5 жніўня ў Рэгістры ААН па звычайных узбраеньнях зьявіліся зьвесткі аб зьдзелках Беларусі на сусьветным зброевым рынку ў 2007 годзе.

Згодна з гэтымі зьвесткамі, летась Беларусь ніякага ўзбраеньня і ваеннай тэхнікі, што кваліфікуюцца як «звычайныя ўзбраенні», не закупляла. Прадавала зброю ў Судан, Арменію і Эрытрэю.

Так, у Судан было пастаўлена два бронетранспарцёры БТР-70, мадэрнізаваныя да ўзроўню «Кобра К2К» і «Кобра К2». У Армэнію прададзены 10 122-мілімэтровых гаўбіц Д-30, у Эрытрэю — дзевяць рэактыўных сыстэм залпавага агню «Ураган». Уся зброя — вытворчасьці Расеі (СССР). Сумы кантрактаў не называюцца.

Нагадаем, згодна са зьвесткамі ААН, у 2006 годзе Беларусь паставіла ў Азэрбайджан 41 танк Т-72. Гэта была адзіная беларуская зьдзелка, якая трапіла ў Рэгістар па звычайных узбраеньнях. Сума заключанага з Азэрбайджанам кантракту не называецца.

У 2005 годзе Беларусь паставіла ў Азэрбайджан 19 танкаў Т-72, у Славакію — два ваенна-транспартныя верталёты Мі-8, у Джыбуці — два ўдарныя верталёты Мі-24. Гэтая інфармацыя ўтрымлівалася ў Рэгістры ААН па звычайных узбраеньнях у пачатку чэрвеня 2006 года. Потым зьвесткі пра зьдзелку са Славакіяй зьніклі.

У 2004 годзе ў Судан Беларусь паставіла 21 браніраваную разьведвальна-дазорную машыну БРДМ-2, сем бронетранспарцёраў БТР-80, 10 бронетранспарцёраў БТР-70 і адну баявую машыну пяхоты БМП-1, у Кот-д'Івуар — два штурмавікі Су-25.

У 2003 годзе Судан закупіў у Беларусі дзевяць БМП-2, 39 БРДМ-2, 32 адзінкі розных артылерыйскіх сыстэм, Швэцыя — 19 ракет да пераноснага зэнітнага ракетнага комплексу «Ігла», Кот-д'Івуар — 20 баявых браніраваных машын рознага тыпу, 16 адзінак розных артылерыйскіх сыстэм.

У 2002 годзе Беларусь прадала ў Іран 15 танкаў Т-72, у Альжыр — два зьнішчальнікі МіГ-29, у Судан — 14 адзінак розных артсыстэм, у Кот-д'Івуар — 12 БМП-1, 10 120-міліметровых мінамётаў «Сані» і два ўдарныя верталёты Мі-24.

У 1996—2001 гадах Беларусь пастаўляла зброю таксама ў Пэру (самалёты), Конга (артсыстэмы), Папуа — Новую Гвінею (верталёты), Сьера-Леонэ (верталёты), Этыёпію (танкі), Заір (артсыстэму), Уганду (верталёты), Марока (танкі), ААЭ (баявыя браніраваныя машыны), ва Украіну (самалёты).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?