Дзевяцігадовя дзяўчына Talula Does The Hula From Hawaii змагла памяняць ненавіснае ёй імя толькі пад апекай суду.

Паводле слоў судзьдзі Робэрта Мэрфіта, імя, дадзенае дзяўчыне пры нараджэньні бацькамі, бянтэжыць яе ды выклікае насьмешкі.

У даслоўным перакладзе імя дзіця Talula Does The Hula From Hawaii азначае «Талула танчыць гавайскі нацыянальны танец «хула».

Праблема ўсплыла падчас слуханьняў справы пра апеку ў судзе новазэляндзкага гораду Нью-Плімут. Тады нечакана высьветлілася, што дзіцё адмаўляецца называць сваё поўнае імя, а прадстаўляецца ініцыялам «К».

«Суд быў глыбока занепакоены дужа недальнабачнымі матывамі, якімі кіраваліся бацькі дзяўчынкі пры выбары ёй імя, — напісаў судзьдзя Мэрфіт. — Гэтае імя выстаўляе дзіцё ў дурацкім сьвятле й стварае глебу для сацыяльнай непаўнацэннасьці».

Дзякуючы прынятаму рашэньню пра перадачу дзяўчынкі пад судовую апеку, Талуле ўдалося зьмяніць ненавіснае імя бяз згоды бацькоў. Новае імя не разгалошваецца паводле этычных меркаваньняў.

Згодна з новазэляндзкімі законамі, дзецям нельга даваць імёны даўжэйшыя за 100 літар. Апроч таго імя дзіцяці ня можа гучаць абразьліва

Мода сярод бацькоў на тое, каб даваць сваім нашчадкам вычварныя й ненатуральныя імёны, вартая ганьбы ды сарамачаньня, лічыць судзьдзя Мэрфіт.

Ён прывёў некалькі прыкладаў супярэчлівай палітыкі ўладаў што да імён немаўлятаў.

Паводле слоў Мэрфіта, бацькам, якія хацелі, да прыкладу, назваць дзіцё Sexy Fruit (Сэксуальны плод), Stallion (Жарабё) ці Fat Boy (Тлусты хлопец), было адмоўлена ў рэгістрацыі імя.

Пры гэтым, дзівіцца судзьдзя, такія дзіцячыя імёны як Violence (Гвалт), Number 16 Bus Shelter (Прыпынак аўтобусу №16) і Benson and Hedges (назва маркі брытанскіх цыгарэтаў) не выклікаюць ніякіх нараканьняў з боку ўладаў.

Паводле BBC

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0