Еўрапарламент ухваліў рэзалюцыю, у якой асудзіў «рэпрэсіі да і падчас дэманстрацыі 25 сакавіка» ў Беларусі і назваў дзеянні беларускіх сілавікоў «непрапарцыйнымі і недарэчнымі». Еўрадэпутаты таксама заклікалі адмяніць дэкрэт аб дармаедстве і вызваліць усіх арыштаваных дэманстрантаў. Галасаванню па рэзалюцыі папярэднічалі дэбаты, у якіх гучалі заклікі вярнуць санкцыі супраць афіцыйнага Мінска, піша Tut.by.

Акрамя разгону Дня Волі, у рэзалюцыі крытыкуецца налёт АМАПа на офіс незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна», затрыманні мінакоў, якія не ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, крымінальная справа «Белага легіёну», прэвентыўныя затрыманні палітыкаў, праваабаронцаў і актывістаў, у тым ліку Мікалая Статкевіча, затрыманні журналістаў на акцыях пратэсту, ператрусы ў офісах «Белсата».

У рэзалюцыі таксама згадваецца тое, што Беларусь па-ранейшаму застаецца апошняй краінай Еўропы, якая не адмяніла смяротнае пакаранне, а беларуска-расійскія ваенныя вучэнні «Захад-2017» уключаюць у сябе сцэнары «нападу на заходніх суседзяў».

Еўрапарламент асудзіў усе гэтыя падзеі і заклікаў улады «неадкладна і без умоў вызваліць і зняць усе абвінавачванні з мірных дэманстрантаў, журналістаў, актывістаў, праваабаронцаў і апазіцыянераў, якія былі затрыманыя на апошніх акцыях пратэсту».

Дэпутаты таксама запатрабавалі ад Мінска непрадузята расследаваць усе абвінавачванні ў адвольных арыштах і іншых парушэннях правоў дэманстрантаў.

Рэзалюцыя таксама заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед незалежных СМІ і журналістаў-фрылансераў, адмяніць артыкул 193.1 КК (Пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), не абмяжоўваць правы грамадзянскай супольнасці.

— Настойліва заклікаем Парламенцкую асамблею АБСЕ, якая плануе правесці сваю 26-ю штогадовую сесію ў Мінску ў ліпені 2017 года, прыняць у разлік апошнія падзеі ў Беларусі, і як мінімум забяспечыць уцягванне [у працу] дэмакратычнай апазіцыі, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці.

Еўрапарламент заклікаў адмяніць дэкрэт № 3, якім быў уведзены збор з дармаедаў, як «маральна сумнеўную меру», якая ўшчамляе правы больш чым 470 тысяч беларусаў.

Акрамя таго, у рэзалюцыі ўтрымліваюцца заклікі да Мінска супрацоўнічаць са спецдакладчыкам ААН па сітуацыі ў Беларусі Міклашам Харашці, аднавіць працу над рэформай выбарчай сістэмы, увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Дэпутаты таксама заклікалі Еўракамісію пашырыць адукацыйныя праграмы, каб больш беларусаў магло вучыцца ў ЕС, і ўважліва сачыць за выкананнем стандартаў бяспекі пры будаўніцтве БелАЭС.

Прыняццю рэзалюцыі, па традыцыі, папярэднічалі дэбаты па сітуацыі ў Беларусі. Так, дэпутат Косма Златоўскі з Польшчы назваў беларускага прэзідэнта «дзіўным дыктатарам».

— Ён то хоча быць бліжэй да Расіі, то бліжэй да ЕС. Сёння Лукашэнка далёкі ад ЕС. Ён увёў дурны падатак на беспрацоўе, і цяпер людзі супраць гэтага пратэстуюць. Мы павінны абараняць грамадзянскую супольнасць, якая нараджаецца сёння ў Беларусі.

Сарая Пост са Швецыі заявіла, што ўлады Беларусі павінны неадкладна вызваліць арыштаваных мірных дэманстрантаў і журналістаў.

— Калі не, то ЕС павінен уводзіць санкцыі ў дачыненні да адказных чыноўнікаў. Аляксандр Лукашэнка, давайце працягваць рухацца па шляху супрацоўніцтва, замест таго каб размаўляць на мове санкцый.

Літоўскі еўрадэпутат Броніс Ропе, характарызуючы палітыку Бруселя ў дачыненні да Мінска, працытаваў нябожчыка расійскага палітыка Віктара Чарнамырдзіна: «Хацелі як лепш, атрымалася як заўсёды».

— Адмяніўшы частку санкцый, мы спадзяваліся, што кіруючы рэжым Лукашэнкі будзе хоць часткова паважаць правы чалавека.

Ён нагадаў пра рызыкі будаўніцтва БелАЭС, назваўшы яе «патэнцыйнай атамнай бомбай на мяжы ЕС».

Яго суайчыннік, даўні крытык Мінска Пятрас Аўштравічус назваў зняцце санкцый ЕС жэстам добрай волі, на які беларуская ўлада нічым не адказала.

— Выбары ў верасні сфальсіфікаваныя. Ні адзін палітвязень не быў рэабілітаваны. Спецдакладчыка ААН ігнаруюць. Смяротнае пакаранне не адмянілі і працягваюць караць смерцю людзей. АЭС пад Астраўцом працягвае будавацца ў парушэнне стандартаў бяспекі.

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богдан Здраеўскі быў больш стрыманы ў ацэнках:

— Несумненна, сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. Але мы павінны памятаць, што Беларусь не Партугалія. Яна знаходзіцца там, дзе знаходзіцца. Яе самы важны партнёр — Расія. Я спадзяюся, што намаганні апошніх двух гадоў не прападуць дарма.

Здраеўскі нагадаў, што Беларусь вызваліла палітвязняў у 2015 годзе, і заявіў, што не падтрымлівае прыняцце рэзалюцыі, хоць і падтрымлівае дэбаты аб сітуацыі ў Беларусі.

— Ніхто тут, напэўна, не хоча аднаўлення санкцый. Але калі рэпрэсіі супраць апазіцыі і грамадства працягнуцца, мы можам прыйсці да рэзалюцыі, якая заклікае вярнуць санкцыі.

Чэшскі еўрадэпутат Павел Тэлічка заявіў, што «мядовы месяц скончыўся».

— Мы знялі санкцыі, пайшлі на саступкі, чакаючы зменаў. Зменаў не адбылося, аднавіліся рэпрэсіі, мы павінны вярнуць санкцыі, і яны павінны быць больш жорсткія, чым раней. Калі мы ўбачым рэформы, будзем дзейнічаць у адказ.

Правакансерватыўны дэпутат Януш Корвін-Міке з Польшчы заявіў, што рэзалюцыя павінна асуджаць дэкрэт аб дармаедстве, а не дзеянні сілавых структур у Беларусі. «Дэманстранты і ў іншых краінах затрымліваюцца», — растлумачыў сваю пазіцыю Корвін-Міке.

Еўрадэпутат ад Латвіі Андрэй Мамыкін выступіў супраць прыняцця тэрміновай рэзалюцыі па Беларусі, якая ўключае ў сябе заклікі адмяніць смяротнае пакаранне, пункты пра АЭС і выбарчую сістэму.

Агнешка Казлоўска-Раевіч з Польшчы выступіла за тое, каб прыпыніць вылучэнне ўжо ухваленай еўрапейскай фінансавай дапамогі Беларусі да таго часу, пакуль рэпрэсіі не спыняцца.

Еўрапарламент паўгода таму ўжо прымала рэзалюцыю, што крытыкавала дзеянні афіцыйнага Мінска. У МЗС Беларусі тады заявілі, што дакумент наносіць шкоду нармалізацыі адносін. Тым не менш тады дыпламат Дзірк Шубель з Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД), якая адказвае за рэалізацыю знешняй палітыкі ЕС, заявіў, што рэзалюцыя не зменіць падыход Бруселя да стасункаў з Мінскам. Цяпер жа прадстаўнікі ЕСЗД самі выступілі з рэзкай заявай па сітуацыі ў Беларусі напярэдадні галасавання ў Еўрапарламенце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0