Даследчыкі сыходзяцца на тым, што без прысутнасці Леніна ў Расіі ў 1917 годзе лёс краіны мог быць іншым.

Каментуючы з'яўленне Леніна ў Петраградзе ў красавіку 1917 года, Уінстан Чэрчыль пісаў: «Неабходна надаць самую пільную ўвагу гнюснай задуме германскага ваеннага кіраўніцтва, якую яно ўжо рэалізавала. Тое, што яно выкарыстоўвала супраць Расеі самую страшную зброю, выклікае містычны жах.

Яны пераправілі Леніна ў апламбаваным вагоне са Швейцарыі ў Расею як чумную бацылу».

Палітычны імунітэт Расіі быў неверагодна аслаблены вайной і палітыкай Часовага ўрада, так што ленінская «чумная бацыла» аказалася жахліва заразнай - яе ахвярамі сталі мільёны людзей.

Да 1916 года вайна на Заходнім фронце стабілізавалася і перайшла ў пазіцыйную фазу. Германскі ўрад марнаваў мільёны марак на мірную прапаганду ў краінах Антанты.

Праз сваіх агентаў у Расіі ён пашыраў пацыфісцкія і паражэнчыя рэвалюцыйныя партыі і групоўкі, імкнучыся вывесці Расію з вайны.

Мір з Расіяй даў бы магчымасць перакінуць з Усходняга фронту на Заходні да 500 тысяч салдатаў,

і тады перамога Германіі ў Першай сусветнай была б забяспечана.

Ідэю выкарыстоўваць Леніна і яго партыю для вываду Расіі з вайны германскаму Генштабу прапанаваў дзеяч расейскага і германскага сацыял-дэмакратычнага руху Аляксандр Парвус (псеўданім Аляксандра Гельфанда).

Да таго часу Ленін ужо выставіў лозунг ператварэння вайны імперыялістычнай у вайну грамадзянскую, і Парвус пераканаў немцаў субсідаваць рэвалюцыйны рух у Расіі.

Парвус быў не толькі левым сацыялістам, адзін час блізкім сябрам і паплечнікам Троцкага, але і буйным камерсантам, і да таго ж нямецкім агентам.

Ідэя Парвуса знайшла падтрымку ў нямецкіх правячых колах, і 9 красавіка 1917 года група з 32 расійскіх рэвалюцыянераў-эмігрантаў на чале з Леніным выехала з Цюрыха ў цягніку, які прайшоў праз тэрыторыю Германіі, а затым германскі «траянскі конь» праз Швецыю і Фінляндыю бесперашкодна прыбыў у Петраград.

Гэта быў першы з трох цягнікоў з «рэвалюцыйнай чумной бацылай», якія немцы пераправілі ў Расію.

Праз некаторы час прадстаўнік германскага міністэрства замежных спраў змог далажыць ураду: «Ленін спакойна дабраўся да Расіі і працуе там у дакладнасці так, як мы хацелі б».

За амаль стагоддзе лёсавызначальны для расійскай гісторыі ленінскі ваяж аброс шматлікімі міфамі.

Аўтар манаграфіі «Ленін у цягніку» (Lenin on the Train), брытанская даследчыца Кэтрын Мэрыдэйл, апісваючы ленінскі цягнік, адзначае, што адным з такіх міфаў пра яго быў «апламбаваны вагон».

«Ленін перасёк не толькі тэрыторыю Нямеччыны, — кажа яна. — Каб дабрацца да Расіі, ён павінен быў праехаць па Швейцарыі, Швецыі і Фінляндыі (праўда, апошняя ў той час была часткай Расійскай імперыі). Адзінай часткай гэтага маршруту, калі Ленін не карыстаўся звычайным грамадскім транспартам, была тэрыторыя Германіі. Яго цягнік складаўся з адзінага чыгуначнага вагона, у якім было пяць купэ другога і трэцяга класа. У вагоне знаходзіліся два афіцэры германскай арміі ў якасці ахоўнікаў і 32 або 34 пасажыры.

Міф пра тое, што вагон быў апламбаваны, узнік з-за патрабавання Леніна, выстаўленага германскім уладам, каб яго цягніку быў нададзены статус экстэрытарыяльнасці, а значыць, каб ён не меў нічога агульнага з Германіяй.

Падчас праезду праз Германію ніхто не павінен быў уваходзіць у цягнік і выходзіць з яго, каб захаваць ілюзію, што Ленін не супрацоўнічае з урадам кайзера.

Ленін (злева) падчас паездкі ў Пецярбург. 1917.

У вагоне крэйдай была праведзеная рыса, якая падзяляла вагон на дзве часткі: заднюю, дзе знаходзіліся германскія афіцэры, і пярэднюю, дзе ехалі рэвалюцыянеры.

Пасля Карл Радэк, які быў пасажырам цягніка, а таксама іншыя яго пасажыры адмаўлялі, што дзверы цягніка былі апламбаваныя. Адны з чатырох дзвярэй наогул не зачынялася, і швейцарскі сацыяліст Фрыц Платэн, праз якога Ленін і яго спадарожнікі размаўлялі з аховай, мог бесперашкодна выходзіць на ўсіх прыпынках, купляць газеты, малако для двух дзяцей, якія былі сярод пасажыраў, і іншыя прадукты».

Даследчыца, каб заглыбіцца ў матэрыял, нават праехала па ленінскім маршруце.

Праўда, у яе падарожжа пакінула зусім іншыя ўражанні: «У красавіку 1917 Еўропа не знаходзілася ў стане вайны. Мне не прыходзілася атрымліваць візы для перасячэння межаў, было ўражанне, што падарожнічаю па адной краіне. Для Леніна ж кожная мяжа хавала небяспеку. Ён быў гатовы да таго, што яго могуць спыніць, вярнуць назад, арыштаваць. Я магла выходзіць з вагона дзе заўгодна і спаць у любым гатэлі, тады як Леніну і яго спадарожнікам даводзілася спаць, седзячы ў цесных купэ свайго вагона. Спадарожнікі Леніна не маглі нават заходзіць у заднюю частку вагона. Для іх гэта было жудаснае і трывожнае падарожжа, маё ж было ў вышэйшай ступені камфартабельным, хоць да яго канца я ладна стамілася».

Леніну спатрэбілася восем дзён, каб дабрацца да Петраграда. Ён пакінуў Цюрых у каталіцкі велікодны панядзелак і прыбыў у Расію таксама ў велікодны панядзелак, але ўжо праваслаўны.

Перад паездкай Ленін і яго спадарожнікі выставілі немцам спіс патрабаванняў, зрабіўшы іх умовай удзелу ў аперацыі па перакідцы рэвалюцыянераў у Расію.

Першым было наданне вагону экстэрытарыяльнага статусу.

Другой умовай была аплата квіткоў з уласных сродкаў пасажыраў. Гэта было сімвалічным жэстам: яны хацелі паказаць, што не прымаюць нямецкіх грошай.

Але, вядома, арганізацыя паездкі каштавала немцам велізарных сродкаў і немалых намаганняў і часу. Цягнік павінен быў пераехаць лінію фронту, у ім было ваеннае абсталяванне і зброя. Таму было б ілюзіяй меркаваць, што паездка для Леніна і яго спадарожнікаў была бясплатнай.

Трэцім патрабаваннем была адмова паказваць якія-небудзь дакументы пры перасячэнні германскай мяжы. Рэвалюцыянеры не жадалі раскрываць свае сапраўдныя імёны, амаль усе яны, у тым ліку і Ленін, карысталіся псеўданімамі.

Яны таксама абумовілі права ўзяць з сабой уласны запас ежы, і былі шакаваныя, калі пры перасячэнні швейцарска-германскай мяжы швейцарскія мытнікі канфіскавалі ўсю іх ежу - было забаронена вывозіць ежу ў ваюючыя краіны.

Падарожжа не было асабліва камфартабельным і ў іншых аспектах. Пасажыры скардзіліся на нязручнасці і адсутнасць грошай, скардзіліся, у прыватнасці, і сваім сябрам-сацыялістам у Швецыі, атрымліваючы ад іх субсідыі. Ленін і яго спадарожнікі ехалі другім і трэцім класам, ніхто не ехаў першым. Чыгуначныя білеты былі не вельмі дарагія. Расійскія рэвалюцыянеры пастаянна раз'язджалі па Еўропе, і грошы знаходзіліся.

З пяці купэ вагона два былі другога, а тры трэцяга класа.

У Леніна і Крупскай было асобнае купэ. другога класа - першае ў пачатку вагона - камфартабельнае і даволі ціхае.

Але яны сутыкнуліся ў цягніку з непрыемнай праблемай: у вагоне быў толькі адзін туалет, якім маглі карыстацца рускія рэвалюцыянеры на працягу трох з паловай сутак праезду па Германіі. Другі туалет знаходзіўся на «германскай тэрыторыі» вагона і быў недаступны.

32 або 34 чалавекі маглі карыстацца толькі адным туалетам і стваралі доўгія чэргі і неверагодны гвалт каля ленінскага купэ. Гэта суправаджалася яшчэ адной праблемай: Ленін забараніў курэнне ў вагоне. Адзіным месцам, дзе можна было курыць, быў той жа туалет. Гэта рабіла чаргу яшчэ даўжэйшай.

Ленін вырашыў гэтую праблему ў сапраўды бальшавіцкім стылі: ён выпусціў для наведвання туалета квіткі двух класаў. Квіткі першага класа даваліся тым, хто спраўляў натуральную патрэбу, — у іх была перавага перад курцамі, якім даставаліся квіткі другога класа.

Апроч побытавых абставін выклікае цікавасць стратэгічнае пытанне: ці меў Ленін прамыя кантакты з германскай разведкай або германскім Генштабам, у чым яго вінаваціў Часовы ўрад і антыбальшавіцкія колы.

«Ленін павінен быў весці перамовы з германскім прадстаўніцтвам у Берне, — лічыць даследчыца. — Без гэтага ён не змог бы атрымаць нямецкія транзітныя дакументы і вярнуцца на радзіму. Аднак

Ленін катэгарычна адмаўляў, што ў яго былі кантакты з германскай разведкай, з германскай ваеннай разведкай або з якімі б там ні было афіцыйнымі прадстаўнікамі германскага ўрада.

Ён заяўляў пра гэта ў сваіх публічных выступах і ў Швецыі, і ў Петраградзе.

Аднак не магло не выклікаць падазрэнняў, што бальшавіцкая прапаганда ў Расіі, партыйныя выданні — «Праўда», «Салдацкая праўда» і іншыя, а таксама партыйныя палітычныя кампаніі вельмі добра фінансаваліся.

Натуральна было падазраваць, што грошы на гэта паступалі з-за мяжы. З упэўненасцю можна сказаць, што Нямеччына субсідавала велізарную колькасць рознага роду падрыўных арганізацый у еўрапейскіх краінах. Немцы фінансавалі ірландскіх нацыяналістаў, украінскіх нацыяналістаў, грузінскіх нацыяналістаў, падрыўныя групоўкі на Блізкім Усходзе. Так што здагадка, што яны маглі фінансаваць Леніна і яго партыю, была абсалютна лагічнай, натуральнай і праўдападобнай. І адзіным дзіўным момантам было лютае адмаўленне гэтага Леніным».

Затое, кажа Кэйт Мэрыдэйл, германскім агентам быў Парвус: «Яго называлі «купцом рэвалюцыі».

Ён прымаў германскія грошы, паколькі горача хацеў звяржэння самадзяржаўя. Парвус быў перакананым сацыялістам і пры гэтым мільянерам, запіваў радыкальныя перакананні шампанскім. Ён наўпрост неаднаразова атрымліваў ад германскага МЗС велізарныя сумы, мільёны марак на падрыўную рэвалюцыйную працу».

Даказаны факт, што Парвус атрымаў ад немцаў пяць мiльёнаў марак на субсідаванне пацыфісцкай і паражэнчай рэвалюцыйнай прапаганды ў Расіі.

Немагчыма сказаць, каму пайшлі гэтыя грошы, ён не браў распісак. Не існуе пісьмовых сведчанняў, якія пацвярджаюць перадачу Парвуса грошай Леніну. Усё гэта — здагадкі і здагадкі. Пяць мільёнаў марак, якія ён атрымаў у 1916 году на рускую рэвалюцыю, напэўна сышлі на фінансаванне падпольных экстрэмісцкіх груповак, падрыўныя выданні і акцыі.

Парвус спрабаваў арганізаваць у Расіі ўсеагульную стачку ў пачатку 1916 года. Спроба правалілася. Пасля гэтага ён пераканаў германскі МЗС, што для яго мэтаў лепш за ўсё паставіць на Уладзіміра Ульянава.

Дык ці быў кастрычніцкі пераварот 1917 года замежнай змовай пятай калоны — раз Ленін і яго партыя, па сутнасці справы, працавалі на ворага Расіі?

«Існуе велізарная колькасць сведчанняў, што бальшавікі карысталіся масавай падтрымкай у кастрычніку 1917 года, — кажа даследчыца. — Народ стаміўся ад вайны. Немагчыма здзейсніць рэвалюцыю ў краіне толькі з дапамогай замежных агентаў.

Ленінская партыя была адзінай палітычнай сілай у Расеі, паслядоўна выступала ў той час супраць вайны. Сяляне патрабавалі зямельнай рэформы, Часовы ўрад губляў аўтарытэт, армія раскладалася і дэзерціравала. Народныя надзеі і спадзяванні, магчыма выпадкова, супалі з бальшавіцкай прапагандай. Іншая справа, што абяцанні бальшавікоў апынуліся падманам, і ўжо да 1921 году ў народа ілюзіі рассеяліся».

У сваёй кнізе Мэрыдэйл піша, што брытанская выведка ведала аб нямецкай аперацыі па перакідцы Леніна ў Петраград.

Брытанія была саюзнікам Расіі, таму ў яе быў свой назіральнік на фінска-расійскай мяжы ў Торніа, дзе быў прапускны пункт. Гэтага брытанскага афіцэра звалі Харольд Грунер, а ў брытанскай выведцы ў яго было кодавае імя «Шпіён».

Грунер тэлеграфаваў Аляксандру Керанскаму, у той час міністру юстыцыі Часовага ўрада, просячы яго забараніць Леніну ўезд у Расію. Той адказаў, што дэмакратычная Расія ня можа адмовіць сваім грамадзянам ва ўездзе ў краіну.

Брытанскі назіральнік зрабіў усё, што мог, аднак у яго не было ўсёй паўнаты ўлады на прапускным пункце.

Грунер паспрабаваў максімальна зацягнуць допыт і вобшук Леніна ў надзеі, што расейскі ўрад распачне нейкія дзеянні. Раздзеў яго дагала і дапытваў некалькі гадзін, корпаўся ў яго рэчах, кнігах, паперах.

Ленін не стамляўся паўтараць, што ён усяго толькі расійскі журналіст, які вяртаецца на радзіму. У рэшце рэшт Леніна прыйшлося адпусціць.

Адзін з яго сяброў заўважыў, што калі б на месцы Грунера быў японец, ён бы здзейсніў пасля гэтага харакіры.

Харальд Грунер да канца жыцця не стамляўся вінаваціць сябе ў тым, што дазволіў Леніну трапіць у Расію,

лічачы, што гэта ён паспрыяў узнікненню Савецкай Расіі і Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Ленін апынуўся ў Расіі ў патрэбны час і ў патрэбным месцы для рэвалюцыйнага перавароту, і яго прысутнасць была ў найвышэйшай ступені эфектыўнай. Многія гісторыкі падзяляюць меркаванне, што без «апламбаванага вагона» не было б ні Кастрычніцкай рэвалюцыі, ні СССР.

* * *

Чытайце таксама:

Малавядомая гісторыя: грошы для Леніна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Pich / Адказаць
10.04.2017 / 12:12
Шыкоўны артыкул.
4
ss / Адказаць
10.04.2017 / 14:51
вернулся и замутил революцию ВООБЩЕ без помощи интернетану не гений?
3
аёй-аёй / Адказаць
10.04.2017 / 15:25
Калі ужо гэты труп д'ябла дачакаецца зямлі?
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру