Газэта «Звязда» зладзіла круглы стол на тэму праблемаў аднаўленьня гiстарычнага цэнтру Менска. У часе дыскусіі прагучалі меркаваньні як афіцыйных асобаў, так і аўтараў альтэрнатыўных праектаў.

Заўсёды, калi падарожнiчаю i прыязджаю ў новы горад, iду знаёмiцца з iм — гуляю па вулках сярод старых нiзенькiх дамкоў, якiя бачылi шмат таго, пра што потым напiсалi ў кнiгах. Стары горад заўсёды больш цiкавы i ўтульны за сучасныя кварталы — гэта адчуваюць гараджане ў любой краiне. Менавiта па iх, а не па сучасных забудовах, мяркуюць госцi пра прыгажосць горада, народа, якi iх стварыў, i пра саму краiну.

У старых будынках — напалову разбураных цi яшчэ жывых — ёсць тое, што дазваляе чалавеку спасцiгнуць таямнiцы часу. І гледзячы на рэшткi замкаў, сядзiбаў i дамкоў я з задавальненнем думаю пра тое, якое багацце маю. Помнiкi гiсторыi i культуры нейкiм чынам належаць мне i маёй сям’i: магчыма, праца маiх продкаў спрыяла таму, каб квiтнелi сядзiбы, будавалiся саборы, узнiкалi прыгожыя палацы. А iх рэшткi, — помнiкi многiм пакаленням маiх продкаў таксама.

Так думаю не толькi я — у Беларусi шмат людзей, якiя цiкавяцца гiсторыяй i якiя актыўна ўспрымаюць усё, што адбываецца вакол нашых помнiкаў, напрыклад, пры рэканструкцыi Верхняга горада ў сталiцы. Iх можна зразумець: усё, што належыць дзяржаве, належыць i кожнаму канкрэтнаму грамадзянiну гэтай дзяржавы. Немагчыма быць вольным ад мiнулага сваёй краiны — незалежна ад таго, цi ты краязнаўца, цi настаўнiк, цi школьнiк, цi чыноўнiк, якi на дзяржаўнай службе павiнен клапацiцца пра захаванне таго, што яму даверылi людзi. Менавiта таму ў рэдакцыi «Звязды» сабралiся асобы, зацiкаўленыя ў аднаўленнi гiстарычнага цэнтра Мiнска. Старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнiкаў Астаповiч не змог прыйсцi i прысутнiчаў на «круглым стале» вiртуальна. Гэта была яшчэ адна спроба суаднесцi пазiцыi ўладных структур i прадстаўнiкоў грамадскасцi, i хоць гаворка часам перарастала ў дыскусiю, менавiта балючыя пытаннi дазволiлi зразумець, што ў гэтай справе не можа быць супрацьлеглых бакоў ужо хоць бы таму, што ў нас ва ўсiх агульная спадчына.

1. Планы аднаўлення

— Чым кiравалiся, калi выбiралi праект рэканструкцыi цэнтра Мiнска?

Аляксандр Андрончык, начальнiк упраўлення добраўпарадкавання i гарадскога дызайну Камiтэта архiтэктуры i горадабудаўнiцтва Мiнскага гарвыканкама:

У 2004 годзе прыняты Ўказ Прэзiдэнта, у якiм зацверджаны межы гiстарычнага цэнтра, на падставе чаго прынятая комплексная праграма аб яго рэстаўрацыi, рэканструкцыi i развiццi. Гэтая праграма зацверджана пастановай Савета Мiнiстраў. Быў праведзены конкурс на лепшы праект развiцця i рэстаўрацыi гiстарычнага цэнтра, пасля распрацаваны дэтальны план, на аснове якога вядуцца ўсе работы. Ён прайшоў грамадскае абмеркаванне ў Мiнску, усе маглi даведацца пра гэты праект. Прэзiдэнт яго ўхвалiў i зацвердзiў. Заказчыкам ўсiх работ у гiстарычным цэнтры вызначана «Мiнская спадчына» — адказная праца павiнна быць у адных руках, iнакш вельмi цяжка зрабiць гэта комплексна. Важна, каб атрымалася цэльная карцiна, i цэнтр аднаўляўся ў адпаведнасцi з заканадаўствам аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны.

Дзмiтрый Бубноўскi, намеснiк начальнiка Архiтэктурна-канструктарскай майстэрнi № 4 УП «Мiнскпраект», галоўны архiтэктар праекта дэтальнага плана гiстарычнага цэнтра г. Мiнска:

У конкурсе на распрацоўку праекта дэтальнага плана ўдзельнiчалi некалькi вядучых праектных арганiзацый нашай краiны. УП «Мiнскпраект», якое выйграла конкурс, атрымала заказ на распрацоўку праекта дэтальнага плана гiстарычнага цэнтра г. Мiнска. Зважаючы на тое, што вырашэнне праблем комплекснага захавання архiтэктурнай спадчыны нашага горада звязана з вырашэннем шэрагу задач вельмi спецыфiчнага характару (транспартная праблема, баланс тэрыторыi i г.д.), большасць раздзелаў праекта генеральнага плана распрацаваў iнстытут «Мiнскграда» на субпадрадзе ў «Мiнскпраекта». Цi зняў праект дэтальнага плана ўсе праблемы? На жаль, не. Наступствы рэалiзацыi больш раннiх горадабудаўнiчых рашэнняў аказалiся вельмi цяжкiмi. Гiстарычны цэнтр горада Мiнска зараз рассечаны асноўнымi магiстралямi: вулiца Нямiга i Багдановiча з аднаго боку, а з другога — праспект Пераможцаў i вулiца Ленiна. Гэты падзел перашкаджае пешаходным сувязям, успрыняццю ансамбля. Значная частка забудовы страчана, што паўплывала на характар асяроддзя. Пэўныя прапановы па пераадоленнi становiшча, якое склалася ў праекце дэтальнага плана, дадзены. Лiчу, што iх рэалiзацыя будзе не апошнiм, але значным крокам у захаваннi i адраджэннi цэнтра нашай сталiцы.

Мiхаiл Жых, галоўны iнжынер КУП «Мiнская спадчына»: Гэтая спроба пераўтварыць гiстарычны цэнтр — ужо трэцяя для горада Мiнска. Першую спробу рабiлi архiтэктары адразу пасля вайны, яна аказалася няўдалай: будаўнiкi асноўную ўвагу надавалi магiстралям i праспектам. У канцы 70-х гадоў пачатку 80-х была другая спроба, яна часткова закранула забудовы, якiя засталiся ў спадчыну. Зрабiлi Траецкае прадмесце. Прыйшла чарга «Верхняга горада». I нарэшце сучасны крок — гэта першы комплексны падыход у аднаўленнi i рэгенерацыi гiстарычнага цэнтра горада. Ён вызначыў межы, рэгламенты забудовы, падыходы да аднаўлення старога горада. Спачатку была праведзена лакалiзацыя аб’ектаў, якiя ўвайшлi ў спiс гiсторыка-культурнай спадчыны. Вырашалася, як iх аднаўляць — цi рэстаўраваць, цi рэканструяваць, цi прымянiць i першае, i другое ў комплексе. Далей пайшло такое паняцце, як аднаўленне забудоў. Таму што цэлыя будынкi i кварталы гiстарычнага цэнтра ў розныя эпохi былi страчаныя. Мы маем вопыт, як гэта можна аднавiць у адзiным ансамблi. Комплексны падыход прыменены ўпершыню пры аднаўленнi цэнтра горада не толькi ў нашай рэспублiцы, але i ў Еўропе ў цэлым. У Варшаве некалi спрабавалi зрабiць рэканструкцыю гiстарычнага цэнтра, а зрабiлi адно Старое места. У Вiльнюсе зрабiлi некалькi вулiц i пляцовак. А мы замахнулiся на ўвесь гiстарычны цэнтр, пры гэтым маючы каласальныя праблемы з-за транспартных патокаў i другiх накладаў часу.

Антон Астаповiч, старшыня Добраахвотнага таварыства па ахове помнiкаў: Калi гаварыць пра планы дзяржавы, то трэба гаварыць пра тыя горадабудаўнiчыя i нарматыўныя дакументы, на падставе якiх i павiнна праводзiцца праца ў гiстарычным цэнтры. Менавiта яны накiраваныя на наданне Мiнску еўрапейскага iмiджавага ўзроўню. Справа ў тым, як яны выконваюцца.

Уладзiмiр Папруга, архiтэктар, аўтар альтэрнатыўнага праекта: Указ Прэзiдэнта № 330 у юрыдычным сэнсе з’яўляецца карэктным дакументам. Але пазней прымалiся рашэннi, якiя перакрэслiваюць пастаўленыя ў iм задачы. Галоўныя праблемы цэнтра Мiнска не ў транспартным патоку, а, мяркую, у спосабе вырашэння праблем. Калi памятаеце, усё пачалося з будаўнiцтва «Паркiнга» на Нямiзе, якi дэклараваўся як аб’ект паркоўкi, але насамрэч з’яўляецца гандлёвым комплексам, якi не дае гiстарычнаму цэнтру нiводнага парковачнага месца, больш за тое, сцягвае сюды дадатковыя транспартныя патокi, якiя па ўсiх горадабудаўнiчых рэгламентах трэба выводзiць.

Асноўныя палажэннi Канцэпцыi Дэтальнага плана дакладна канстатуюць, што праектныя прапановы скiраваныя на вырашэнне задач скарачэння iнтэнсiўнасцi транзiтнага транспарту i вывад з гэтай тэраторыi аб’ектаў, якiя ствараюць праблемныя сiтуацыi. Што ж мы маем у вынiку практычнай рэалiзацыi? Намеснiк дырэктара iнстытута «Мiнскграда» Я.Л. Лiневiч, з лiста са спробай экспертызы комплекснага праекта рэгенерацыi гiстарычнага цэнтра Мiнска Таварыства аховы помнiкаў, сведчыць, што сёння «працягваецца працэс павелiчэння мэтавых транспартных патокаў у гiстарычны цэнтр, таму што тут iнтэнсiўна размяшчаюцца буйныя грамадскiя комплексы». Дзе логiка? Як выконваюцца зацверджаныя дзяржаўныя праграмы?

Калi да 2005 г. 98 працэнтаў усяго транспарту праз гiстарычны цэнтр складаў транзiт, то сёння насуперак прынятым рашэнням мы атрымлiваем тут мэтавыя транспартныя патокi. Вывесцi неўласцiвы транзiт з гiстарычнага цэнтра не ўяўляе нiякай цяжкасцi. «Мiнскград» пачаў праектаваць схему транспартнага кальца. Калi б мы сiстэмна пайшлi далей гэтым шляхам, то выйшлi б у фармат асваення гiстарычнага цэнтра ў нармальным рабочым рэжыме, не парушаючы нi метадалогiю, нi Закон. I Мiнск мог бы зрабiцца культурнай Меккай.

Бубноўскi: Праектам Дэтальнага плана прыняты цэлы шэраг смелых крокаў у частковым вырашэннi гэтай праблемы. Але ад з’ездаў з праспекта Пераможцаў на Нямiгу i на Багдановiча горад пакуль што пазбавiцца не можа. Магчыма, давядзецца прымаць больш радыкальныя рашэннi, i яны будуць звязаныя з намнога больш затратнай часткай. У свой час iснавала iдэя зрабiць транспартны пракол пад праспектам Незалежнасцi i нават пры будаўнiцтве метро была закладзена аснова для таго, каб гэта можна было калi-небудзь ажыццявiць. На жаль, рэалiзацыя гэтай задумы звязаная з вялiкiмi затратамi.

Андрончык: Вядома ж, усе разумеюць, што цэнтр павiнен стаць адзiным цэлым, каб яго не рассякалi дарогi, гэта задача на перспектыву. Цяпер мы робiм пакуль тое, што можна зрабiць, таму што горад жыве. Прыйдзе час — праколы зробiм, ёсць такiя прапановы. Але для гэтага патрэбны час. Цяпер, калi закрыць цэнтр, у горадзе будзе калапс.

— Цэнтр Мiнска — гэта найперш помнiкi, якiя захавалiся. Менавiта старое места з’яўляецца гонарам любой еўрапейскай сталiцы, бо па iм бачна, якую гiсторыю мае народ. Як тут не думаць пра каштоўнасць кожнага будынка?

Жых: Сапраўды, нам даводзiцца весцi працы па рэканструкцыi гiстарычнага цэнтра, маючы каласальныя праблемы з-за транспартных патокаў, метро, якiя перасякаюць гэтае асяроддзе. I ў гэтых умовах трэба аднаўляць усю iнжынерную iнфраструктуру, якую неабходна ўлiчыць на перспектыву, ўсе аб’екты i забудовы патрабуюць рашэнняў, як забяспечыць iх цеплынёй, электраэнергiяй, i так далей. Узнiкае цэлы комплекс пытанняў пры працы з кожным канкрэтным будынкам. Але мы ўжо маем цэлыя плямы ў горадзе, па якiх бачна, што ён аднаўляецца. 13 аб’ектаў гiсторыка-культурнай спадчыны ўжо адноўлены пасля зацвярджэння праекта Дэтальнага плана. 47 аб’ектаў знаходзяцца на розных стадыях iнвестыцыйнага цыкла.

Папруга: Галоўная задача аховы спадчыны — дбаць пра тое, каб яна была перададзена наступным пакаленням ва ўсiм багаццi яе аўтэнтычнасцi. Назавiце хоць адзiн аб’ект з сённяшнiх 47, якi падпадае пад выкананне гэтай задачы? Стары Мiнск часткова быў знiшчаны ў асноўным у 70-я гады са зносам Нямiгi, але i да 2005 года гэтая тэрыторыя ўтрымлiвала сведчаннi гiсторыi — у падмурках, у гiстарычнай планiровачнай структуры вулiц, аўтэнтычнай забудове i археалогii. Гэта i ёсць апiрышча для правядзення аднаўленчых работ. Але менавiта ўсё пералiчанае без нiякага вывучэння i навуковай фiксацыi вось ужо трэцi год вывозiцца на сметнiк, «вызваленая» ж прастора запаўняецца аб’ектамi, якiя не маюць нiчога агульнага з дзеяннямi, дазволенымi законам у дачыненнi да гiсторыка-культурных аб’ектаў. Нашая сённяшняя сталiца старэйшая за Варшаву, за Маскву, за Вiльнюс, за Берлiн. Калi не ўвесцi працэс сённяшняга аднаўлення ў прававое поле, у нас не будзе надалей нiякiх аргументаў, каб пераканаць у гэтым нават самiх сябе. Дагэтуль няма нi гiсторыка-архiтэктурнага апорнага плана, нi зацверджаных ахоўных зонаў, не робiцца навуковая фiксацыя таго, што сотнямi самазвалаў штодзённа адсюль вывозiцца, нi стратаграфii падмуркаў былой тут колiсь высокашчыльнай гарадской забудовы, нi iх геадэзiчнай прывязкi. Знiшчаецца нават тэарэтычная мажлiвасць далейшага вывучэння гiстарычна-планiровачнай структуры Мiнска ва ўсе часы ягонага iснавання. У вынiку, мы атрымаем на гэтым месцы чыстае поле ў гiстарычным сэнсе.

Бубноўскi: У склад горадабудаўнiчага праекта была ўключана даволi падрабязная гiстарычная даведка, якая ахоплiвала практычна ўсю тэрыторыю гiстарычнага цэнтра: быў зроблены гiстарычны зрэз, выяўлена, дзе была якая пляцоўка, чыя на ёй была маёмасць, якiя пабудовы iснавалi, што з iх захавалася. Праведзена iнвентарызацыя забудовы: прызнана, што пэўныя аб’екты з’яўляюцца цiкавымi, а ад пэўных навабудаў, якiя скажаюць асяроддзе, давядзецца пазбаўляцца з цягам часу. На гэтым кампетэнцыя дэтальнага плана канчаецца i далей наступае праектаванне па кожным з аб’ектаў рэстаўрацыi, альбо па аднаўленнi страт. Калi называць рэчы сваiмi iмёнамi, названае аднаўленне усё ж адносiцца да новага будаўнiцтва. Тым не менш, без яго абсалютна не магчыма аднавiць характар забудовы, якi сам па сабе — бясспрэчная каштоўнасць. Праводзiць гэтую работу на сто працэнтаў артадаксальна ў горадзе Мiнску складана. Узяць хоць бы да ўвагi прыклад разбуранай Нямiгi. Сённяшняя праезная частка вулiцы пракладзена па фронце былой забудовы. Аднавiць яе лiтаральна на сваiм месцы немагчыма. Даводзiцца шукаць iншыя варыянты. Паўсюдна прынятая працэдура выканання работ (комплексныя навуковыя даследаваннi — навукова абгрунтаваны праект — рэстаўрацыя, рэканструкцыя, з адаптацыяй для далейшага выкарыстання) праводзiцца ў дачыненнi да кожнага канкрэтнага аб’екта. Калi працуеш з канкрэтным аб’ектам, то ў працэсе работы выяўляюцца пэўныя дадатковыя звесткi, больш дэталёва вывучаецца тэхнiчны стан. З-за нездавальняючага тэхнiчнага стану архiтэктарам часта даводзiцца прымаць непапулярныя рашэннi.

2. Зона спатыкнення

Папруга: Гiстарычныя аб’екты цэнтра Мiнска ўнесены ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурнай спадчыны. Перад планаваннем любой горадабудаўнiчай актыўнасцi на тэрыторыi помнiка павiнны быць зацверджаны адпаведныя ахоўныя зоны — як Гiстарычнага цэнтра, так i яго асобных аб’ектаў. Што такое «ахоўная зона», у савецкiм заканадаўстве было прапiсана ад «а» да «я». У расiйскiм заканадаўстве ўсё гэта ёсць i дагэтуль. Тая самая распрацоўшчыца праекта Дэталёвага плана з 2000 па 2001 год падрыхтавала комплексны праект ахоўных зонаў Мiнска. Нягледзячы на тое, што гэты праект быў разгледжаны i ўхвалены, ён так i не быў зацверджаны Мiнгарвыканкамам...Чаму?

Бубноўскi: Саюзная iнструкцыя пра ахоўныя зоны — гэта прыкладна старонак пяць дэкларатыўнага тэксту. Беларускае заканадаўства намнога больш канкрэтнае. Пры гэтым страт па сутнасцi не дапушчана.

Астаповiч: Само разуменне ахоўных зонаў у нас трактуецца адвольна. Па гiсторыка-культурнай каштоўнасцi «Гiстарычны цэнтр Мiнска» ахоўных зонаў няма, няма iх i па асобных аб’ектах на гэтай тэрыторыi. Адпаведна, усе вiды прац, што там праводзяцца — незаконныя. У пацвярджэнне сваiх слоў буду спасылацца на Закон «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь» ад 09 студзеня 2006 года: «Рэжымамi ўтрымання i выкарыстання зонаў аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцяў прадугледжваюцца абмежаванне або поўная забарона дзейнасцi, якая стварае пагрозу захаванню нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцяў (iх навакольнаму асяроддзю) i ўмовам iх утрымання i выкарыстання».

Папруга: Комплексныя навуковыя даследаваннi, навуковая фiксацыя захаванага i наступны зацверджаны праект ахоўных зонаў — гэта першае, з чаго пачынаецца нават думка ў накiрунку якога б там нi было аднаўлення. Закон аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны прапiсвае, што нават у дачыненнi да ахоўных зонаў не можа весцiся новага будаўнiцтва — мы ж праводзiм новыя аб’екты на тэрыторыi самiх помнiкаў. Што такое пасля гэтага «ахоўная зона» цi тэрыторыя рэгулюемай забудовы? Кожны з помнiкаў патрабуе выканання поўнай працэдуры пры вядзеннi горадабудаўнiчай дзейнасцi: правядзення комплексных навуковых даследаванняў, зацверджання ахоўных зонаў, падрыхтоўкi гiстарычнага апорнага плана як асновы для далейшых работ. Дзе ўсё гэта? А мы ўжо капаем, вывозiм культурны пласт, будуем. Нават без належнага вывучэння i неабходнай фiксацыi. Нарматыўна-прававая база карэктуецца пад патрэбы аб’ектаў, якiя знаходзяцца ў стадыi зацверджання.

Што ахоўвае дзяржаўны спiс? Чатыры катэгорыi паняццяў: гiстарычная планiровачная структура, будынкi i збудаваннi, ландшафт i культурны пласт. Пытання, у якiм аб’ёме ў нашым сённяшнiм гiстарычным цэнтры аднаўляюць адно, другое цi трэцяе, нiхто з удзельнiкаў працэсу нават сабе не ставiць.

Жых: Вы кажаце, што няма ахоўных зонаў — а я кажу, што яны ёсць. Яны прапiсаны i ў дэталёвым плане i ў ахоўных абавязках кожнага помнiка, тэрыторыi. Не ў нашых iнтарэсах i не ў iнтарэсах горада прычыняць страты. Метадалагiчныя асновы выконваюцца. Спачатку робiцца комплекснае навуковае даследаванне з прадстаўленнем гiстарычнай даведкi па кожным з аб’ектаў, пры неабходнасцi iдзе археалагiчны вышук, вырашаецца, у што можна будынак ператварыць сёння i толькi пасля гэтага робiцца заданне на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыi. Вы маеце рацыю, што праект дэталёвага плана ў межах гiстарычнага цэнтра нельга было рабiць толькi па вядомых тэрыторыях. У нас ёсць паняцце страчаных забудоў, па якiх немагчыма было ў свой час прыняць адназначныя рашэннi, неабходна было правесцi больш грунтоўнае даследаванне, i цяпер вядзецца распрацоўка праектаў рэгенерацыi забудоў. Гэта датычыцца страчаных забудоў у Ракаўскiм i ў Лаўскiм прадмесцях, у Верхнiм горадзе, на Зам-

чышчы. Па вулiцы Гандлёвай мы скончылi этап археалагiчных вышукаў i зараз вядзём будаўнiцтва магiстральных iнжынерных сетак. Навуковае аўтарскае i археалагiчнае суправаджэнне вядзецца па кожным аб’екце. Але i пры гэтым бываюць сюрпрызы, як, напрыклад, здарылася ў адным з будынкаў па Камсамольскай, дзе адкрыўся фрагмент фрэскавага жывапiсу, якi зараз будзе аднаўляцца. І нi цяперашнiя метадалогii, нi ўзровень нашых даследаванняў не выявiлi спачатку ўсе асаблiвасцi гэтага помнiка. Але для гэтага i ёсць абгрунтаванае кiраўнiцтва працамi, каб аператыўна прымаць рашэннi ў працэсе рэстаўрацыi. А калi ўзнiкаюць пытаннi наконт вывезенага грунту з будынкаў вулiцы Рэвалюцыйнай, то кожны фрагмент, знойдзены ў працэсе археалагiчных абследаванняў, падлягае абмерам, фотафiксацыi i справаздачы.

Папруга: Калi б рабiся комплексныя навуковыя даследаваннi, то, безумоўна, быў бы знойдзены той цалкам распiсаны сценавым роспiсам пакой, у якiм, дарэчы, рабiўся Праект дэталёвага плана. Хто адкрыў тую фрэску? Рабочыя, якiя бiлi электрычную штрабу. Дык гэта яшчэ не самы горшы прыклад — гэты помнiк знеслi толькi больш чым напалову, мiж iншым, разам з найдаўжэйшай з распiсаных сцен. А што адбылося з Рэвалюцыйнай, 17? Шмат гадоў помнiк рамантаваўся, а пасля таго, як быў накрыты разабраны дах i ўмантаваная новая сталярка, быў знiшчаны дашчэнту. Там жа на рагу раней стаяла мураваная гiстарычная камянiца. Цi ёсць абмер яе падмуркаў, на месцы якiх ужо адлiты бетонны пяцiметровай глыбiнi катлаван? А калi казаць пра Гандлёвую, то археолагi там i не працавалi — iх пусцiлi «ў двары» ўжо пасля таго, як праклалi калектар.

Жых: У нас ёсць нарматыўныя тэрмiны, згодна з якiмi калектар будзе пракладзены. А ёсць i шматлiкiя вынiкi даследаванняў вулiцы Гандлёвай — археалагiчныя знаходкi. Найбольш цiкавыя з iх — цэгла з падмуркаў, якая некалi была вывезеная з прадмесцяў Варшавы, шкло, посуд, ганчарныя вырабы, некаторыя элементы збруi, манеты. Цi вось, напрыклад, комплекс будынкаў па вулiцы Кiрылы i Мяфодзiя, 6-8, цiкавы квартал у Верхнiм горадзе, якi стварае чатыры вулачкi. Будынкi за сваю гiсторыю перажылi 4 пажары, у царскi час — дзве вялiкiя рэканструкцыi. I падчас другога этапа археалагiчных даследаванняў тут прыходзiлася капаць на глыбiню 2,5-3 метры. Нiхто i не спадзяваўся, што на гэтым невялiчкiм пятачку гiстарычнай зямлi мы з дапамогай супрацоўнiкаў Iнстытута гiсторыi Акадэмii навук выявiм цiкавыя сведчаннi старажытнасцi частачкi горада, якi складаўся з Верхняга i Нiжняга горада, Замчышча ў ХII стагоддзi. А што датычыцца страчанага будынка на рагу вулiц Рэвалюцыйная i Гарадскi Вал, то абмер гэтай забудовы зроблены, i помнiк будзе адноўлены.

Падрыхтавала Ларыса Цімошык, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0