Беларускія службовыя асобы вырашылі не ўпускаць у краіну членаў Еўрапарламента, якія цікавяцца будаўніцтвам на БелАЭС у Астраўцы, паведаміў еўрапарламентарый Пятрас Аўштравічус.
Палітык адзначыў, што акрамя яго хацелі наведаць Беларусь Альгірдас Саўдаргас, Броніс Ропе і нямецкі еўрапарламентарый Рэбека Хармі.
«Мы хацелі пабываць у Мінску, сустрэцца з прадстаўнікамі выканаўчых уладаў, задаць ім пытанні аб будаўніцтве Беларускай АЭС, а пазней, пасля сустрэчы з прадстаўнікамі некалькіх няўрадавых арганізацый, пабываць на пляцоўцы будаўніцтва АЭС у Астраўцы», — сказаў у аўторак агенцтву BNS Аўштравічус.
«Адказ з амбасады Рэспублікі Беларусь у Бельгіі казаў аб тым, што яны не бачаць магчымасці з-за недахопу часу арганізаваць падобныя сустрэчы», — дадаў ён.
Аўштравічус адзначыў, што еўрапарламентарыі планавалі пабываць у Беларусі 20 красавіка, а да дыпламатаў гэтай краіны па пытанні візіту звярнуліся яшчэ на мінулым тыдні. Адмоўны адказ беларусаў члены ЕП атрымалі ў панядзелак. Паводле яго слоў, рашэнне беларусаў не ўпускаць палітыкаў — палітызаванае.
«Я лічу, што гэта рэакцыя беларускіх уладаў на прынятую на мінулым тыдні ў Еўрапарламенце рэзалюцыю, якая асуджае дзеянні беларускіх службовых асоб супраць актывістаў апазіцыі падчас пратэстаў. Іншая справа, што беларуская ўлада не асабліва імкнецца адказваць на пытанні, якія б мы не задавалі», — сказаў Аўштравічус.
Літоўскі ўрад сцвярджае, што БелАЭС будуецца без выканання патрабаванняў бяспекі. Мінск такія абвінавачванні адпрэчвае.