фота Ірыны Арахоўскай

Чаму на захад ад Смаленска да гэтага часу не забыліся мясцовыя мовы? Чаму іх развіваюць? Як імі карыстаюцца пасля «рускай вясны»?

У Беларусі, якая фактычна страціла родную мову ў ходзе царскай і савецкай русіфікацыі, мода на мову продкаў набірае абароты. Паказальны поспех маладога пісьменніка Андруся Горвата, які піша на палескім дыялекце беларускай мовы. Першыя два наклады яго дэбютнага рамана «Радзіва Прудок» былі прададзеныя на працягу сутак. Цяпер рыхтуецца да выдання трэці. У сацыяльных сетках Горват карыстаецца выключна беларускай мовай, што толькі ўзмацняе яго папулярнасць. Яго зварот да Лукашэнкі з нагоды масавых затрыманняў 25 Сакавіка, напісаны на беларускай і апублікаваны ў сацыяльнай сетцы facebook, сабраў тры тысячы лайкаў: яшчэ нядаўна абсалютна неймаверная лічба для Беларусі.

У 2014-м вядомы мінскі музыка Сяргей Міхалок заснаваў групу Brutto, які выконвае песні ў тым ліку і на беларускай мове. Квіткі на канцэрты ў Гомелі і Мінску былі раскуплены за некалькі гадзін. Палітычна актыўная моладзь ахвотна падпявае на роднай мове. Беларуская часта гучыць у модных кавярнях, арыентаваных на студэнтаў і маладых спецыялістаў. Курсы роднай мовы для дарослых і дзяцей карыстаюцца стабільным попытам. Важная дэталь — ініцыятыва зыходзіць ад грамадства, не ад дзяржавы.

Ці ёсць тут эканамічны сэнс? Ці толькі псіхалагічны, звязаны з ідэнтычнасцю, нацыянальным гонарам і бытавой непрыязнасцю да ўсходняга суседа? Якую выгаду атрымлівае жыхар Мінска, пераходзячы на беларускую мову?

Трэба разумець, што на практыцы пераход да беларускай мовы мае працяг. Як правіла, беларуская ідзе ў камплекце з адной з еўрапейскіх моў. Вярнуўшыся да мовы продкаў, адукаваны мінчанін пераходзіць на non-fiction, выдадзены дзе-небудзь у Оксфардзе, і адмаўляецца ад рускай агучкі, аддаючы перавагу мове арыгіналу.

У асяродку IT-інжынераў — самым паспяховым — пераход заканчваецца тым, што беларуская бярэ на сябе абавязкі мовы сямейнай і сяброўскіх зносін і мовы палітычнага рэзанёрства. Англійская, у сваю чаргу, становіцца мовай кар'еры, кантрактаў і тэхнічнай дакументацыі.

Калі ўцягнутасць Беларусі ў глабальную эканоміку будзе расці, дзяленне на інтымную і дзелавую мовы стане занадта цяжкім. Улічваючы выразныя магчымасці англійскай, інтымныя зносіны лёгка могуць быць пераведзены на яе. У гэтым выпадку беларуская зноў сутыкнецца з пагрозай забыцця. Нешта падобнае ўжо адбываецца ў скандынаўскіх і балтыйскіх краінах, калі ўрад, абараняючы тытульныя ідэнтычнасці ад глабалізацыі, падтрымлівае мясцовыя медыя.

Відавочна, што адмова ад рускай мовы на карысць беларускай і, умоўна кажучы, англійскай толькі змяняе крыніцу пагрозы асіміляцыі. На месца Масквы становіцца Нью-Ёрк, на месца Дастаеўскага — Шэкспір.

На рашэнне аб вяртанні да беларускай мовы ўплываюць не столькі нацыянальныя пачуцці, колькі эканамічны разлік. Жыхары Мінска, падобна да эмігрантаў, абрываюць сувязі з бяднеючай краінай і яе састарэлай культурай. Яны больш не хочуць жыць у ценю Расіі. Яны выкарыстоўваюць родную мову як інструмент, які, выдаляючы расійскае, вызваляе месца для Еўропы.

Прычыны адмовы ад расійскай культуры ляжаць на паверхні. Сучасная — аўтарытарная і ваюючая — Расія, залежная ад экспарту сыравіны, дзе пагарджаюць працай, лаяльная да хрысціянскіх фундаменталістаў і правых радыкалаў, не прываблівае, а адштурхоўвае.

Знаёмячыся з расейскімі медыя, чалавек бачыць развіты культ аўтарытарнай улады, далучэння тэрыторый, воінскай службы, імперскае чынашанаванне, высокую цярпімасць да несправядлівасці. Практычна ўсе публіцысты, якія маюць допуск на федэральныя каналы, спасылаюцца ў сваіх выступах на антыкварныя тэорыі, якія страцілі актуальнасць сто і дзвесце гадоў таму.

Суперажыванне героям рускай літаратуры і рускага кіно непарыўна звязана з архаізацыяй пачуццяў. Старая расейская літаратура апісвала норавы памешчыкаў, найноўшая — сілавікоў-прадпрымальнікаў. Шмат характэрных патрыярхальных сюжэтаў. Цікава, што Расія не хавае сваіх сімпатыяў да нораваў Ancien Régime. Наадварот, робіць акцэнт, разлічваючы на сімпатыі тых, чые пачуцці засталіся ў далёкім мінулым.

Акрамя гэтага, расійская культура даўно страціла арыгінальнасць. Цяпер яна ўяўляе сабой пераказ заходніх узораў. Як правіла, няўдалы, з паніжэннем якасці. Гэта ў роўнай ступені тычыцца і мастацтва, і тэхналогій. У гэтай сувязі адмова ад расейскага кантэнту з'яўляецца адмовай ад няўдалай падробкі.

Традыцыя расійскага заходніцтва, нягледзячы на векавую гісторыю, сёння, у 2017-м, выцясняецца за межы краіны. На фоне адкрытай глабальнай эканомікі Расія выглядае свядома адсталай. Нават калі заўтра Расія вернецца ва ўмоўны 2013-ы год, памяць пра яе словы і ўчынкі ў 2014-м застанецца надоўга. Што толькі абвастрае непрыязнасць да яе.

У дадзенай сітуацыі перайсці з рускай на беларускую — значыць пераадолець прыцягненне слабеючай сыравіннай эканомікі, застылай са сваімі забабонамі на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Беларусы пераадольваюць Расію дзеля эканамічнага росту, заснаванага на тэхналогіях, інавацыях і буржуазнай справядлівасці. Яны не бачаць сябе ў саслоўным грамадстве, занятым дзяльбой сыравінных даходаў.

Беларуская культура — у цяперашнім яе стане — ідэальна падыходзіць для гэтай ролі. Пантэон герояў беларускай нацыі — Канстанцін Каліноўскі, Якуб Колас, Янка Купала — складаецца з пакутнікаў, якія наўпрост ці ўскосна пацярпелі за заклікі да незалежнасці ад Масквы. Пафас барацьбы з «азіяцкай дэспатыяй» за «ідэалы свабоднай Еўропы» перапаўняе іх тэксты. У выніку мінчук успамінае беларускую і разам з тым шчасна забывае пра «рускія ідэі» і сюжэты, з ёю звязаныя.

Для грамадзян Беларусі магчымасць змяніць рускую мову на сваю ўласную — унікальны шанец пачаць з чыстага ліста. Беларуская мова, узятая на ўзбраенне як інструмент супраць састарэлых сацыяльных практык, цалкам можа аказацца фактарам, які паскорыць мадэрнізацыю.

Так, дарэчы, лічылі і марксісты, калі ў 1921-м прымалі рашэнне аб пераходзе да палітыкі беларусізацыі. У манаграфіі Алены Маркавай, даследчыцы з Карлавага ўніверсітэта ў Празе, «Sovětská bělorusizace jako cesta k národu: iluze nebo realita?», якая ўбачыла свет у 2012-м годзе, падрабязна апісаны матывы бальшавікоў у дачыненні да беларускай мовы. Пераход на мясцовую мову павінен быў паскорыць развіццё беларускага грамадства. Як піша Маркава, спасылаючыся на справаздачы шматлікіх камісій, стаўка аказалася ўдалай. Легалізаваўшы беларускую мову, бальшавікам удалося ажывіць беларускую вёску, рэзка павысіць пісьменнасць, паскорыць урбанізацыю. Адмова ад падтрымкі беларускай мовы была звязана са страхам буржуазнай контррэвалюцыі. Адукаванага, нацыянальна арыентаванага беларуса аказалася цяжэй пераканаць у выгодах сацыялістычнага ладу, чым русіфікаванага.

У XVII стагоддзі былыя падданыя аўстрыйскіх, французскіх і расійскіх імператараў перасякалі Атлантычны акіян у пошуках лепшага жыцця. Дзеля яго ім даводзілася вучыць чужую мову. Іронія ў тым, што шлях беларусаў да свабоды і доўгачаканага дабрабыту можа пачацца з вывучэння ўласнай мовы, забытай пад прымусам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?