Фота і скрыншот: старонка «Юлія Малышава» ў «Аднакласніках»

Фота і скрыншот: старонка «Юлія Малышава» ў «Аднакласніках»

Валанцёрку аршанскага сацыяльнага праекта «Хрюши против» Юлію Гранкову аштрафавалі за стрым у «Аднакласнікі». Суд палічыў сацсетку сродкам масавай інфармацыі, Юлію — журналісткай, а жывую трансляцыю, якую дзяўчына вяла з прытулку для бяздомных сабак, — незаконным вырабам і распаўсюдам прадукцыі СМІ. 

Гэтая гісторыя пачалася 21 сакавіка. Юлія і яшчэ шэсць валанцёраў наведалі аршанскую аўтабазу, на якой абсталяваны прытулак для бяздомных жывёлаў.

«Я пачала здымаць відэа і трансляваць у «Аднакласнікі», каб знайсці гаспадароў для жывёлаў, якія там былі. Бо ў мяне, напрыклад, няма магчымасці забраць сабаку з прытулку — я жыву ў аднапакаёўцы з двума дзецьмі. Мы адразу вырашылі, што забярэм сляпога і худога сабаку, але ў нас гэта не атрымалася, бо, пакуль я здымала, прыйшлі міліцыянты. Што праўда, пасля, калі мы далі абвестку, усіх сабак з прытулку забралі», — распавядае Еўрарадыё Юлія Гранкова.

У той вечар дзяўчыну разам з яшчэ трыма валанцёрамі забралі ў аддзяленне міліцыі. На наступную раніцу адбыўся суд. За незаконнае пранікненне на аб'ект, што знаходзіцца пад аховай, Юлію асудзілі на 25 базавых велічыняў штрафу, за супраціў міліцыянтам (валанцёрка адмовілася спыніць трансляцыю) — яшчэ на 3 базавыя велічыні. Яшчэ адно абвінавачанне датычылася самога факта відэатрансляцыі.

Відэа: старонка «Юлія Малышава» ў «Аднакласніках»

«Суд па гэтай справе мусіў адбыцца ў той жа дзень, але пазней, у тры гадзіны. Я не магла на ім прысутнічаць і папярэдзіла пра гэта, а мне адказалі, што мне патэлефануюць і скажуць, калі трэба прыйсці. Але ў выніку суд прайшоў без мяне — я даведалася пра гэта толькі ў пачатку мінулага тыдня, калі звярнулася па дакументы па першым працэсе», — працягвае Юлія Гранкова.

Дзяўчыну завочна судзілі па артыкуле 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса — незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Карыстаючыся гэтым артыкулам, улады пераследуюць рэпарцёраў і аператараў тэлеканалу «Белсат», які не мае акрэдытацыі ў Беларусі. Але Юлія кажа, што ніколі не працавала ў сродках масавай інфармацыі. 

Тым не менш, суд палічыў яе журналісткай, а «Аднакласнікі» — СМІ. Гэта першы прысуд у Беларусі за стрым у сацсеткі. Трансляцыя з прытулку для бяздомных сабак будзе каштаваць дзяўчыне 20 базавых велічыняў, то бок 460 рублёў. 

Агулам валанцёрка вінная дзяржаве 1058 рублёў. Зараз яна рыхтуе скаргі на пастановы суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?