Улады Казахстана прынялі рашэнне перавесці казахскі алфавіт з кірыліцы на лацінку. Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў абвясціў, што ўраду дадзена даручэнне скласці графік пераводу алфавіту.

Адзіны стандарт новага казахскага алфавіта і графікі на лацінцы, напісаў Назарбаеў у артыкуле, апублікаваным у газеце «Егемен Казахстан», плануецца распрацаваць да канца 2017 года.

«З 2018 года трэба рыхтаваць спецыялістаў для навучання новаму алфавіту і выпускаць падручнікі для сярэдняй школы. У найбліжэйшыя два гады трэба правесці арганізацыйную і метадычную работу», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Мяркуецца, паведаміў Назарбаеў, што спачатку разам з лацінкай будзе выкарыстоўвацца кірыліца.

Пераход на лацінку плануецца завяршыць да 2025 года.

На думку Назарбаева, пераход Казахстана на кірыліцу ў 1940-м годзе насіў палітычны характар.

Нурсултан Назарбаеў заявіў, што пераход на лацінку не мяняе геапалітычных пазіцый рэспублікі, перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы. «Сёй-той зусім беспадстаўна ўбачыў у гэтым нейкае «сведчанне» змены геапалітычных пераваг Казахстана. Нічога такога. Наконт гэтага скажу адназначна. Пераход на лацінку — гэта ўнутраная патрэба ў развіцці і мадэрнізацыі казахскай мовы», — сказаў прэзідэнт Назарбаеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0