «матэрыялы да біяграфіі» — дакументы з асабістага архіва паэта, перададзенага мне сваякамі Алеся Дудара, некалькі лістоў.
«НН»: Што з гэтага ніколі раней не друкавалася?
ГС: Раней ніколі не друкаваўся «Анегін» — бо якраз пры канцы працы над ім Дудар быў арыштаваны, а потым — расстраляны. У 1936 публікаваліся першая і трэцяя часткі гэтага перакладу, але ж з такой пачварнай рэдактарскай праўкай, што страшна. У «Выбраным» будзе аўтэнтычны аўтарскі тэкст.
Пакуль не бачыла ў друку пераклад «Зімовай казкі» Гейне і аднаго верша — таксама бліскучыя пераклады.
Але нават і тое, што друкавалася, знаходзіцца ў вельмі абмежаваным доступе, у амаль спарахнелых падшыўках газет, у старых часопісах. Зусім не ведаем мы Дударовай прозы — і я з задавальненнем дам два апавяданні, кожнае з якіх цікавае і сюжэтна, і як адлюстраванне ўнутранага свету аўтара. Хаця агулам проза Алеся Дудара не была яскравай прыкметай ягонага часу.
«НН»: Што вы маеце на ўвазе?
ГС: Гэта такое відавочнае наследаванне традыцыям Купрына і Горкага з беларускім акцэнтам. Ёсць яскравыя абзацы, цікавыя вобразныя знаходкі, але ўвогуле — і тут меў рацыю Адам Бабарэка, які казаў, што «усё гэта ўжо было, і глыбей, і лепш».
«НН»: Калі плануеце выдаць кнігу? Ці будуць на яе збірацца сродкі праз краўдфандынг?
ГС: Канечне, хацелася б паспець да 29 кастрычніка 2017 года, васьмідзесяцігоддзя «чорнай ночы беларускай літаратуры», гэта было б і сімвалічна, і справядліва. Але кожны дзень прыносіць столькі новага і важнага, што загадваць цяжка. Буду выдаваць, як толькі зразумею, што кніга атрымалася вартай свайго аўтара.
Наконт краўдфандынгу: асабіста я лічу, што такія выданні — шыкоўная магчымасць для людзей бізнэсу зрабіць унёсак у справу беларускай культуры. Прыкладам, выданне дакументальнай біяграфіі Дубоўкі прафінансавана адным з найлепшых беларускіх мецэнатаў — пакуль не выдам сакрэту кім, усё паведамім на прэзентацыях. Калі нехта з бізнэсоўцаў пажадае ўнесці сваё імя ў гісторыю беларускай літаратуры і паўдзельнічаць у выданні твораў Алеся Дудара — пішыце. Гэта будзе файны і не вельмі цяжкі фінансава праект.
Пасеклі Край наш
Пасеклі Край наш папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі.
Вось гэта — вам, а гэта — нам,
Няма сумлення ў душах рабскіх.
І цягнем мы на новы строй
Старую песню і чужую:
Цыгане шумнаю талпой
Па Бесарабіі качуюць…
За ўсходнім дэспатам-царком
Мы бегаем на задніх лапах,
Нью-Ёрку грозім кулаком
І Чэмберлена лаем трапна.
Засыплем шапкамі яго,
Ура, ура — патопім ў соплях.
А нас тым часам з году ў год
Тут прадаюць ўраздроб і оптам.
Мы не шкадуем мазалёў.
Мы за чужых праклёны роім,
Але без торгу і без слоў
Мы аддаем сваіх герояў.
Не смеем нават гаварыць
І думаць без крамлёўскай візы,
Без нас ўсё робяць махляры
Ды міжнародныя падлізы.
Распаўся б камень ад жальбы
Калі б ён знаў, як торг над намі
Вядуць маскоўскія рабы
З велікапольскімі панамі.
О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні
Такі разлом, туга такая!
І баюць байкі баюны
Северо-Западного края…
Плююць на сонца і на дзень.
О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?
Ім мураўёўскі б гальштук ўздзець,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым…
Але яшчэ глушыце кроў.
Гарыць душа і час настане,
Калі з-за поля, з-за бароў
Па-беларуску сонца гляне.
Тады мы ў шэрагах сваіх,
Быць можа, шмат каго не ўбачым.
З тугою ў сэрцы ўспомнім іх,
Але ніколі не заплачам.
А дзень чырвоны зацвіце,
І мы гукнем яму: «Дабрыдзень».
І са шчытом ці на шчыце
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.
1928
***
Алесь Дудар
(Аляксандр Дайлідовіч, 1904—1937) — паэт, крытык, перакладчык.
Нарадзіўся ў Навасёлках Мазырскага павета ( цяпер Петрыкаўскі раён), у сялянскай сям’і. Падчас Першай сусветнай Дайлідовічы былі ў бежанстве ў Тамбоўскай вобласці (Казлоў, цяпер Мічурынск). Вярнуліся вясной 1917. Пасля заканчэння (1921) школы ўступіў у тэатральную трупу У. Галубка. У 1923 адзін з заснавальнікаў «Маладняка».
Вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта БДУ, у выніку кампаніі супраць беларускіх пісьменнікаў-студэнтаў пакінуў універсітэт. За верш «Пасеклі Край наш папалам…» у 1929 высланы на тры гады ў Смаленск. Там быў арыштаваны ў 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У 1931 зноў у Смаленску. Пасля заканчэння тэрміну высылкі вярнуўся ў Мінск. Трэці раз арыштаваны ў 1936 у Мінску. Асуджаны як «член антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі», расстраляны 29 кастрычніка 1937.
Каментары