12 красавіка 1961 года чалавек упершыню паляцеў у космас. Гэта быў Юрый Гагарын. І за лічаныя дні ён стаў самым папулярным чалавекам у свеце. 

Славутая гагарынская ўсмешка ў вачах мільёнаў замежнікаў змякчала і асвятляла змрочны абрыс Савецкага Саюза, які яшчэ не быў названы «імперыяй зла», але безумоўна ёй з'яўляўся.

На мове тэктанічнай барацьбы сістэм палёт Гагарына значыў наступнае: «Амерыка, ведай: мы маем міжкантынентальную ракету, здольную несці ядзерны зарад». Прыкладна так цяпер размаўляе са светам Паўночная Карэя.

Гагарынская ўсмешка натхняла і мільёны савецкіх людзей. Нягледзячы на галодныя бунты, падаткі, чэргі за ўсім на свеце, краіна вось запускае чалавека ў космас. Многім гэта давала духоўную апору: ты недарэмна жывеш тое жыццё, у якое цябе загналі.

І сёння той гагарынскі палёт застаецца адным са слупоў наступальнай настальгіі па СССР, складовай часткі новай імперскай прапаганды.

Пра тое, як жыў савецкі народ у год, калі выправіў чалавека ў космас, сведчыць адзін цікавы дакумент — «Распараджэнне Рады Міністраў СССР пра падарункі Ю. А. Гагарыну. № 1037рс 18 красавіка 1961 г. Сакрэтна».

Першы савецкі касманаўт атрымаў за палёт вялізныя прэміяльныя — 15 тысяч рублёў

(сярэдні заробак быў 81 рубель 30 капеек у месяц). Апроч іх, Мінабароны дало Гагарыну чатырохпакаёвую кватэру па месцы службы.

Але самы цікавы прыз — камплект побытавых рэчаў, выдзелены касманаўту і яго родным. Спіс кажа болей за тысячу словаў: 

1. Прызнаць неабходным падарыць ад імя Урада СССР першаму лётчыку-касманаўту СССР маёру Гагарыну Ю. А. і членам яго сям'і аўтамашыну «Волга», жылы дом, мэблю і экіпіроўку згодна з дадаткам.

Аднесці звязаныя з гэтым выдаткі на кошт рэзервовага фонду Рады Міністраў СССР.

2. Абавязаць Міністэрства абароны СССР (т.Маліноўскага) вылучыць маёру Гагарыну Ю. А. чатырохпакаёвую кватэру па месцы службы.

старшыня

Рады Міністраў Саюза ССР Н. Хрушчоў

сакрэтна

дадатак

да распараджэння Рады Міністраў СССР ад 18 красавіка 1961 г. № 1037рс

1. Мэбліроўка спальні, сталовай, дзіцячай, кабінета, кухні
2. Аўтамашына «Волга»
3. Тэлевізар «Рубін»
4. Радыёла «Люкс»
5. Пральная машына
6. Халадзільнік
7. Пыласос
8. Дывановыя дарожкі
9. Піяніна
10. Пасцельная бялізна - 6 камплектаў
11. Коўдры - 2 штукі

Для бацькоў т. Гагарына Ю. А.

1. Зборны дом з трох пакояў
2. Тэлевізар
3. Радыёпрыёмнік
4. Мэбля на тры пакоі

Экіпіроўка для Юрыя Аляксеевіч Гагарына

1. Паліто дэмісезоннае
2. Паліто лёгкае летняе
3. Плашч
4. Касцюмы - 2 (светлы і цёмны)
5. Абутак - 2 пары (чорныя і светлыя)
6. Кашулі белыя - 6 штук
7. Капялюш - 2
8. Шкарпэткі - 6 пар
9. Бялізна сподняя шаўковая - 6 пар
10. Трусы, майкі - 6 пар
11. Насоўкі - 12 штук
12. Гальштукі - 6 шт.
13. Пальчаткі - 1 пара
14. Электрабрытва - 1
15. Два камплекты вайсковага абмундзіравання (параднае і паўсядзённае)
16. Чамаданы - 2

Экіпіроўка для жонкі

1. Паліто дэмісезоннае
2. Паліто летняе
3. Плашч
4. Сукенкі - 3
5. Чорны касцюм
6. Капелюшы - 2
7. Гарнітуры - 6
8. Панчохі - 6 пар
9. Туфлі - 3 пары
10. Сумкі жаночыя - 2
11. Пальчаткі - 2 пары
12. Хусткі - 2 (ваўняная і шаўковая)
13. Блузкі - 2 шт.
14. Кофта ваўняная - 1 шт.

Экіпіроўка для дзяцей

1. Ложак дзіцячы
2. Дзіцячая калыска
3. Сукенкі ваўняныя - 4
4. Паліто - 2 (зімовае і летняе)
5. Капялюшыкі - 2 (зімовы і летні)
6. Абутак - 4 пары
7. Бялізна - 6 пар
8. Лялькі, цацкі
9. Дзіцячае прыдадзенае

Экіпіроўка для маці

1. Паліто летняе
2. Паліто зімовае
3. Плашч - 1
4. Сукенкі - 2
5. Хустка пуховая
6. Туфлі - 2 пары
7. Бялізну - 6 пар
8. Панчохі - 6 пар
9. Кофта ваўняная - 1 шт.

Экіпіроўка для бацькі

1. Паліто летняе
2. Паліто зімовае
3. Плашч
4. Фуражка
5. Бялізна - 6 пар
6. Кашулі - 6 штук
7. Касцюм - 2 (цёмна-шэры і цёмны)
8. Чаравікі - 2 пары (светлыя і цёмныя)
9. Гальштукі - 4
10. Насоўкі - 6 шт.
11. Шкарпэткі - 6 пар

Двум братам і сястры т. Гагарына Ю. А. - па 1000 рублёў.

Кіраўнік справаў

Рады Міністраў СССР Г. Сцяпанаў

Кіраўнік звышдзяржавы сакрэтным распараджэннем прэміруе самага вядомага ў свеце чалавека шкарпэткамі, насоўкамі, туфлямі.

І такія самыя камплекты атрымліваюць яго родныя. Будзем спадзявацца, памеры падышлі і нічога не давялося перашываць.


Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?