Большасьць стогадовых старцаў, выглядае, спакойнга абыходзяцца бяз цудаў тэхнікі, але 19 адсоткаў зь іх карыстаюцца мабільным тэлефонам. Такія вынікі дасьледаваньня, праведзенага ў ЗША, паведамляе The Times.
З асваеньнем SMS справа йдзе марудней: толькі адзін з ста апытаных калі‑небудзь набіраў на тэлефоне кароткія паведамленьні.
Тры адсоткі маюць досьвет пошуку інфармацыі ў анлайнавай энцыкляпэдыі «Вікіпэдыя», а два з ста калі‑некалі шукалі «Гуглам». Тры з ста таксама шукалі падарункі ў інтэрнэт‑крамах, а два адсоткі карысталіся інтэрнэтам для пошуку зьвестак мэдычнага характару.
Яшчэ папулярнейшая электронная пошта. 7% ведаюць, што такое скрыня «Ўваходныя», прычым больш за палову зь іх атрымлівалі ці адпраўлялі лічбавыя фатаграфіі. Агулам 12 адсоткам асоб у веку ад 100 гадоў даводзілася карыстацца інтэрнэтам.
Лічбы могуць падацца не такімі й вялікімі, але варта ўлічыць, што чалавеку, які сёлета разьмяняў другую сотню гадоў, было 83 гады, калі зьявіўся інтэрнэт, і 89 — калі ўпершыню запрацавала пошукавая машына «Google».