19.05.2017 / 12:14

«Сакатала бочачка» — сканчаецца краўдфандынг на выданне праўдзівай гісторыі нашых напояў. Паспяшайцеся! 6

Ідуць апошнія гадзіны кампаніі па зборы сродкаў на выданне новай кнігі Кухмiстра Верашчакi пра гісторыю аўтэнтычных алкагольных напояў на беларускіх землях.

Калі Вы неабыякавыя да гісторыі беларускіх алкагольных напояў і да гісторыі краіны ўвогуле, калі цікавіцеся, як і з чаго яны рабіліся, як ужываліся, што значылі, з чым асацыяваліся ў нашых продкаў, тады гэтая кніга для Вас. Тут сабраны ўнікальныя звесткі, на якія ніхто раней не звяртаў пільнай увагі. Маючы гэтую кнігу пад рукой, вы лёгка зможаце прыгатаваць самыя вытанчаныя напоі па ўнікальнай рэцэптуры. А калі вы ўжо чыталі «Літвінскую кухню» або «Нашу Страву», то ведаеце — аўтар піша так, што водары пачынаюць казытаць ваш нос ужо з самых першых старонак.

Чытайце таксама:

Не толькі пра кулінарыю: «Літвінская кухня» Алеся Белага

Кухмістр Верашчака разбурае міфы і стэрэатыпы, якія ўкараніліся ў нашым грамадстве вакол культуры піцця, і аднаўляе сапраўдную гісторыю, якая часам чытаецца як захапляльны дэтэктыў. Вы будзеце бязмежна здзіўленыя, наколькі разнастайным быў калісьці свет нашых моцных напояў, як нечакана і цікава ён адлюстроўваецца ў нашай культуры.

А аўтар хто?

Алесь Белы — беларускі гісторык, публіцыст, культуролаг. Доктар гуманітарных навук(PhD), гісторыя (2008). Вядомы блогер, псеўданімы — Кухмicтр Верашчака, Gorliwy Litwin.

Аўтар манаграфіі «Хроніка Белай Русі: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы», артыкулаў па гісторыі Беларусі ў часопісе «Спадчына», Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае», у шэрагу англійскіх часопісаў. Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў па гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі «Маем Рэчы» (БТ), «Гісторыя беларускай страўні» (Белвідэацэнтр). Аўтар больш чым 100 нарысаў па гісторыі беларускіх страў і напояў у розных СМІ і навуковых выданнях, а таксама кнігі Belarusian cookbook, Нью-Йорк, 2008. Лаўрэат прэміі беларускага ПЭН-цэнтра імя Францішка Багушэвіча (2001), прэміі Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі (2014). Гаспадар аграсядзібы «Марцінова Гусь» (Валожынскі раён).

Пра што кніга?

«Сакатала бочачка» — новая кніга Алеся Белага (Кухмiстра Верашчакi), зборнік займальных гістарычных нарысаў, прысвечаных самым знакавым алкагольным напоям нашай краіны, амаль цалкам забытым, пакінутым у мінулым. Першыя радкі будучай кнігі былі напісаныя 18 гадоў назад, у далёкім 1999 годзе. За гэты час дасціпныя і пазнавальныя «алкагольна-гістарычныя» нарысы Кухмiстра Верашчакi публікаваліся ў «Спадчыне», «Нашай Ніве», «Звяздзе», «Культуре питья», на сайце Budzma.by.

Назва кнігі паходзіць ад беларускай народнай песні, у якой маладую дзяўчыну жартаўліва, але вельмі лірычна параўноўвалі з бочкай піва, якая нудзіцца ў піўніцы, імкнучыся «разліцца» і здаволіць смагу таго, каму прызначаная:

Сакатала бочачка,
У піўніцы стоячы:
— Калі мяне не вып'еце,
Я сама разліюся
Па дварэ расіцаю,
За варота крыніцаю.
Гаварыла дочачка
Сваёй роднай мамачцы:
— Калі мяне не аддасцё,
Я ад вас сама пайду
Па двары мяцёлкаю,
Да мілога пчолкаю,
Па дварэ расіцаю,
Да мілога сініцаю.

Крупнік і старка, шампанскае і такай, пітны мёд і розныя наліўкі ды настойкі, пшанічнае піва, самагон, экзатычны посуд для пітва — вось галоўныя «героі» гэтай унікальнай кнігі. Зрэшты, папулярныя і экзатычныя напоі ў кнізе - гэта хутчэй нагода, як у сапраўднай добрай бяседзе. Нагода для гутарак пра нашу гісторыю, літаратуру, пра вайну і мір, сяброўства і каханне. У нечым і кнігу можна параўнаць са знакамітай «Масква-Петушкі» Ерафеева, але напісанай прафесійным гісторыкам матэрыяльнай культуры і выключна на беларуска-літоўскім матэрыяле. У кнізе вы знойдзеце мноства ўнікальных старадаўніх кулінарных рэцэптаў, рэканструяваных аўтарам.

Прачытайце і пераканайцеся: «Сакатала бочачка» — самы вытанчаны і ап'яняльны шлях да разумення сімвалаў і міфаў нашай гісторыі.

Між іншым, папярэдняя кніга аўтара «Лiтвiнская кухня» — лідар продажаў на партале электронных кніг Kniharnia.by. Калі чытацкія водгукі будуць пазітыўнымі, аўтар і выдавецтва абяцаюць праз пэўны час выдаць і яе «папяровы» фармат.

Гэта найлепшая прапанова!

Аўтары спадзяюцца з дапамогай краўдфандынгу вывучыць попыт і атрымаць дадатковае фінансаванне на гэты незвычайны кніжны праект. Гэта будзе каляровае выданне на мелаванай паперы, з больш чым 100 арыгінальнымі ілюстрацыямі. Ад колькасці сабранай сумы будзе залежыць аздабленне кнігі і яе наклад, а таксама магчымасці рэкламы і дыстрыбуцыі.

Краўдфандынг — гэта цудоўная магчымасць знайсці зацікаўленых чытачоў яшчэ перад выхадам кнігі. Дзякуючы за давер з вашага боку, арганізатары прапаноўваюць самыя нізкія кошты на кнігу і дадатковыя бонусы.

Падрабязнасці кампаніі, а таксама апісанне ўсіх бонусаў можаце знайсці на платформе Ulej.by

10
Раз / Адказаць
05.04.2017 / 17:42
Вось гэтай книжки нам якраз не хапа, мала п'ем, трэба больш!!!
2
Аўтар / Адказаць
05.04.2017 / 17:59
не, гэтая кніга якраз пра тое, каб піць меней, але даражэй, якасней і з толкам
5
mikola ramanau / Адказаць
19.05.2017 / 12:22
Аўтар,! Sto za nazva  knizki....Treba mec 2 *adukacyi* kab zrazumec! Nelga -*Karacei*?
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру