Камісія па пытаньнях духоўнага разьвіцьця Пэкіну разаслала ўсім жыхарам 15-мільённага гораду строгія ўказіўкі наконт формы вопраткі і паводзінаў у часе Алімпіяды. У дакумэнце расьпісваецца, як належыць расстаўляць ногі, якія шкарпэткі насіць і якой даўжыні мусяць быць спадніцы.

Кітай падрыхтаваўся да Алімпіяды па поўнай праграме. У Пэкіне спынілі працу заводы і будоўлі – каб спартоўцы ня нюхалі таго паветра, якім дыхае кітайскі народ. А паветра тое забруджанае...

Цэлыя два гады доўжылася кампанія па адвучваньні пэкінцаў пляваць сабе пад ногі — якя знаёмая беларусам практыка. Таксама жыхароў сталіцы Паднябеснай вучылі правільна стаяць у чэргах, не штурхацца, ня лезьці рогам. «Узровень ветлівасьці ва ўсім горадзе значна павысіўся, а таксама было створанае здаровае культурнае і грамадзкае асяродзьдзе для Алімпійскіх гульняў», — паведаміла Камісія па пытаньнях духоўнага разьвівьця гораду Пэкіну.

То былі доўгатэрміновыя праекты, а напярэдадні Алімпіяды пэкінскі гарвыканкам выпусьціў тыражом 4 мільёны экзэмпляраў, для кожнай пэкінскай сям’і, адмысловыя буклеты з строга расьпісанымі правіламі добрага тону. Яны абдымаюць 36 розных сфэраў жыцьця і займаюць на афіцыйным сайце 9 старонак.

Можа, насельнікі Пэкіну думаюць, што яны яшчэ могуць выйсьці ранкам з хаты няголенымі, не памыўшыся ў душы? О, не. Паліцыя нораваў ужо патрулюе вуліцы сталіцы.

А і пагаліўшыся, не памыўшыся, трэба яшчэ і апрануцца. Белыя шкарпэткі з чорнымі чаравікамі не насіць, скураныя спадніцы не паложаны, сьветлы лак для пазногцяў — аўт, і каб ніякага буйства колераў.

Параднік утрымлівае таксама рэкамэндацыі, як правільна ціснуць руку (не даўжэй за тры сэкунды), як карыстацца палачкамі для ежы на банкетах і прыватных сустрэчах. Як стрыгчыся: «У мужчын валасы ня мусяць даходзіць да брывей, вушэй ці каўняра. Жанчыны мусяць мець прычоску адпаведную гадам, занятку, сытуацыі». Мужчыны мусяць галіцца штодня, жанчыны мусяць карыстацца касмэтыкай умеру, мужчыны і жанчыны абавязаныя пільнаваць чысьціню рота.

Таму Правілы загадваюць таксістам не захапляцца часныком — а кітайцы часнычок любяць.

Не рэкамэндуецца выяўляць цёплыя пачуцьці на публіцы. Стаяць трэба, крыху разьвёўшы ногі, літарай «V», але не нага за нагу. Ціснуць руку можна не даўжэй за 3 сэкунды. Цалавацца ў Кітаі на вуліцах ня надта і цалуюцца, а вось вечарком у парках парачкі абдымаюцца сабе...

Што датычыць жаночых строяў, буклет ня раіць апранацца так, каб спалучаліся больш як тры групы колераў, а таксама рэкамэндуе жанчынам пазьбягаць негарманічных колераў. Не дай бог падкасаць штаны — народ тут так часта робіць улетку ў трамваі, на самалёце і нават афіцыйных сустрэчах.

Можна дастаць прачуханца за расхрыстаныя ці падкасаныя кашулі, — кітайскія мужчыны любяць падкруціць кашулі аж пад грудзі, каб летні ветрык жывот халадзіў.

Жанчыны ўсіх узростаў мусяць пераважна апранацца ў аблягаючыя сукенкі, але ў каго ногі таўставатыя, тым раяць выбіраць цямнейшыя панчохі. «Маладым можна насіць сукенкі 3—6 см вышэйшыя за калена — але ня больш. Для жанчын сярэдняга і старэйшага ўзросту сукенка мусіць быць прынамсі на 3 см ніжэйшая за калена».

Скураныя спадніцы і празрыстая вопратка не рэкамэндуюцца. «Вопратка ня мусіць быць замалой, інакш людзі будуць думаць, што вы ненадзейны чалавек». А людзям зь лішняй вагой варта пазьбягаць гарызантальных палосак.

Забарона на пляваньне — падмацаваная істотнымі штрафамі — была ўведзеная ў 2006 г. Аднак мала хто на яе зважае: ходнікі спрэс запляваныя, харкаюць прылюдна.

Кампаніі выхаваньня этыкету ладзяцца цяпер у школах, унівэрах і дзяржустановах. У некаторых раёнах студэнтаў заахвочваюць наведваць сельскія мясцовасьці і падымаць этыкет сярод тамтэйшага насельніцтва.

Некаторыя парады выглядаюць культурнай экзотыкай: не прымушайце суседа піць на банкеце; не купляйце змусам білетаў на прыезд другому чалавеку. Усё гэта мае вялікае значэньне для таго, каб знаёмства было пасьпяховым.

Як у часы эўрапейскага асьвечанага абсалютызму, кітайскія ўлады хочуць сілком “зрабіць народ культурным”. Як і тыя папярэднія, яны хацелі б прасьвяціць свой люд, не вызваліўшы яго з палітычнай і эканамічнай залежнасьці. Выглядае гэта на пачатку ХХІ стагодзьдзя трохі камічна, а трохі жаласна, але адначзначна менш гламурна, чым 250 гадоў таму. Кацярына ІІ цешылася пацёмкінскімі вёскамі. Правадыры партыі кітайскага пралетарыяту хочуць самі сябе падмануць наконт культурнага ўзроўню ўласных грамадзянаў. Па сутнасьці сьветачы “кітайскай мадэлі” мала розьняцца ад кіруючых элітаў эўрапейскіх аўтакратый дадэмакратычнага пэрыяду.

Каб быць харошым

Уводзіцца як абавязак:

— мужчыны мусяць галіцца штодня

— стаяць трэба, паставіўшы ногі на шырыню плечаў, літарай «V»

— жанчыны мусяць красіцца ўмеру

— мець прычоску адпаведную гадам, занятку, сытуацыі

— калі ногі таўсьцейшыя, сьлед выбіраць цямнейшыя панчохі

— даўжыня спадніцы мусіць адпавядаць узросту; маладым жанчынам дазваляецца насіць спадніцы на 3—6 см вышэйшыя за калена

— усім жыхарам належыць абмяжоўваць спажываньне часныку і чысьціць рот

Забараняецца:

— мужчынам адпускаць валасы да брывей, вушэй ці каўняра

— выходзіць на двор у піжаме ці трусах

— закасваць штаны

— хадзіць расхрыстаным

— насіць белыя шкарпэткі з чорнымі чаравікамі

— насіць кашулі з высокім каўняром, калі шыя кароткая

— жанчынам насіць скураныя спадніцы, празрыстую вопратку, насіць вопратку негарманічных колераў ці больш як трох колераў за раз

— мілавацца на людзях

— сілаваць іншага чалавека піць на банкеце

— купляць змусам білеты на прыезд другому чалавеку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?