Двое хлопцаў былі затрыманыя яшчэ перад Днём Волі. Следчыя каментаваць сітуацыю не хочуць.

Нагадаем, каля 8 раніцы 24 сакавіка ў акно гомельскай падатковай інспекцыі невядомыя кінулі бутэльку з запальнай сумессю. Пажару не было — разбілася толькі адна шыба, бутэлька ў памяшканне не трапіла. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце здарэння, а трохі пазней адказнасць за здарэнне нібыта ўзялі на сябе анархісты.

Тое самае акно гомельскай падатковай

Праўда, пра затрыманні па справе інфармацыі не было. Але нечакана высветлілася, што ў той жа дзень, 24 сакавіка, у Мінску былі затрыманыя двое ўкраінскіх хлопцаў. Пазней ім паведамілі, што яны будуць праходзіць сведкамі па справе.

Украінцы — 19-гадовы Іван Даніленка і 18-гадовы Раман Легар — прыехалі ў Беларусь ноччу з 23 на 24 сакавіка. Адзін з Кіева, другі з прыгарада ўкраінскай сталіцы — Бравароў. Абодва студэнты, Легар — студэнт архітэктурнага ўніверсітэта, Даніленка вучыцца ў медыцынскім каледжы на фельчара.

Ехалі хлопцы ў Мінск «паглядзець горад», прычым ехалі праз Гомель. Некалькі гадзінаў уначы на 24 сакавіка яны правялі ў абласным цэнтры, перасаджваліся на цягнік да сталіцы.

24 сакавіка ў Мінску Легар і Даніленка шпацыравалі разам з дзвюма дзяўчатамі, мінчанкамі. Усю кампанію затрымалі людзі ў цывільным.

Раман Легар

«Хлопцы прыехалі ў Мінск з турыстычнымі мэтамі, а таксама, імаверна, планавалі наведаць акцыю пратэсту 25 сакавіка, — распавяла «Нашай Ніве» сяброўка хлопцаў, мінчанка Вольга (імя змененае па яе просьбе — Рэд). У кватэры Вольгі і спыніліся хлопцы. — На якой падставе нас спынілі на вуліцы, невядома. Затрымлівалі людзі ў цывільным. Падыйшлі проста на вуліцы і пачалі проста круціць. Ніхто не прадстаўляўся і не казаў, па якой прычыне затрыманне. Наогул, не гаварылася нават, што гэта затрыманне».

Іван Даніленка разам з маці

Маладзёнаў даставілі ў Фрунзенскі РАУС. Ноч яны правялі там. Прычым ноччу Вольгу ў кайданках вывелі і павезлі дадому. Там міліцыя правяла ператрус.

Прычым вобшук праводзілі прадстаўнікі не Фрунзенскага РАСУ, а чамусьці Маскоўскага, кажа дзяўчына. Ва ўсякім выпадку, заяўляе яна, ёй так сказалі самі міліцыянты — дакументаў ніхто з іх не паказаў.

«На якой падставе ў мяне дома быў ператрус, мне не тлумачылі, на мае патрабаванні паказалі толькі пастанову на агляд, па якой справе, я не зразумела.

Пашпарт Рамана Легара знайшлі і канфіскавалі пры аглядзе ў маёй кватэры, — кажа Вольга. — Таксама пры аглядзе былі канфіскаваныя два маіх камп'ютары, тры флэшкі і яшчэ пара маіх асабістых рэчаў. З якой мэтай канфіскаваныя — не ведаю. Пратакол канфіскацыі мне прадастаўлены не быў, хоць я патрабавала паказаць яго».

На наступны дзень, 25 сакавіка, дзяўчат адвезлі ў суд Фрунзенскага раёна. Вольга атрымала штраф 920 рублёў (нібыта «лаялася матам, непадпарадкоўвалася законнаму патрабаванню міліцыі»).

Сяброўку Вольгі прызналі вінаватай па тых жа артыкулах. Але штраф ёй не далі — дзяўчыну «закрылі» на 13 сутак.

А Даніленку і Легара пакінулі пад вартай. Згодна з заканадаўствам, замежнікі павінны мець дакументы падчас знаходжання ў Беларусі, інакш ім пагражае штраф ці дэпартацыя. Ва ўкраінцаў пашпартоў з сабою не было.

Даніленку і Легара адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна. Затрыманыя яны былі як замежнікі, у якіх няма дакументаў.

Але пашпарт Даніленкі знаёмыя неўзабаве знайшлі. Цяпер дакумент знаходзіцца ў аддзеле па грамадзянству і міграцыі.

Пашпарт Легара, які быў у кватэры Вольгі, знік.

«Я пісала ў РУУС заяву, каб мне далі пратакол канфіскацыі пры вобшуку, у якім павінен значыцца і пашпарт Легара, мне сказалі, што «на разгляд заявы ў іх ёсць 15 дзён». Таксама ведаю, што ўдакладніць пра наяўнасць пашпарта Легара сярод канфіскаваных рэчаў спрабавалі праз іншыя інстанцыі, на што атрымалі адказ, што пашпарта там няма, — распавяла сяброўка хлопцаў. — На дадзены момант Раман Легар сядзіць у ЦІП на Акрэсціна ўжо два тыдні без якога-небудзь суда і без дакументаў».

Да таго ж праз чатыры дні пасля затрымання хлопцаў, 28 сакавіка, у Мінску з’явіліся міліцыянты з Гомеля.

Двое ўкраінцаў нечакана сталі сведкамі па справе аб тым самым кактэйлі Молатава, які кінулі ў будынак падатковай у Гомелі.

Хутчэй за ўсё, справа хлопцаў скончыцца дэпартацыяй. Але незразумела, чаму Івана Даніленку, дакументы якога знайшліся, трымаюць на Акрэсціна і па сёння. Нават калі ён праходзіць сведкам па справе аб тым падпале падатковай, яго павінны дэпартаваць і пасля ўжо выклікаць у Беларусь.

Раман Легар, калі міліцыя канчаткова паведаміць, што яго пашпарту няма, можа правесці яшчэ некаторы час на Акрэсціна, пакуль яго асоба не будзе пацверджана. А гэта няхуткая працэдура: міліцыя звяртаецца ва ўкраінскае пасольства, пасольства — цікавіцца ў аддзеле міграцыі ва Украіне. Пасля робіцца часовы пашпарт, рыхтуюцца дакументы…

У Следчым камітэце каментаваць сітуацыю адмовіліся.

Аляксандр Навасёлаў, консул Украіны ў Беларусі, распавёў «Нашай Ніве», што працуе над вызваленнем хлопцаў.

«Пасля Дня Волі я і мае калегі сачылі за затрыманнямі, правяралі, ці не затрыманыя грамадзяне Украіны. Я сам абзваньваў райаддзелы. Так і даведаліся пра затрыманне Даніленкі і Легара, — распавёў Навасёлаў. — Афіцыйна яны былі затрыманыя, бо не мелі дакументаў. Ну і на момант затрымання дакументаў у іх сапраўды ж не было.

У гэтай сітуацыі мы накіравалі ноту ў беларускае Міністэрства замежных спраў, каб паскорыць вызваленне хлопцаў. Цяпер працуем з міліцыяй, каб хутчэй адправіць іх ва Украіну».

Але патлумачыць, чаму той жа Даніленка, чый пашпарт знайшоўся, усё яшчэ знаходзіцца на Акрэсціна, Навасёлаў не змог.

«Нам паабяцалі як мага хутчэй вырашаць сітуацыю, але пакуль як ёсць. Наконт выдачы пасведчання на вяртанне Легара да нас, дарэчы, таксама не звярталіся», — сказаў консул.

Калі асоба затрыманага не высветленая ці няма дакументаў, якія пацвярджаюць асобу, звычайна органы міграцыі звяртаюцца ў пасольства той краіны, адкуль прыехаў чалавек. Пасольства робіць пасведчанне аб вяртанні — штосьці накшталт аднаразовага пашпарта, каб чалавек мог вярнуцца ў сваю краіну.

«Але мы спадзяемся, што пытанне вырашыцца на наступным тыдні, — сказаў Навасёлаў. — Я наведваў хлопцаў на Акрэсціна. Скаргаў з іх боку няма, умовы ўтрымання, здаецца, нармальныя. Спадзяемся, неўзабаве яны змогуць вярнуцца ва Украіну».


Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?