Аляксандар Класкоўскі: няма падставаў верыць у сур’ёзнасьць эканамічнага шантажу Расеі.

Зьдзіўляе, зь якой лёгкасьцю энтузіясты пачынаюць хаваць рэжым кожны раз, калі Масква хмурыць бровы. Вось і цяпер пачалося. Маўляў, Лукашэнка для Крамля – ужо «адпрацаваны матэрыял». І як толькі там намацаюць «беларускага Януковіча», дык пачнуць прасоўваць яго, не чакаючы новых выбараў.

Між тым публікацыя ў «Коммерсанте» пра нібыта загад Пуціна скасаваць усе датацыі Беларусі надта нагадвае трывіяльны «зьліў», захад псыхалягічнае вайны.

Увогуле размовы пра тое, што Крэмль вырашыў нарэшце разабрацца зь менскім начальствам, сынусоідна актывізуюцца аж ад 2002 году, калі прагучала знакамітая фраза пра неабходнасьць адлучыць катлеты ад мух. Але ж і па сёньня ў двухбаковых стасунках – тая самая антысанітарыя.

Так, пэрыядычна расейцы палохаюць менскіх партнэраў, каб «не слишком борзели«. Змушаюць так-сяк разьлічвацца. Але ня болей.

Аншлюс малаімаверны – пры ўсім імпэрскім ачмурэньні пэўных колаў Расеі, падагрэтых ілюзіяй энэргетычнага дыктату. Хаўрусьнік, якому «няма куды падзецца з падводнае лодкі», болей каштоўны ды меней клопатны, чым як яшчэ адна праблемная (а неўзабаве – мяцежная) правінцыя. Менскі палітоляг Сяргей Панькоўскі кажа, што Беларусь-сатэлітка – «апошняя прыкмета імпэрскай ідэнтычнасьці Расеі».

Тутэйшае ж начальства і без пакручастых фармулёвак адчувае сытуацыю нутром. Таму выглядае спакойным, як сыты пітон. Днямі Лукашэнка зноў агучыў перад дэлегацыяй Паўночна-Заходняй акругі Расеі звыклы набор тэзаў. Маўляў, калі вы за інтэграцыю, то давайце роўныя ўмовы гаспадараньня (то бок газ – па смаленскіх тарыфах). Што да адзінага рубля, то дом не будуюць з даху (чытай: калі рак на гарэ сьвісьне). А сувэрэнітэт – гэта сьвятое.

І хто паспрачаецца?

Для Крамля сёньня пытаньне капіталізацыі «Газпрома» шмат актуальнейшае, чым як аншлюс. Таму за трубу паваююць, але на разгойдваньне ўнутрыпалітычнае сытуацыі ў Беларусі напэўна ж не пойдуць. Аб’ектыўна Маскве недарэчы як інкарпарацыя Беларусі, так і любая рэвалюцыя тут. Ня мела баба клопату!

Энэргетычнага шоку ня будзе, даводзіць наша эканамістка Алена Ракава. Яго здымуць цэнавы кампраміс, сустрэчны беларускі рахунак (базы, транзыт і інш.). А рэшту выдаткаў традыцыйна размажуць на ўсіх, так што гэта будзе ня надта заўважна ў рэчышчы звыклага паўзучага падаражэньня айчыннага кошыка тавараў ды паслугаў.

Адпаведна выглядаюць надзвычай хісткімі разьлікі апазыцыі сабраць ў свой кошык ураджай гронак народнага гневу.

Гаворка не пра тое, што справа дэмакратыі ў нас гіблая. Гаворка пра тое, што апазыцыйным стратэгам варта распрацоўваць веер варыянтаў. Каб потым ня чухаць патыліцу: ну вось, дзьве аўтакратыі зноў паразумеліся і сапсавалі нам плян элегантнае рэвалюцыйнай перамогі! І хто б мог падумаць, што крумкач крумкачу вока ня выдзеўбе?

Аляксандар Класкоўскі, для «Нашай Нівы»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0