А што ты тут адзін сядзіш? Радзіва хоць якое трэба.
Радзіва якое трэба, каб іграла.

Андрусь Горват

I believe Mr. Gardner feels it's the writer's duty to steer the reader toward more conscientious behavior. No matter how dull that makes the story.

«Daria» (episode «Write Where It Hurts»)

«Радзіва «Прудок» — гэта што? Стылізаваная штодзённасць, узнаўленне карпарацыі і небясспрэчнае этычнае пасланне.

* * *

Крытык Даніла Жукоўскі даўней выказаў думку аб тым, што магістральнай метафарай біяграфіі беларускага інтэлігента з’яўляецца «жыццё пад акупацыяй». Доўгая барацьба за стварэнне асобнай нацыі, адчужэнне ад «працоўнага народа», нарэшце, набыццё дзяржаўнасці, у якой беларускамоўныя пераўтварыліся ў «сапраўдную меншасць» (Ф.Акерман) — увесь гэты разнастайны досвед павінен абагульніць гэты вобраз.

Між тым няўхільнае развіццё незалежнай Беларусі, «фонавыя працэсы дасягнення пэўнай спеласці дзяржавы» (Валерыя Касцюгова) паступова змяніла гэтую матрыцу самаўспрымання беларускага інтэлігента. З канца 1990-х гадоў, напрыклад, руская як легітымная мова беларускай нацыі паступова перавандравала (да нейкай ступені) з рыторыкі беларускага афіцыёзу ў рэфлексіі «капітанаў думкі». Грамадская дыскусія адкрыла магчымасць (у сярэдзіне 1990-х) азначэння беларускай нацыі не праз цьмянае «этнічнае паходжанне», а праз дзяржаўную прыналежнасць.

Неадменны гумор «ідэалогіі беларускай дзяржавы» аказаўся запатрабаваны і крытычна настроенымі інтэлектуаламі. Гэта адбілася ў гіпотэзе аб тым, што беларуская нацыя — не «запозненая» і не «вынятак» з агульнага правіла, а наадварот, ужо ажыццёўлены праект палітычнай арганізацыі. Сёння ідэя «беларускай палітычнай нацыі» паступова праточваецца ў пануючы дыскурс: там яна запатрабаваная, аднак, з іншых прычынаў.

У гэтым кантэксце Горват у сваім «Радзіве «Прудок» займаецца вельмі простай рэччу. Ён прапануе прыватны досвед таго, якім чынам можна застацца беларускім інтэлігентам у радыкальна новых умовах. Гэта не што іншае, як перазаснаванне беларускай інтэлігенцыі — «на ўласным прыкладзе».

У тым, што кніга Горвата — найперш пра інтэлігенцыю, сумняавацца не даводзіцца. Хаця ў ёй, як у дыхтоўным постмадэрновым творы накшталт раманаў Умбэрта Эка, некалькі ўзроўняў. Нехта ўспомніць сваё дзяцінства ў бабулі, нехта вычытае выразную сюжэтную лінію пра (патэнцыйны) праміскуітэт, сублімацыю і рамантычны пошук вялікага кахання (праўда, пераасэнсаваны з вясковай перспектывы — дзе будучае каханне становіцца жонкай, якая мае выконваць найперш гаспадарчыя функцыі).

І над усім гэтым цяжэе групавая ідэнтычнасць — як прафесія ці рамяство. Нездарма зыходным пунктам для драматургіі тэксту служыць аўтарскае дворніцтва, якое, калі так падумаць, мала што ўносіць у непасрэдную фабулу — шчымлівую, але трыумфальную гісторыю вяртання. І ўжо зусім невыпадкова лірычны герой — дворнік не абы-дзе, а ў Купалаўскім тэатры. Гэта дазваляе зручна мабілізаваць высокую культуру, і, дзякуючы лакацыі, унітаваць у апавяданне бяскрыўдны флёр палітычнасці (ён разгорнецца напоўніцу пазней, пераважна ў форме сацыяльнай крытыкі беларускай стабільнасці).

Кнігу Горвата варта пачытаць, каб зразумець, як выглядае штодзённы плебісцыт на прадмет далучэння да (беларускай) інтэлігенцыі. Беларуская літаратура, напрыклад, стрымана, але суверэнна працінае кнігу наскрозь. Пры гэтым яна можа адразу некалькі функцый выконваць: і падтрымліваць сюжэтную лінію з палескім рэгіяналізмам, і далікатна нагадваць, што «наогул усё — пра сэкс». Так своеасаблівы сюжэтны вузел завязваецца ў пачатку кнігі (як у Мележа — у фінале): каленка Чарнушкі становіцца другасным увасабленнем «грэблі», якую апавядальнік (ці чытач) знайшоў пабудаванай у пачатку кнігі — і якая «разбураецца» (тут як «аналіз» — падзел на часткі) па меры разгортвання кнігі.

Сямейная гісторыя і гісторыя бацькаўшчыны, этнаграфія, слоўнік, — гэта, як здаецца, асноўныя элементы той сістэмы, якая адказвае за вытворчасць беларускай інтэлігенцыі ў прыватнай штодзённасці лірычнага героя. Так іграе «Радзіва «Прудок». Па-над усім гэтым — нацыя, якая жывіцца ў тым ліку рэсурсам пералічаных тэм.

Наогул, на нацыі мае сэнс спыніцца асобна. У цэлым я тут не прыводжу падрабязныя прыклады з кнігі таму, што «Радзіва» вельмі насычанае кантэкстам і выбраць ілюстрацыйны матэрыял даволі складана. Але адносна нацыі хочацца звярнуць увагу на адзін момант, які вельмі прыгожы сам праз сябе.

У самым пачатку кнігі (дакладней, на с. 14) лірычны герой нематывавана разумее: «Патрэбна жменя роднай зямлі». Неўзабаве зямлю прывозяць. «Заплюшчваю вочы — і чую Прыпяць». Тэма зямлі вяртаецца неўзабаве на старонкі кнігі яшчэ раз, і аўтар высноўвае адцягнена-лірычную формулу: «Зямля ўтварала такую самую сумесь, як я сам. Менавіта такой зямлёй я мушу стаць некалі».

Гэта — прыгожа, таму што амаль ідэальна стасуецца з іншай важнай кніжкай, якая некалі перакуліла дагары нагамі ўяўленне пра прыроду нацыі. Гаворка ідзе, безумоўна, пра «Уяўленыя супольнасці» Бенедыкта Андэрсана. Гэта бліскучая гістарычная аналітыка, дэталёва разбіраць якую тут няма сэнсу. Што «Радзіва «Прудок» можна на ўніверсітэцкі семінар браць, каб праверыць, як вывады Андэрсана працуюць у сутыкненні з «досведам свету» канкрэтных людзей, — гэта відаць.

Але ўвагу хочацца звярнуць на больш канкрэтнае супадзенне. Разгортваючы сваё тлумачэнне, Андэрсан у нейкі момант прыводзіць у якасці прыкладу таго, як можа ўяўляцца нацыя, англійскую пахавальную формулу: «Earth to earth, ashes to ashes, dust to dust». Супадзенне кантэкстаў, амаль даслоўнае, уражвае.

Але нацыя на хвалях «Радзіва», як падаецца, не існуе сама для сябе. Па-першае, гэта менавіта не нацыя як «рэчаіснасць, дадзеная ў адчуваннях». Горват сістэматычна дэманструе работу ўяўлення, якое і стварае кожную нацыю, пераўтвараючы яе ў матывацыю дзеяння і такім чынам — у матэрыяльную рэальнасць.

Рэфлексія гэтай работы, безумоўна, родавая адзнака інтэлігенцыі. Як і для Караткевіча 1960-х, нацыя важная для Горвата. Але ў эпоху «пасля рэпрэсіўнай урбанізацыі», у эпоху панавання электронных і новых медыя ключавое пасланне Горвата не ў тым, каб перагледзець спосаб расказваць беларускую нацыю (як яго пераглядаў, напрыклад, аўтар «Каласоў»).

Што з інтэнсіўнай ахвотай робіць Горват — адкрывае для беларускай інтэлігенцыі сапраўднае быццё беларускай вёскі. Так, як Аўгуст Гастгаўзэн адкрыў «усяму свету (і ў першую чаргу расейскай адукаванай грамадскасці) містычную рускую грамаду, якая бо захавалася з часоў дагістарычных і дае спадзяванне абмінуць жахі капіталізму».

Такую ж містычную беларускую вёску адкрыў беларускай інтэлектуальнай грамадскасці Горват. Ці не асноўны пасыл кнігі ў наступным: беларуская інтэлігенцыя ўгразла ў сталічным, несапраўдным жыцці, поўным шкоды — фантомаў, летуценняў і самаўлюбёнасці. А сапраўднае быццё, забытае, трывае ў беларускай вёсцы. Кніга літаральна стракаціць новымі і новымі парафразамі класічнага «страшна далёкія яны ад народу».

Напрыклад, «калі вышэйшая адукацыя пазбаўляе права весела варушыць вусамі, ну яе к чорту». Або: «Будзь прасцейшым — і да цябе пацягнуцца людзі». Што галоўнае ў жыцці? «Каровы і трактары». Урбанізацыя адмяняецца, а космас так блізка.

Неўзабаве лірычны герой не патрапіць зразумець, навошта ён пятнаццаць гадоў жыў у сталіцы. Тэлевізар не патрэбны, калі ў цягніку можна паслухаць палескіх бабуль: «Я ўсё ведаю і так». Дзед Гануша смяецца з мінчукоў-недарэк. Менавіта на вёсцы апавядальнік разумее, у чым беларуская мова (калі што, яна не ў тым, як называць посуд для кіпячэння вады, яна ў чымсьці пакрыёмым, глыбейшым, у тым, што выражае быццё). 

Меркаваная пераканаўчасць гэтага апавядання ў тым, што яно не абстрактнае, а вынікае з досведу. Лірычны герой яшчэ ў пачатку кнігі быў «сільна граматны», але потым перастаў. Ён чытаў некалі кніжкі накшталт «Древняя Русь и Великая степь», але ў гады сталасці зразумеў, што ў гэтым не было сэнсу або радасці, што сэнс і радасць — у апантаным вырошчванні бульбы, фізічнай рабоце і нястрымнай таварыскасці, недаступнай у эпоху вялікіх метраполій.

А што Мінск? У Мінску мала кіслароду, няма каму «здрасце» сказаць, і наогул, як даводзіць аўтар, пакуль не было людзей з выдатнай адукацыяй, зоны адсялення на Палессі таксама не было.

Часам аўтар, што праўда, крыху намацвае мяжу свайго арыгінальнага сюжэтнага павароту. Гэта невялікія эпізоды, якія ці выпадковыя, ці проста павінны адлюстроўваць супярэчлівасць «жывога жыцця». Вось цётка Дуня, спытаўшы лірычнага героя, аб чым яго кніжка («Думаеш, цётка Дуня тупая?»), перабівае яго на трэцім слове: «Чай будзеш?» Вось нехта іншы катэгарычна просіць апавядальніка: «Пра мяне не пішы». Дый літаратурная крытыка на вёсцы не адрозніваецца вытанчанасцю фармулёвак: «Што ні слова, то срака».

Гэта ўсё — азартная інтрыга, і гэта павінна падштурхнуць да разважанняў. Напрыклад, не можа не займаць паралель паміж «новай беларускай інтэлігенцыяй» у варыянце Горвата (хутчэй за ўсё, іх шмат — гэтых «новых беларускіх інтэлігенцый») і рускай інтэлігенцыяй ХІХ стагоддзя (у Facebook ужо было прагучала супастаўленне Горвата і Розанава). Як вядома, народніцтва рускіх інтэлігентаў мела адваротны бок — зацятае непрыманне заходняй (разбэшчанай, «загніваючай» і г. д.) мадэрнасці і пошук асаблівага шляху для Расіі.

Чым гэта ўсё скончылася, таксама добра вядома. Наогул, гэта не асаблівы феномен (прыблізна ў той жа час тым жа займалася нямецкая «асвечаная буржуазія», асабліва яе пануючы клас — універсітэцкая прафесура). Таму, магчыма, можна і засумнявацца ў творчым патэнцыяле таго паслання, якое пашырае «Радзіва «Прудок».

Гэта будзе, вядома ж, памылка, успрымаць усур’ёз пастараль, намаляваную Горватам. Беларускае грамадства — ці вясковае, ці ў райцэнтрах, ці ў спальных раёнах вялікіх гарадоў, — сёння мала нагадвае вёску, у якой жывуць дабрадушныя мележаўскія «дзядзькі і цёткі». Зрэшты, гэта «Радзіва» ведае: беларуская стабільнасць там раз-пораз паўстае ў сваіх непрывабных праявах. Але што важна разумець: ад гэтага беларускае грамадства не становіцца менш цікавым. Наадварот.

Гэта, у прынцыпе, зусім простыя рэчы. Ці грала б радзіва без людзей «з харошай адукацыяй, высокім IQ і прыгожымі манерамі»? Відавочна, не. Ці звычайна людзі з універсітэцкай адукацыяй могуць звязаць два словы? Могуць (праўда, вы гэтага не заўважыце, калі вам вочы засціла хваравітая самаўлюбёнасць перыферыйнай сацыялізацыі). Ці шмат у Мінску кіслароду? Не бракуе. Ці начальнік у офісе, блогеры і калегі — гэта не «простыя людзі»? Простыя. Ці ўсе людзі ў Менску чужыя? Калі Вы не першы раз у горадзе, то не ўсе.

І наогул, наконт малака. Што замінае сказаць дзякуй прастытутцы?

Тут усё зводзіцца да таго, як мужычкі пыталі ў Зошчанкі: «Мілый, ты а чом?» «А том», што мадэрнасць — гэта джаз: «this is the dream; it’s conflict and it’s compromise; it’s very exciting»; гэта — вызваленне сіл. Чалавек ідзе, і прагрэс існуе. Хіба не варта падзівіцца, што і «Чую, спявае Амерыка» Уолта Уітмэна, і «Подых навальніцы» Івана Мележа — у розным часе і ў розных частках свету, а такія ўзаемна абавязаныя метафары пра свабоду, змаганне з прыродай, у тым ліку сваёй уласнай, і выклік, кінуты артадоксіі?

Немагчыма павярнуць кола гісторыі назад, пагатоў у гэтым няма ані каліва сэнсу і рацыі. Там няма таго, што можна вычытаць у некаторых акаўнтах у Facebook, трансфармаваных у кніжку. Няма «патаемнай праўды быцця», якую быццам бы можна падслухаць з размовы палескіх бабулек. Калі не займацца самаашуканствам, дык у гэтай размове наогул — нічога няма, акрамя «стэрэатыпнай, але неўсвядомленай роспачы» (гэта — іншы аматар прыроды, Генрых Таро). Гэтая размова палескіх бабулек — бясконцая, як кола: пра тое, што «жыццё — не вясёлае, бесклапотнае свята, а найбольш доўгі і клопатны будзень, што трэба цярпець» («Людзі на балоце»).

* * *

Што — радзіва? Радзіва, безумоўна, трэба. Каб іграла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?