11 красавіка ў 18.30 у краме «Акадэмкніга» адбудзецца аўтограф-сесія пісьменніцы Людмілы Рублеўскай.
Нядаўна ў выдавецтве «Янушкевіч» у вядомай пісьменніцы выйшаў новы гісторыка-прыгодніцкі раман «Дагератып».
Сюжэт кнігі закручаны і адбываецца ў двух храналагічных перыядах: канцы ХІХ стагоддзя, калі ва ўвесь рост падымаўся беларускі патрыятызм, і ў нашы ўсім знаёмыя часы. Усё пачынаецца з таго, што малады вучоны Гальяш разам з дзяўчынай з дзіўнай мянушкай Сімка, разбіраючы дзедавы рэчы, выпадкова знаходзяць стары дзённік… Далей адбываюцца неверагодныя падзеі.
Кніга пабачыла свет дзякуючы падтрымцы прыхільнікаў торчасці Людмілы Рублеўскай. З іх дапамогай удалося сабраць патрэбную суму на краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.
Кніга была прадстаўлена на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў лютым 2017 года і атрымала высокую адзнаку чытачоў. Яна за некалькі дзён стала сапраўдным бестселерам сярод кніжных навінак 2017 года.
Спецыяльным госцем на сустрэчы будзе паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп.