Фото Галляша Сялявы

Фото Галляша Сялявы

Patriotism is, fundamentally, a conviction that a particular
country is the best in the world because you were born in it.
George Bernard Shaw

Воўка прачнуўся ад нясцерпнага болю ў галаве. Дзесьці ў другім пакоі драўлянай вясковай школы корпалася ў печы старая маці, гатуючы свінням і сыну сняданак.

— Ідзі храпы насячы, галодныя равуць! — сказала яна праз зубы, пачуўшы, як сын пачаў варушыцца.

— Зараз, — буркнуў Валодзька.

Ранкі ў канцы жніўня на Браслаўшчыне ўжо пачыналі рабіцца халоднымі, таму хочаш не хочаш, а трэба было залезці ў смярдзючы цыгарэтамі швэдар.

«Дзе мае боты?» — запытаў ён сам у сябе. Адказу ў галаве не ўзнікла.

Знайшоўшы нейкія абразанікі, Воўка выйшаў з хаты. Святло, забіваючы астатнія клеткі мозгу, апусцілася на яго галаву як калун на калодку. Ён заплюшчыў вочы. Ідучы амаль навобмацак, Воўка зайшоў за кут хаты і амаль адразу пачаў спускаць вадкасць з арганізма. Зрабілася лепей і маральна, і фізічна, толькі ранішні холад праз абрэзаныя боты трапляў на ступні.

«Дзе ж мае боты?» — зноў запытаўся ў сябе Валодзька. Адказу не было.

Праца ішла марудна. Секчы буракі не было ані жадання, ані моцы, ды і кавалкі лісця час ад часу траплялі ўнутр абразанікаў.

«Ды, бл..ць, дзе ж гэтыя ё..ныя боты?!» — не вытрымаў хлопец. Наваколле маўчала, толькі свінні Лідка і Пракоп раўлі на ўсё горла і паднімалі падлогу ў свінарніку так, што ўвесь будынак хістаўся. Час снядання даўно ўжо мінуў, а свінні, як вядома, стварэнні пунктуальныя. Боты знайшліся каля лазні. Ляжалі сабе каля пустых бутэлек і смецця, што пакінулі ўчора сябры. Відаць, Воўка так і не нацягнуў іх, бо, пасля таго, як папарышся і вып’еш, вядома, горача.

Пасля таго, як пунктуальныя стварэнні задаволіліся, маці паклікала сына снедаць. Нават наліла сотку, каб паправіць сынова здароўе, бо глядзець на яго проста так было цяжка.

— На рыбу пайду, — паведаміў Валодзька.

— Ага, ідзі. Заняцца табе няма чым, лайдак! Шмат ты навудзіў пазаўчора.

— Жэнька казаў, лешч бярэцца.

— У Жэнькі заўсёды бярэцца, а ты пусты прыходзіш. Увесь у бацьку — той быў абібок і ты туды ж. Лазню калі адрамантуеш?

— Адрамантую.

— Адрамантую. Два месяцы збіраешся… Чакаеш, калі загарыцца? Дым праз дах ва ўсе бакі! Ластоўскі ўчора прыбег, думаў — пажар.

— Адрамантую. Жэньку папрашу — дапаможа.

— Без Жэнькі — нікуды. Анідачэго.

— Добра табе.

— Сала вазьмі з сабой. Хіба не вернешся сёння, зноў да Наталькі пойдзеш. Як яна цябе толькі церпіць, гультая!

— Угу.

Чарвякі капаліся хутка. Валодзька спецыяльна выбіраў тых, што мелі светлыя палоскі ўздоўж цела, яны і смярдзелі інакш, і лешч іх браў адразу, без сумневу.

Пясчаная дарога да возера так і не была адрамантаваная. Новая ўлада сюды яшчэ не дайшла, і надзеі, што дойдзе, не было аніякай. Драўляны мост, які пабудавалі яшчэ пры Польшчы, трымаўся на астатніх іржавых цвіках. Турыстычны сезон скончыўся, а і так не ўдалося зарабіць на гасцях з Расіі, іх у гэтым годзе было зусім мала: закрылі мяжу, і цяпер нашмат даражэй было ехаць адпачываць на некалі ўлюбёных і разрэкламаваных Браславах.

Пасля Сівага ў краіне пачалася барацьба за ўладу. Рускія праціскалі свайго кандыдата Чубатага, а менская апазіцыя — Пракопчыкаву. Дапамагла Еўропа, якая абяцала, што калі Пракопчыкава атрымае перамогу, то будуць новыя крэдыты з добрым адсоткам. Выбіраць не прыходзілася, бо грошай зусім не стала. Нават пенсію для маці паштальёнка не прывозіла па некалькі месяцаў. З невялічкім адрывам ад Чубатага перамагла жанчына-кандыдатка. Добра, што ў камісіях засталіся старыя, правераныя часам людзі, і ўсё прайшло даволі ціха.

Новы прэзідэнт узялася за працу з імпэтам. Адразу была ўведзена мяккая беларусізацыя: па БТ пачалі круціць песні «N.R.M.» і «Крамы», а «Відзьма-Нявідзьма» вярнулася ў прайм-тайм.

Ніхто цяпер не аспрэчваў, што дзяржаўныя сімвалы павінны быць іншыя, разам з назвамі вуліцаў, на перайменаванне якіх былі выдадзены вялікія сродкі. Змяняліся пашпарты. Згодна з еўрапейскім стандартам, людзі атрымалі пластыкавыя карткі з «Пагоняй». Міліцыя стала называцца Нацыянальнай паліцыяй, ці НАП, а АМАП — спецыяльнай тактычнай групай «Ваўкалак». Працы ім хапала, як і заўсёды.

Валодзька спачатку быў нават задаволены ўсімі гэтымі дзеяннямі, бо па тэлевізары выглядала зусім крута, толькі потым эканамічныя праблемы, якія назапасіліся пры Сівым, вярнуліся з новай сілай. Новая ўлада не жадала выконваць умовы Расіі, і тая зусім пакрыўдзілася. Як заўсёды, пачалося з малака і мяса, а потым уключылася цяжкая артылерыя абмежаванняў нафты і газу. Зіма прайшла пад крыкі, што партызаны вытрымалі — і мы вытрымаем, і не больш як з 17-цю градусамі ў шматпакаёўках. Добра, што Воўка з маці не перайшлі на газ і далей карысталіся дровамі, якія можна было за бутэльку знайсці дзе хочаш.

Нарэшце быў уведзены памежны рух з Польшчай, якая зрабіла спецыяльныя ўмовы пры паступленні моладзі ў польскія ВНУ, а потым прэзідэнт Рэчы Паспалітай ласкава паведаміў пра надзвычайныя правы ўсіх жыхароў Заходняй Беларусі пры атрыманні «картак паляка». Карэнных палякаў адразу паболела на чатыры мільёны з гакам.

Усё гэтыя падзеі здаваліся вельмі далёкімі тут, на Браслаўшчыне. Здавалася, нішто не магло змяніць дзённага распарадку жыхароў выміраючых вёсак. Адзінае, што бянтэжыла: усё больш пачало з’яўляцца турыстаў з нейкіх дзіўных краінаў. Дагаварыцца з імі было амаль немагчыма: рускай мовы яны не разумелі.

Воўка адштурхнуў човен ад берага, а сам, скокнуўшы ў яго, пачаў веславаць.

Надвор’е было кепскае, ды і позна ўжо было для рыбалкі, але лепш так, чым слухаць бурчанне маці ў хаце. Ён нажывіў чарвяка, плюнуў на яго і закінуў вуду. Першы лешч чакаў нядоўга. Паплавок прыпадняўся і лёг на ваду бокам — Валодзька падсек. Лешч супраціўляецца толькі, калі ён на глыбіні, а потым, наглытаўшыся паветра, становіцца млявы, як той беларус на выбарах.

Старая сіваўская сістэма з усёй моцы супраціўлялася новаму кіраўніцтву, якое хацела паказаць прыклад дэмакратыі, каб атрымаць новы крэдыт, і не сцінала ўсіх галоваў адразу. Пікеты перад прэзідэнцкім палацам сталіся звычнай справай і, здаецца, нікога ўжо не здзіўлялі пасля працяглага часу цішы на вуліцах.

Чыноўнікі збольшага засталіся старыя. Хаця, канечне, цяпер яны крычалі пра важнасць беларускай мовы і насілі вышыванкі. На месцах і ў вёсках часта мяняць проста не было на каго. Нават стары старшыня Валодзькавага калгаса неяк ухітрыўся і застаўся кіраваць далей, прадаўшы свой Volkswagen Touareg, падараваны мінулай ўладай альбо нажыты цяжкай працай на лесапільні — гісторыя аб гэтым сціпла маўчыць. Так ці інакш, Touareg асацыяваўся з колішнімі справамі кіраўніка калгаса па продажы лесу і, як сімвал, мусіў сысці ў забыццё.

Лешч браўся добра, і ўпершыню Воўка пачуў палёгку пасля ўчарашняй папойкі з сябрамі. Рукі наліваліся сілай, рухі зрабіліся дакладнымі. Збоку стала бачна: працуе сапраўдны браслаўскі рыбак, якога не здзівіш ані памерамі, ані колькасцю рыбы.

Улоў быў вялікі, і Валодзька вырашыў, як і пазаўчора, прадаць яго большую частку.

«Нам з маці хопіць і так на юшку», — хутка прыкінуў ён. Кліентаў было шмат, але ён пайшоў да мясцовага кантрабандыста Галляша, які сам рыбу не вудзіў, але быў да яе ласы, ды і дваіх дзяцей трэба было чымсьці карміць. Галляш быў браслаўскім беспрацоўным інтэлігентам, які любіў паўтараць: «Шляхта не працуе!» Ён нават некалі вучыўся ў Менску і рабіў розныя цікавыя праекты накшталт «Зялёнага Браслава». Плацілі за праекты мала, і, калі з’явілася другое дзіця, Галляш канчаткова ўдарыўся ў кантрабанду. Наладзіў некалькі маршрутаў у суседнюю Латвію, дзе, як і ў Беларусі, у эканамічным плане была поўная дупа. Па старой памяці некаторыя беларускія тавары і надалей карысталіся неблагім попытам у суседзяў. Добра бралі цукар, сыркі і цыгарэты з палівам.

— Здароў, Наста! — Дзверы адчыніла жонка Галляша з дзіцем на руках. Дзіця глядзела насцярожана, а Наста — абыякава. Калісьці яна была адной з найпрыгажэйшых дзяўчат браслаўскіх ваколіц. Нават мінскія фатографы завітвалі да яе, каб зрабіць з дзяўчынай фотасесію на фоне азёр. Час і проза сямейнага жыцця завастрылі рысы Насцінага твару, а ў вачах, некалі глыбокіх і гуллівых, як Дрывяты пры добрым ветры, з’явіўся холад.

— А дзе гэты бандыт?

— Паглядзі ў гаражы.

Праз адчыненыя дзверы Воўка ўбачыў высокую і худую, як у большасці мясцовых мальцоў, постаць. Адзінае, чым Галляш адрозніваўся ад астатніх, былі светлыя, як сухое сена, валасы. Кантрабандыст разліваў калгасную салярку па каністрах. Рукі яго настолькі прапахлі палівам, што не дапамагала нават Fairy з пяском. У куце гаража стаяла вялізная металічная бочка, у якую на працягу месяца злівалася з трактароў паліва, каб потым перад паездкай пераліцца ў каністры і бакі.

— Рыбу возьмеш?— Воўка паказаў садок.

— Ага, давай, схадзі да жонкі, грошы табе дасць. Пяць кіло?

— Сем.

— Добра, як там маці?

— Тупае памаленьку.

— Усё ездзіш?

— Так, на мяжы цяпер лепей, нашыя не так трасуць, толькі калі кіраўніцтва прыязджае.

— Што сёння ў горадзе?

— А… мінскія наведаліся, да прэдсядацеля… п’юць на базе.

— Не нажаруцца ніяк. Добра, давай там! Заязджай, калі будзеш побач!

— Ага.

Грошы прыемна шалясцелі ў кішэні, і Валодзька пайшоў да кафэшкі, каб павітацца з Наталькай. Непадалёк ад будынка дзеці рагаталі з мясцовай зоркі-вар’яткі Марылькі: «Марылька-Марылька, пакажы пуп!» А тая і рада, задзірала ўверх спадніцу і круцілася на ўсе бакі, рагочучы. Валодзька адвярнуўся і пакрочыў далей.

Разведзеная Наталька сама выхоўвала сына: мужык дзесьці знік у Расіі, калі паехаў зарабіць. Дзяўчыне падабалася Валодзькава ўсмешка, таму хлопец быў яе частым госцем.

— Прыйдзеш сёння? — запыталася яна

— Прыйду.

— Я працую да дзясятай. Госці ў прэдсядацеля, затрымаюць нас.

— Добра, я пачакаю.

Дзесьці з будынка сельсавета даносілася «Купалінка», лунаў бел-чырвона-белы сцяг, а побач стаялі некалькі машын з мінскімі нумарамі. Плюнуўшы на нумар з 7-га рэгіёна, Воўка пакрочыў далей. Звычка ненавідзець гасцей выпрацавалася ў кожнага браслаўчаніна. Ненавідзелі ціха, бо госці былі адзінай мажлівасцю добрага заробку ў наваколлі. Асабліва ненавідзелі мінскіх, бо тыя скуплялі дзедавы хаты і рабілі з іх бардэлі, перабудоўваючы і руйнуючы дзіцячыя ўспаміны мясцовых.

Воўка выйшаў з кафэшкі і пакрочыў у бок базы: цікава было паглядзець, як адпачываюць кіраўнікі.

— Валодзька! — пачуўся голас старога чалавека. Дзед Антось, стрыечны брат маці, усміхаўся да яго праз вусы.

— Шукаеш каго?

— Не.

— Хадзі да мяне, пагаворым.

Дзед Антось жыў каля самага возера, і Валодзька любіў у дзяцінстве лавіць рыбу з ягонай кладкі, якая цягнулася далёка ў возера. Тут добра браліся невялічкія акуні, а часам нават шалёны судак ірваў непрыстасаваную для такой рыбы лясу. Дзед пацягнуўся за шафу і дастаў бутэльку мутнай.

— Што там у цябе?

— Нічога, дзядзьку, памаленечку.

— Даўно не быў у вас: стары, цяжка хадзіць. Маці твая мацнейшая за мяне, хоць і старэйшая. А я памру хутка. Сена мала ў гэтым годзе, прэдсядацель не дае больш, а я кашу павольна. Нага баліць. У балота дык зусім не магу зайсці, не выцягнуць нагі. А мае палі дык у балоце. А прэдсядацель сена не дае, кажа, што і так грошай няма на камбікорм каровам, і сена шмат трэба. Я кажу яму, што купіць магу, а ён кажа, што няма сена. Сёння Марту хавалі ў Слабодцы, памятаеш? Добрая жанчына была. Дзеці параз’ехаліся, потым да яе прыходзіла адна з сельсавета, каб пераварочваць яе, калі ўжо ляжала, бо пролежні з’явіліся, а не было каму пераварочваць. А тая, з сельсавета, грошы крала і посуд. Мучылася Марта, я не хачу каб так, лепей адразу. Ты будзеш мяне пераварочваць, калі што?

— Ды ідзі ты, дзядзька. Каркаеш.

— Не, я слабы ўжо. Нага баліць. Лазню рабілі ўчора? Сена мала. Карове не хопіць на зіму. Здаваць трэба будзе на мяса, а яна маладая яшчэ. Шкада Маліну. Яна малака шмат дае. Я яе купіў ад Саўкі, а той — з Латвіі прыцягнуў быў. Шкада, добрая карова, не брыкаецца. Мне нага баліць. Цяжка даіць, а яна спакойная.

— Дамо табе сена. Ёсць у нас, шмат.

— Ага. Дзякуй табе. Цяпер усё толькі за грошы ці гарэлку падавай. А я не ганю. Няма апарата. Ды і цяжка, усю ноч сядзець, а мне нага баліць. Кароўка каб засталася. Малако — добра…

Дзед бурчаў і бурчаў, і Валодзька пачаў шукаць прычыну, каб пайсці.

— Добра, дзядзька, у краму пайду. Хлеба трэба купіць.

— Ага, ага. Маці прывітанне ад мяне.

— Перадам.

Наталька сустрэла ціха, было відаць, што дзяўчына забегалася за ўвесь дзень, але была (Воўка вельмі кахаў яе за гэта) прыемная і ласкавая, і так з усімі. Наталька накрыла на стол, сын ужо спаў у другім пакоі.

— Можа, пажэнімся? — запыталася яна.

— Нашто, мне і так з табой добра.

— Людзі пляткараць, а маці злуецца. Кажа, не па-людску.

— Ага, вунь Светка Касцюкова па-людску робіць, круціць спадніцай пры жывым мужу. Машына за машынай прыязджае.

— Сыну кепска без бацькі. У школе на яго скардзяцца.

— Ну дык выхоўвай яго.

— Не слухае. Кажа, паеду адсюль да бацькі.

— Хай едзе, гаўнюк.

Наталька прытуліла яго да грудзей.

— Цяжка мне адной.

— Ведаю. Мне таксама. Маці зусім старая.

— Маглі б да цябе з’ехаць. Хата вялікая ў вас.

— Ну, можна падумаць.

Валодзька засынаў, абняўшы Натальку за грудзі. Яна была вельмі цёплая і пяшчотная, і здавалася — вось яно, шчасце, толькі ён не верыў гэтым пачуццям. Прызвычаіўся не верыць. А толькі думаў аб тым, што рабіць далей і куды падзецца ў гэтым Богам праклятым краі.

***

Нар. 1985 у Гродне. Шмат часу праводзіў у вёсках сваіх бацькоў, што ў Браслаўскім і Мёрскім раёнах. Піша тэксты песень, вершы і прозу. Вакаліст гурту «Здань».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0