Чытач даслаў у Рэдакцыю «Нашай Нівы» ліст з планам размеркавання выпускнікоў БНТУ 2017 года па спецыяльнасці «архітэктура» (кваліфікацыя «архітэктар»).
Калі не звяртаць увагу на мізэрныя заробкі, якія прапануюцца маладым спецыялістам, то кідаецца ў вочы арганізацыя №9 у спісе.
Гэта — Партызанскі аддзел дэпартамента аховы МУС. Пяцярых выпускнікоў, з якіх за дзяржаўныя грошы рабілі архітэктараў, плануецца размяркоўваць у міліцыю.
Ілюстрацыйны здымак. Фота Сяргея Гудзіліна.
Сітуацыю пракаментаваў дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армен Сардараў.
«Гэта не новая сітуацыя. Кожны год дзяржаўныя службы дасылаюць нам — і не толькі нам — такія заяўкі. Вы павінны разумець, што гэта не мусова. Тыя, хто хоча — тыя і ідуць. Не шмат, але я ведаю, калі такія прыклады былі, калі выпускнікі пайшлі ў войска ці органы аховы. Што ёсць, то ёсць… Не ўсе працуюць усё жыццё па спецыяльнасці, на якую адвучыліся. Мо хтосьці зразумеў, што гэта не яго, хтосьці з больш прагматычных прычын ідзе. Па-рознаму. Хлопцы там афіцэрамі становяцца, падымаюцца далей. Мы нікога гвалтам ісці ў міліцыю і войска не прымушалі і не будзем», — сказаў дэкан.