Пра рашэньне сацыял-дэмакратаў аб зьмяшчэньні Казуліна піша Ўладзімір Някляеў.

Сябром якой-небудзь партыі я не з’яўляюся. Як, зрэшты, і ворагам, і не павінны мяне датычыць ні міжпартыйныя, ні ўнутрыпартыйныя разборкі. Але тое, што адбылося на апошнім з’ездзе БСДП (Г) — гэта не столькі палітыка, колькі мараль. Пытанне прыстойнасці, гонару. Якасцей, якія ў сённяшнім нашым грамадстве гранічна дэфіцытныя, таму проста немагчыма не заўважыць, як на іх у чарговы раз наплявалі.

Помню, як у 1999 годзе, калі я з’ехаў за мяжу, спрачаліся мы з Зянонам Пазьняком пра тое, ці можа палітыка быць маральнай? Ці сумяшчальныя яны ўвогуле: мараль і палітыка? Я са свайго досведу даводзіў, што не, Пазьняк, са свайго, што так. Што палітыка маральнай быць не толькі можа, а павінна быць такой. Ці сцвердзіў ён, альбо ці намагаўся сцвердзіць рэальнымі дзеяннямі гэтую тэзу, кожны можа меркаваць сам.

Васіль Быкаў, які ад сваіх — і найперш маральных — кампліментаў на адрас Пазьняка ніколі не адмаўляўся, неяк сказаў мне, што Пазьняк — гэта драматычнае сутыкненне беларускай мары і беларускай рэальнасці. Драма ў тым, што мара няздольная адолець рэальнасць, а Пазьняк жыве так, нібы пра тое не ведае. Большасць жа людзей у стасунках мары і рэальнасці дастаткова дасведчаная — і гэтая дасведчанасць і ёсць іхняя мараль.

Ніколі не забудуся, як уразіла, скаланула мяне першае сутыкненне маралі і рэальнасці, у якім мараль ганебна прайграла. Я вучыўся ў Менску на радыёмеханіка, пасля працаваў ім і марыў пра літаратуру, паэзію, зрэдку заходзячы ў Саюз пісьменнікаў, каб хоць хвіліну пабыць побач з тымі, хто яе, літаратуру, стварае. Глынуць паветра, якім яны дыхаюць. І аднойчы, зусім яшчэ юнаком, патрапіў на сход, перад пачаткам якога Ўладзімір Дубоўка, сівы волат беларускай паэзіі, распавядаў тады яшчэ адносна маладым волатам Максіму Танку і Пімену Панчанку пра чалавека, чый данос загнаў яго на 25 гадоў у лагер. І называў імя гэтага чалавека… Танк слухаў, ніякавата галавой ківаючы, а сарамлівы Панчанка, які падвёў мяне да Танка з Дубоўкам, нервова курыў. А пасля гэты чалавек, які напісаў на Дубоўку данос, выступаў на сходзе з трыбуны. Палымяна… Вяшчаў пра ролю літаратуры ў патрыятычным выхаванні савецкага чалавека, пра высокую адказнасць і ўсялякае такое… Імёны Дубоўкі, Танка і Панчанкі назваў. Як прыклады ў патрыятычным выхаванні і высокай адказнасці. І ўсе ж, не толькі Дубоўка з Танкам і Панчанкам, ведалі, хто ён такі. А сядзелі і пляскалі. І Дубоўка на маіх вачах паціснуў тую руку, якая напісала на яго данос: “Добра ты выступіў! Глыбока!”

Глыбока…

Пасля сходу я пытаўся ў Панчанкі: як так можна?.. І Пімен Емельянавіч выказваўся ў тым сэнсе, што жыццё — рэч складаная, а ўсе, хто быў на сходзе, выступаў і пляскаў, робяць урэшце рэшт адну агульную, вялікую справу, і таму не варта займацца персанальнымі разборкамі.

З гэтым я ні тады не згадзіўся, ні цяпер не згодны, бо як не жадаў, так і не жадаю рабіць агульную справу, хай нават вялікую, абы з кім.

На апошнім (3 жніўня) з’ездзе БСДП (Г) нехта добра выступаў і хтосьці яму пляскаў. З’езд прэзентаваны быў як тэхнічны, партыйцы павінны былі вылучыць на ім сваіх кандыдатаў для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. Усё, больш нічога. Аднак, калі дэлегаты прыехалі ў Менск і з’явіліся на з’езд, з ягонай трыбуны ім было абвешчана, што ў парадку дня — арганізацыйнае пытанне: перавыбары старшыні партыі.

Жыццё, канешне, рэч складаная. Але усё ж не настолькі, каб не заўважыць падрыхтаваны падман, пасля якога кіраўніцтву партыі можна было б выказаць недавер. Ці хоць бы паківаць: нешта вы не тое, мальцы, робіце. Папярэдзілі б нас, далі час падумаць, пытанне ж не абы якое… Але замест недаверу — падтрымка. Новым старшынём партыі абіраецца Анатоль Ляўковіч. Былога старшыні Аляксандра Казуліна намеснік. Ягоны партыйны, так бы мовіць, таварыш.

“Сітуацыя ў партыі стабільная”, — заяўляе пасля з’езду абраны старшыня. І з ім цяжка не пагадзіцца, бо дзе стабільна знаходзіцца старшыня скінуты?.. Там, дзе ён знаходзіцца ўжо два гады. У турме. Таму на з’ездзе не выступаў і яму не пляскалі…

Калі гэта ў межах маралі, дык дзе пралягаюць межы?..

Калі гэта не сорам, дык што гэта такое?..

Зрэшты, да сораму тутэйшым сацыял-дэмакратам не звыкаць. Яшчэ ў 1994 годзе — гэтаксама лёгка, як у 2008 годзе Аляксандра Казуліна — тыя з іх, якія былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету, здалі Генадзя Карпенку. Спачатку падпісаўшыся, а пасля адлікаўшы свае подпісы ў ягоную падтрымку як кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Цяжка сказаць, што было б, калі б яны, мяркуючыся не палітыкай, а мараллю, гэтага не зрабілі. Можа быць, сёння б мы мелі зусім іншую Беларусь. А, можа, нічога б істотна не змянілася. Але гаданні гэтыя ўжо не маюць ніякіх адносін да маралі.

А што займелі, сыходзячы не з маралі, а з палітыкі (партыя павінна мець дзейнага кіраўніка!) сённяшнія беларускія сацыял-дэмакраты, якія ўваходзяць у БСДП (Г)? Замест сапраўднага лідэра, знанага ва ўсім свеце палітвязня, які, хто і як бы да яго ні ставіўся, ёсць знакавай фігурай усёй беларускай палітыкі, партыя займела шараговага функцыянера. І чаго яна пад гэта чакае?.. Заходніх сацыял-дэмакратычных грошай, пра якія нашэптваў, спакушаючы, адзін з самых даўніх сяброў партыі, праз якога яна, некалі адзіная, і развалілася?.. Праз якога сённяшніх беларускіх сацыял-дэмакратыў столькі ж, колькі беларускіх песняроў?.. Пра якога ўсе ведаюць, што ён правакатар, сексот, даносчык — і тым не менш замест таго, каб з ім расплявацца, усе з ім рукаюцца, бо ён патрэбны агульнай беларускай справе. Хоць, калі меркавацца мараллю, з ім ніякую справу нельга рабіць. У тым ліку — і, можа, найперш — беларускую.

Мараль — найістотнае, калі не адзінае, што адрознівае палітыку беларускай апазіцыі ад палітыкі ўлады. Ва ўсякім разе, гэтым апазіцыя ад цяперашняй улада павінна адрознівацца. Без такога адрознення мне асабіста без розніцы, хто там, як сённяшнія партыйцы кажуць, кіруе працэсам.

Р.S.

У 1994 годзе за тое, што спачатку паставіў, а пасля, падпарадкаваўшыся партыйнай дысцыпліне, адазваў свой подпіс, прабачэння ў Генадзя Карпенкі папрасіў толькі адзін чалавек. Анатоль Вярцінскі. “Уся гэтая гісторыя, — напісаў ён у лісце да Карпенкі, — не робіць гонару як кіраўніцтву БСДГ цалкам, так і асобным яе прадстаўнікам. Я ім пра гэта заявіў і адмовіўся ўдзельнічаць у паседжанні Цэнтральнай рады БСДГ…”

Магчыма, для такіх маральных крокаў трэба быць спачатку паэтам, а пасля палітыкам. Калі людзей такога кшталту ў сённяшняй БСДП (Г) не знойдзецца, дык не здзіўлюся, калі ўрэшце ад партыі застанецца толькі тое, што ў яе назве ў дужках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?