Асацыяцыя вылічальнай тэхнікі (ACM) назвала лаўрэатам прэміі Цьюрынга (Turing Award) 2016 года брытанскага навукоўца Ціма Бернерса-Лі — аднаго з вынаходнікаў інтэрнэту ў яго сучасным выглядзе. Пра гэта піша выданне N+1 са спасылкай на ACM.
Афіцыйнае ўзнагароджанне пройдзе 24 чэрвеня ў Сан-Францыска, падчас святкавання 50-годдзя прэміі Цьюрынга.
61-гадовы Цімаці Джон Бернерс-Лі сказаў у інтэрв'ю агенцтву Associated Press, што вельмі ўдзячны за прэмію, назваўшы яе сапраўды «каралеўскай узнагародай».
«Я лічу, што гэта ўзнагарода ў першую чаргу самому праекту па стварэнні Сусветнай павуціны, а таксама глабальнага міжнароднага духу супрацоўніцтва і ўсім тым, хто далучыўся, каб дапамагчы мне», — заявіў навуковец.
Цімаці Джон Бернерс-Лі — прафесар Оксфардскага ўніверсітэта і Масачусецкага тэхналагічнага інстытута. Менавіта Бернерс-Лі (разам з бельгійскім спецыялістам Робертам Каё) стварыў інтэрнэт-тэхналогію World Wide Web, якая сёння вядомая як Сусветная павуціна. Бернерс-Лі таксама з'яўляецца вынаходнікам шэрагу ключавых інтэрнэт-пратаколаў і моў, уключаючы HTTP, HTML і URL.
У 2004 годзе каралева Вялікабрытаніі Лізавета II пасвяціла Бернерса-Лі ў рыцары-камандоры. Часопіс Time уключыў навукоўца ў топ-100 самых выбітных людзей ХХ стагоддзя.
Прэмія Цьюрынга з'яўляецца самай значнай узнагародай у інфарматыцы. Яе ўручае Асацыяцыя вылічальнай тэхнікі за выбітны навукова-тэхнічны ўклад у гэтай галіне. Заснаваная прэмія ў гонар англійскага навукоўца Алана Цьюрынга. У сферы інфармацыйных тэхналогій прэмія Цьюрынга мае статус, падобны да Нобелеўскай прэміі ў акадэмічных навуках. Упершыню яна была прысуджаная ў 1966 годзе Алану Перлісу за развіццё тэхналогіі стварэння кампілятараў. Спонсарам узнагароды з'яўляецца карпарацыя Google, яе грашовы эквівалент — $1 млн.