Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што яму «сумна» чуць абвінавачванні ў адрас Расіі і Сірыі ў сувязі з хімічнай атакай у сірыйскім Ідлібе, паведамляе ВВС.

Reuters

Reuters

«Я ўзгадваю ў гэтай сувязі нашых выдатных пісьменнікаў Ільфа і Пятрова. Хочацца сказаць: «Сумна, дзяўчаты — гэта мы ўжо ўсё бачылі, назіралі», — сказаў Пуцін.

Па яго словах, сітуацыя з хімічнай атакай у Сірыі нагадвае падзеі 2003 года, калі ЗША пачалі ваенную кампанію ў Іраку.

«Гэта мне моцна нагадвае падзеі 2003 года, калі прадстаўнікі Злучаных Штатаў у Радзе Бяспекі паказвалі нібыта хімічную зброю, знойдзеную ў Іраку. Пасля гэтага пачалася кампанія ў Іраку, ваенная, а скончылася яна разбурэннем краіны, ростам тэрарыстычнай пагрозы і з'яўленнем ІД на міжнароднай сцэне», — сказаў расійскі прэзідэнт па выніках перамоваў з прэзідэнтам Італіі Серджо Матарэлам.

Паводле яго слоў, у Расіі таксама ёсць даныя пра падрыхтоўку правакацый супраць цяперашніх уладаў Сірыі.

«У нас ёсць інфармацыя ад розных крыніц, што падобныя правакацыі — а я па-іншаму іх назваць не магу, — рыхтуюцца і ў іншых рэгіёнах Сірыі, у тым ліку паўднёвых прыгарадах Дамаска, дзе збіраюцца падкінуць нейкае рэчыва і абвінаваціць сірыйскія афіцыйныя ўлады», — дадаў ён.

Паводле яго слоў, Расія плануе звярнуцца ў міжнародныя структуры з мэтай дамагчыся расследавання таго, ці была выкарыстаная хімічная зброя, і калі была, то якім бокам.

«Мы збіраемся афіцыйна звярнуцца ў адпаведную аанаўскую структуру ў Гаазе і заклікаць міжнародную супольнасць старанна расследаваць гэтыя праявы», — сказаў Пуцін.

Раней дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан заявіў, што Расія не змагла прадухіліць хімічную атаку ў Сірыі, якая забрала жыцці 89 чалавек на мінулым тыдні. У аўторак Тылерсан прыбывае ў Маскву для сустрэч з расійскім кіраўніцтвам. Аднак, як паведаміў прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў, у графіку Пуціна сустрэчы з Тылерсанам няма.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?